29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павешаны ў міліцэйскім аўтамабілі: сталі вядомыя падрабязнасці надзвычайнага здарэння ў Нясвіжы

Павешаны ў міліцэйскім аўтамабілі: сталі вядомыя падрабязнасці надзвычайнага здарэння ў Нясвіжы
СЯРГЕЙ АБРАМОВІЧ

Сям'я загінулага не верыць версіі міліцыі.

У Нясвіжы НЗ - сельскі жыхар быў знойдзены ў міліцэйскай машыне павешаным на шнурках ад чаравік. Першым пра гэта паведаміў блогер Nexta ў сваім тэлеграм-канале.

Nn.by высветліла падрабязнасці гісторыі. Міліцыя сцвярджае, што гэта было самагубства. Сваякі загінулага ўпэўненыя, што суіцыду быць не магло.

Загінулага звалі Сяргей Абрамовіч. Яму было 48 гадоў.

Мужчына жыў у вёсцы Слаўкаве (у некалькіх кіламетрах ад Нясвіжа) разам з бацькам сталага веку. Бацька і выклікаў міліцыю ў той вечар 29 лістапада.

Сяргей Абрамовіч працаваў, са слоў бацькі, «у прыватнікаў, лес пілаваў». З жонкай даўно разышоўся. Часам выпіваў, быў закадаваны.

«У той вечар Сяргей з сябрам ездзіў да свайго начальніка, той разлічыўся з імі гарэлкай. Дзве бутэлькі Сяргей выпіў з тым жа сябрам.

Потым прыйшоў дадому, пасварыўся з бацькам. Бацька ціхенька выклікаў міліцыю», - распавядае Іна, сястра Сяргея. У той вечар яна як раз прыехала да бацькі.

«Прыехала міліцыя, два чалавекі: лейтэнант і прапаршчык. Сяргея забралі», - успамінае Віктар Абрамовіч, бацька загінулага. Гэта было пасля абеду, кажа ён, прыкладна паміж 16.00 і 17.00.

А пазней увечары да бацькі прыехалі следчыя і паведамілі: да аддзялення сына не давезлі. Маўляў, павесіўся проста ў міліцэйскай машыне на шнурках ад чаравік. Цела агледзелі і павезлі адразу ў морг.

Бацька не верыць у суіцыд.

«Як можна павесіцца ў аўтамабілі? Ды я бачыў цела - мы яго забралі. Не было слядоў на шыі, - сцвярджае Віктар Абрамовіч. - Хтосьці са следчых прагаварыўся, што сын зладзіў бойку ў аўтамабілі па дарозе ў пастарунак».

Не верыць у самагубства і сястра Сяргея.

«Прыехала машына, новы УАЗ «Патрыёт». Брата забралі. Але павезлі не ў Нясвіж, а ў бок Юшавічаў. Паехалі праз вёскі. Нібыта там хацелі праверыць нейкага мужыка, які знаходзіўся на ўліку.

А на скрыжаванні каля вёскі Пагулянкі мой брат раптам апынуўся мёртвым», - кажа Іна.

Жанчына ставіць пытанні: ці павінны былі абодва міліцыянты выходзіць з машыны? Як і чаму яе брата пакінулі аднаго? Ці не было ў машыне відэарэгістратара? Калі быў, то чаму ёй нічога не гавораць пра гэта?

«У мяне ёсць дакументы з морга, копія. Там стаіць: «Прычына смерці высвятляецца».

Мой другі брат, малодшы, загінуў даўно. Ён сапраўды павесіўся. Я бачыла, як выглядае чалавек, які павесіўся. Ён быў сіні, і ў пасведчанні аб смерці тады адразу напісалі «асфіксія», - кажа Іна. - А Сяргея мне не дазволілі апранаць. Сказалі, што твар разбіты, трэба накласці грым, усё самі зробяць. Адзявалі яго ў моргу. Ці былі сляды збіцця на целе, я не бачыла. Але на шыі не было слядоў.

Ды і знаёмы міліцыянт мне казаў - павесіцца ў машыне амаль нерэальна».

Са слоў бацькі, нехта з мясцовых бачыў, як стаяў міліцэйскі УАЗ, каля яго знаходзіліся два міліцыянты, а на зямлі ляжала цела. Бацька мяркуе, што сын мог зладзіць бойку, якая скончылася забойствам, можа і выпадковым, - але гэта не быў суіцыд.

Сястра таксама ўпэўненая, што Сяргей памёр не сам, а цяпер міліцыянты «прыкрываюць сваіх»

Цела Сяргея Абрамовіча перадалі сваякам хутка. 29 лістапада ён загінуў, 30 лістапада цела ўжо перадалі сваякам. 1 снежня Сяргея пахавалі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках