29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Welt: Чым менавіта Пуцін займаўся ў Штазі

8
Die Welt: Чым менавіта Пуцін займаўся ў Штазі

Усё, што ўдалося даведацца пра "службу" цяперашняга кіраўніка РФ у ГДР.

Што расейскі прэзідэнт рабіў да 1990 года ў Дрэздэне ў якасці афіцэра КДБ, дагэтуль дакладна не высветлена. Але нядаўна быў знойдзены ключ да разгадкі гэтай таямніцы: службовае пасведчанне Пуціна для доступу ў апарат Штазі (служба бяспекі ГДР-заўв. перакл.). Вось што ўдалося даведацца пра ягоную службу ў ГДР, піша Die Welt (пераклад – inosmi.ru).

Калі гаворка заходзіла пра "сяброў", то супрацоўнікі Штазі станавіліся па стойцы "смірна" - аж да генералітэту службы бяспекі ГДР. Таму што "сябрамі" там паважліва называлі савецкіх таварышаў з КДБ (і са службы вайсковай выведкі ГРУ). Гэта значыць, тых, што ў 1947 годзе стварылі папярэднік Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, а затым цягам чатырох дзесяцігоддзяў на сваё меркаванне накіроўвалі дзейнасць таямніцай паліцыі дыктатуры СЕПГ.

Нядаўна службовае пасведчанне Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна знайшлі сярод дакументаў Дрэздэнскага аддзялення дакументаў архіва Штазі. Дакумент быў выпісаны 31 снежня 1985 года і некалькі разоў падаўжаўся да канца 1989 года. З гэтым пасведчаннем Пуцін мог заходзіць у падраздзяленні Штазі, і яго не мелі права спыняць ці кантраляваць. Пра гэта распавёў Конрад Фельбер (Konrad Felber), кіраўнік Дрэздэнскага аддзялення архіва дакументаў Штазі.

Зрэшты, Пуцін мог абедаць у сталовай Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Але пасведчанне не азначае аўтаматычна, што "Пуцін працаваў на Штазі", удакладніў Фельбер, які ў 1989-1990 гадах як праваабаронца актыўна ўдзельнічаў у роспуску службы дзяржбяспекі ГДР і вось ужо 20 гадоў кіруе архівам дакументаў Штазі ў Дрэздэне.

Існаваў фармальны загад, згодна з якім некаторых афіцэраў КДБ у ГДР забяспечвалі пасведчаннямі Міністэрства дзяржбяспекі. У параграфе V Пратакола ад 29 сакавіка 1978 года, падпісанага кіраўніком Штазі Эрыхам Мільке (Erich Mielke) і шэфам КДБ Юрыем Андропавым, гаварылася: "Афіцэры, якія ажыццяўляюць сувязь паміж прадстаўніцтвам КДБ і МДБ ГДР....для выканання сваіх задач...забяспечваюцца службовымі дакументамі МДБ ГДР, якія дазваляюць ім уваходзіць у службовыя памяшканні МДБ ГДР"

Дзейны прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, які працаваў з 1975 года ў КДБ, прыехаў у 1985 годзе ў ГДР для працы ў якасці афіцэра сувязі паміж КДБ і Штазі. На першы погляд гэта была толькі дапаможная функцыя. Але, мяркуючы з усяго, капітан, а затым маёр і падпалкоўнік КДБ выклікаў у сваіх партнёраў у спецслужбе ГДР нейкую асаблівую павагу.

Дагэтуль не высветлена, чым менавіта Пуцін займаўся ў Дрэздэне. Некалькі фрагментарна захаваных дакументаў і дзве службовыя запіскі паказваюць на тое, што Пуцін адыгрываў больш важную ролю, чым гэта меркавалася ягонай пасадай і фармальнымі службовымі абавязкамі. Як бы там ні было, ён паводзіў сябе вельмі самаўпэўнена, у тым ліку і ў стасунках з афіцэрамі Штазі, якія значна перасягалі яго ў званні.

Пра гэта сведчыць, напрыклад, ліст Пуціна генерал-маёру Хорсту Бему (Horst Böhm), начальніку Дрэздэнскай Штазі, ад верасня 1989 года. У ім Пуцін прасіў Бема "надаць актыўную падтрымку" ў нейкай справе - у якой канкрэтна, не ўдакладнялася. Такі ліст другарадны агент напісаць не мог.

У прынцыпе ва ўсіх 15 так званых акругах ГДР існавалі аддзяленні сувязі паміж КДБ і мясцовай службай бяспекі. У гэтым не было нічога незвычайнага для строга іерархічна арганізаванай сістэме ўлады, якая панавала ва ўсходнім блоку. Афіцэры Штазі падпарадкоўваліся "сябрам" у сваёй дзейнасці, у якую КДБ мог умяшацца ў кожны момант.

Акрамя гэтага, савецкія калегі дзейнічалі ў ГДР і самастойна, як правіла, не ставілі аб гэтым у вядомасць дзяржбяспеку ГДР або ў крайнім выпадку паведамлялі ёй, што ў той ці іншай справе яны разбяруцца самі. Тайны агент, які працуе на «сяброў», быў для МДБ ГДР сакральнай фігурай.

Дакументы ў Маскве, якія маглі б праліць святло на дзейнасць Пуціна ў ГДР, імаверна, даўно знішчаныя - бо прэзідэнт вось ужо амаль 20 гадоў валодае ў Расеі практычна неабмежаванай уладай. Ёсць некаторыя ўказанні — але не больш таго — на тое, што Пуцін кіраваў у ГДР уласнай агентурнай сеткай.

Дакладна вядома, што Пуцін быў сведкам, як у пачатку снежня 1989 года грамадзяне ГДР, у тым ліку і ў Дрэздэне, захоплівалі Будынкі Штазі ці як мінімум аблажылі аддзяленне сувязі КДБ на Ангеліка-штрасэ, якое знаходзілася менш чым у 50 метрах ад акруговага аддзялення МДБ на Баўтцэнер-штрасэ. Пуцін як раз збіраўся знішчыць сакрэтныя дакументы, калі абураныя жыхары Дрэздэна звонку запатрабавалі ўпусціць іх унутр. Паводле ягоных уласных слоў, тагачасны падпалкоўнік Уладзімір Пуцін - яму тады толькі споўнілася 37 гадоў, і выглядаў ён значна больш шчуплым, чым сёння, - схітрыў, звярнуўшыся да тыпова савецкай тактыкі маскавання.

Пуцін схлусіў, што ён - усяго толькі перакладчык, хоць на той момант у рэчаіснасці быў як мінімум намеснікам начальніка аддзялення. Дэманстранты супакоіліся і неўзабаве адышлі. Гэта быў не апошні, але напэўна адзін з самых важных досведаў, атрыманых Пуціным за гады знаходжання ў ГДР.

Пасведчанне МДБ, якое выплыла цяпер, нагадвае пра тое, што Пуцін быў не проста прадстаўніком пануючага над ГДР Савецкага Саюза, а жорсткім і, само сабой, цалкам цынічным афіцэрам сакрэтнай службы, якія атрымалі адпаведную адукацыю ў Вышэйшай школе КДБ у Маскве. «Сябрам», якога баяліся калегі ў МДБ. Чалавекам, які мог сабе дазволіць папросту адправіцца са свайго аддзялення ў размешчаны ўсяго ў некалькіх метрах акруговай аддзел МДБ, каб з кімсьці там сустрэцца або паабедаць у сталоўцы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках