20 красавiка 2024, Субота, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пасля такога яе наўрад ці хтосьці возьме на працу»

19
«Пасля такога яе наўрад ці хтосьці возьме на працу»

Калегі - пра случчанку, якая хадзіла на службу і нічога не рабіла.

Вельмі канфліктны чалавек, увесь час парушала працоўную дысцыпліну, «выжыла» дырэктара. Так пра загадчыцу пункта пракату канькоў Ларысу Грыгаровіч кажуць яе калегі - калектыў гарадскога стадыёна ў Слуцку, з якім сустрэліся карэспандэнты МЛЫН.BY.

Фото: tut.by

«Яна ўвесь час сыходзіла па сваіх справах у працоўны час»

Нагадаем, Ларыса Грыгаровіч - тая самая жыхарка Слуцка, якая паўгода прасіла даць ёй дадатковую працу на стадыёне, каб не сядзець проста так за пустым сталом у кабінеце. Не атрымаўшы яе, жанчына распавяла аб сваёй сітуацыі журналістам розных выданняў і інтэрнэт-парталаў. Пазней яна паведаміла СМІ: 18 снежня заканчваецца кантракт, і падаўжаць яго не плануюць.

- Мы вельмі доўга слухалі яе аповеды журналістам і маўчалі. Пара і нам даць выказацца, - такімі словамі карэспандэнта МЛЫН. BY сустрэлі калегі Ларысы Грыгаровіч, якія працуюць на Слуцкім стадыёне.

Фото: tut.by

- Падчас працаўладкавання з Ларысай Міхайлаўнай абмяркоўвалася магчымасць весці касу і прадаваць квіткі на футбольныя матчы. Але калі адкрыўся продаж квіткоў, Ларыса Грыгаровіч знаходзілася на бальнічным. Таму дырэктар даручыў гэтую працу іншаму супрацоўніку. Вярнуўшыся з бальнічнага, Ларыса Міхайлаўна падняла шуміху. «Выжыла» нашага дырэктара Генадзя Паніча. Увесь час скардзілася на яго ў райвыканкам, і ў выніку яму не падоўжылі кантракт — запэўнівае выконваючая абавязкі дырэктара гарадскога стадыёна Ірына Васілеўская. - Ларыса Грыгаровіч не ўтойвала: яна прэтэндуе на стаўку адміністратара, але пры гэтым не хоча рабіць тое, чым у нас займаюцца такія супрацоўнікі. Яны не сядзяць у кабінетах, а выконваюць самую розную працу. Напрыклад, вясной мы ўсе дружна ідзем мыць трыбуны, рыхтуем стадыён да новага сезона. Ларысе Грыгаровіч прапанавалі 0,5 стаўкі рамонтніка - мыць сядзенні на стадыёне перад матчамі. За гэта ёй была б добрая прыбаўка да заробку. Але Ларыса Міхайлаўна палічыла гэта занадта цяжкай працай для сябе.

Са слоў Ірыны Уладзіміраўны, якая на гарадскім стадыёне прапрацавала 20 гадоў, іх калектыў вельмі дружны, бо многія, як і яна, працуюць тут дзесяцігоддзі.

Фото: tut.by

- Ведаем, што такое ўзаемадапамога: трэба прапыласосіць трэнажорную залу або памыць трыбуны - кожны супрацоўнік гатовы гэта зрабіць. Ларыса Міхайлаўна ж ніколі не згаджалася. Вельмі канфліктны чалавек, цяжка сыходзіцца з людзьмі. Акрамя таго, яна ўвесь час сыходзіла па сваіх справах у працоўны час. Апошнім часам мы сталі ўсе яе прыходы і сыходы фіксаваць на відэакамеру, — кажа в.а. дырэктара стадыёна. - Мы палічылі, што за гэты год Ларыса Міхайлаўна шэсць разоў была на бальнічным і 11 дзён брала за свой кошт. Пры норме 305 дзён у яе ўсяго 193 працоўныя дні. Наш горад маленькі, і кожны ведае адзін пра аднаго многае. Дык кажуць, што Ларыса Міхайлаўна падчас аднаго з бальнічных нават прымудрылася з'ездзіць на закупы ў Польшчу. Пасля такога скандалу яе наўрад ці нехта ў нашым горадзе возьме на працу.

Ларыса Грыгаровіч: «Сумленныя і працавітыя работнікі сёння нікому не патрэбныя»

Ларыса Грыгаровіч, насуперак думцы калег, уважае сябе за добрасумленнага работніка. На мінулым месцы працы — у сацыяльнай службе - яна прапрацавала 25 гадоў. Сысці давялося праз стан здароўя. Калі ў снежні мінулага года яе прымалі на працу на стадыён, то папярэджвалі: у асноўным працаваць давядзецца толькі зімой, калі адкрыты пракат канькоў. У іншыя сезоны можна будзе падпрацоўваць у касе - прадаваць квіткі на футбольныя матчы. Аднак у выніку дадатковай працы для Ларысы Грыгаровіч не знайшлося: паўгода яна прыходзіла на стадыён і сем гадзін (а па суботах — пяць) проста сядзела за пустым сталом. Зарабляла ўсяго 270 рублёў.

Фото: tut.by

- Гэта можа здацца дзіўным, але сядзець на працы і нічога не рабіць - вельмі складана, у першую чаргу псіхалагічна. Я звярталася ва ўправу адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, у чыім вядзенні знаходзіцца стадыён, ва ўправу працы, занятасці і сацыяльнай абароны, да старшыні Савета дэпутатаў і нават некалькі разоў была на прыёме ў мэра. Але пытанне не развязалася. У верасні маё цярпенне лопнула, і я звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта і распавяла аб сваёй сітуацыі журналістам, — кажа Ларыса. - Ужо ў кастрычніку мне прапанавалі 0,5 стаўкі прыбіральшчыцы і дазволілі весці касу, прадаваць квіткі на два апошнія футбольныя матчы гэтага сезону. У выніку мой заробак вырас да 400 рублёў.

Фото: tut.by

У канцы лістапада матчы скончыліся. А са снежня Ларыса Грыгаровіч адмовілася ад пасады прыбіральшчыцы.

- Мне сказалі, што трэба прыбіраць плошчы звыш нормы. У адказ я папрасіла даплату. Таму што бясплатна працаваць не буду. Мне трэба сям'ю карміць. Дапамагаць малодшай дачцэ, якая вучыцца ў Менску, — адзначае суразмоўца. - Да маёй працы ніколі прэтэнзій не было. Наведвальнікі нават пакідалі падзякі і ў пункце пракату, і ў касе стадыёна. За два месяцы да заканчэння кантракту я напісала заяву, што хачу прадоўжыць тут працаваць. А мне адмовілі, не патлумачыўшы прычыну. 18 снежня ў мяне заканчваецца кантракт. І як мне і маёй сям'і жыць далей, бо ў Слуцку не так лёгка знайсці працу? Таму я зноў звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб там разабраліся, чаму пенсіянеры прадаўжаюць працаваць на стадыёне, а мяне звальняюць.

Са слоў Ларысы Грыгаровіч, у калектыве стадыёна 17 чалавек, 5-6 з якіх - пенсіянеры.

— Напрыклад, ёсць у нас гардэробшчыца, якой больш за 60 гадоў. Яна, як і я, працуе ўсяго некалькі месяцаў на год. Астатні час проста сядзіць і нічога не робіць — абураецца жанчына. — Я разумею, у чалавека пенсія, ёй так зручна працаваць. Але, прабачце, я магла б узяць яе палову стаўкі, каб больш зарабляць. А так атрымліваецца, што сёння сумленныя і добрасумленныя работнікі нікому не патрэбныя.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках