25 красавiка 2024, Чацвер, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе ў Беларусі праходзіў Альгердаў шлях

1
Дзе ў Беларусі праходзіў Альгердаў шлях

Стары Альгердаў шлях з'явіўся ў выніку паходаў Вялікага Князя Літоўскага на Маскву ў 1368, 1370, 1372 гадах.

Праз Глыбоччыну праходзіць дарога з Полацка на Вільню - стары Альгердаў шлях. З'явіўся ён у выніку паходаў Вялікага Князя Літоўскага Альгерда на Маскву ў 1368, 1370, 1372 гадах. Гэтай дарогай вялікі князь Альгерд вёў свае войскі ў паход. У часы княжання Вітаўта гэты тракт называўся Вітаўтаў шлях. Пазней, станам гэтага гасцінца вельмі быў заклапочаны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, які таксама праходзіў вайной на Пскоў гэтым трактам. Праходзіць гэты шлях і праз некаторыя вёскі нашага раёна: Празарокі, Зябкі, Прошкава, Плісу, Забор'е і далей на Глыбокае. І кожная з іх, за выключэннем Прошкава, насіла ў пачатку ХХ стагоддзя статус мястэчка, піша glubmusej.by.

У 1920-30-я гады, калі Заходняя Беларусь была пад Польшчай, на ўказанне польскіх уладаў Альгердаў шлях пачалі брукаваць, г.зн., укладваць камянямі. Работы па добраўпарадкаванні дарог і мастоў у тагачаснай Польшчы называліся «шараваркамі». У зборы камянёў і іх кладцы ўдзельнічала ўсё навакольнае насельніцтва. Недалёка ад Зябак, ва ўрочышчы Нехрысці, меўся пункт збору камянёў: спецыяльныя скрынкі з нумарамі сяляне павінны былі запоўніць камянямі розных памераў. Брукаваліся і прылеглыя дарогі, напрыклад, дарога да вёскі Стуканы, якую называюць «старая Кубліцкая дарога». Фрагмент гэтай дарогі захаваўся на сёння каля вёскі Малыя Давыдкі.

Выхадзец з гэтай мясцовасці Язэп Драздовіч у 1923 году працаваў над стварэннем альбома «Галубіцкая пушча». Адна з ягоных прац называецца «Вітаўтавы масты». Замаляваную мастаком мясцовасць, якую ў народзе называлі Вітаўтавы масты, мастак адлюстраваў максімальна набліжана да рэальнасці. Ён імкнуўся пакінуць на паперы тое, што памяць народная захавала з 15 стагоддзя. Колькасць дарог Вітаўта на землях Дзісненшчыны нават цяжка падлічыць. Яны вялі ад сталіцы Вялікага княства літоўскага ў бок Полацка, Віцебска, Лукомля. На малюнку Драздовіча - звычайная лясная дарога праз невялікі сасновы бор. Толькі старажытныя курганы каля яе, як напамін пра мінулыя гістарычныя падзеі, войны і бітвы нашых продкаў за свабоду і незалежнасць роднай зямлі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках