29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Брытанскія кансерватары рыхтуюць другі рэферэндум аб Brexit

СМІ: Брытанскія кансерватары рыхтуюць другі рэферэндум аб Brexit

Паплечнікі Мэй спрабуюць стварыць міжпартыйную кааліцыю для новага галасавання аб выхадзе Брытаніі з ЕЗ.

Высокапастаўленыя паплечнікі брытанскай прэм'еркі Тэрэзы Мэй у Кансерватыўнай партыі за ейнай спінай вядуць падрыхтоўку другога рэферэндуму аб Brexit.

Пра гэта паведамляе eurointegration.com са спасылкай на The Sunday Times.

Са звестак выдання, у чацвер кансерватар Дэвід Лідынгтан правёў перамовы з дэпутатамі Лейбарысцкай партыі, спрабуючы стварыць міжпартыйную кааліцыю для новага галасавання аб выхадзе Брытаніі з ЕЗ на фоне "тыдня прыніжэння" Мэй з боку дэпутатаў і лідараў Еўразвязу.

Так ва ўрадзе пад кіраўніцтвам Лідынгтана абмяркоўваецца магчымасць прапанаваць выбарцам выбар паміж пагадненнем Тэрэзы Мэй і Brexit без пагаднення. Ва ўрадзе спадзяюцца, што дэпутаты падчас адпаведнага галасавання ўключаць у бюлетэнь і пытанне аб адмове выхаду з ЕЗ.

"Прэм'ер-міністарка зможа сказаць выбарцам, што яна спрабавала выканаць вынікі рэферэндуму, але парламент сказаў сваё слова" – сказала адная з крыніц выдання, знаёмая з падрыхтоўкай адпаведных планаў.

Таксама газета падае словы кіраўніка апарата прэм'ера Гэвіна Барвела, які мяркуе, што паўторны рэферэндум - гэта "адзіны спосаб рухацца наперад", і ў Мэй мала шанцаў пераканаць брытанскіх парламентарыяў падтрымаць ейнае пагадненне з Брусэлем.

The Sunday Times таксама даведалася пра намер папярэдніка Мэй на пасадзе прэм'ера Дэвіда Кэмерана падтрымаць паўторнае галасаванне, калі дэпутаты падтрымаюць гэты варыянт, хоць сам экс-прэм'ер супраць рэферэндуму.

Сама Мэй публічна неаднаразова выказвалася супраць ідэі другога рэферэндуму наконт Brexit.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках