28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нават падаіць казу стане для замежніка незабыўным шокам»

«Нават падаіць казу стане для замежніка незабыўным шокам»

Тры ідэі, як зрабіць беларускія маленькія гарады турыстычнымі.

У рамках праекта «Тры ідэі для Слоніма» «Газета Слонімская» пачынае новую рубрыку. У ёй нашы суайчыннікі будуць дзяліцца сваімі развагамі, як зрабіць наш горад больш прывабным для турыстаў.

Першай газета прапанавала слова сланімчанцы Валерыі Ёрш.

– Мы ў Слоніме мяркуем, што жывём у супергістарычным і культурным горадзе, але калі справа даходзіць да замежнікаў, такую культуру паказаць немагчыма. Я сама сутыкнулася з гэтай праблемай, калі да мяне ў госці прыехаў сябра з Вялікай Брытаніі.

СЛОНІМ
ФОТА ЯЎГЕНА ВАЛАДАШЧУКА

У Слоніме няма ніводнай добрай сувенірнай крамы, крамы з нацыянальным адзеннем, добрага музея, таксама няма магчымасці пакаштаваць добрую беларускую ежу, таму што ў нашых кавярнях і рэстаранах ежа або занадта дрэннай якасці, што саромеешся сказаць, што гэты дранік беларускі, або занадта «амерыканская».

Зрабіць горад прыязным для замежнікаў

Калі казаць пра прывабліванне замежных турыстаў, то тады самы першы і неабходны крок – гэта зрабіць горад foreigners-friendly, то-бок прыязным для замежнікаў. Гэта англамоўнае меню ў кавярнях і рэстаранах, англамоўны персанал у гатэлях і крамах, надпісы і ўказальнікі на ангельскай мове.

Зрабіць акцэнт на нашай прыродзе і вясковым каларыце

Са свайго досведу скажу, што гісторыя самога Слоніма наўрад ці зацікавіць замежніка (я кажу пра ўзроставую катэгорыю 20–35, самую мабільную катэгорыю), таму акцэнт трэба рабіць на нашай прыродзе і вясковым каларыце.

Зноў жа з досведу скажу, што іх зацікавіць hiking або biking tour (пешы ці роварны тур) па Слонімскім раёне, якія ўключалі б наведванне вёсак, стасункі з мясцовым жыхарамі, поўнае паглыбленне ў традыцыйнае беларускае жыццё па-за горадам: ежа, традыцыі, нейкія побытавыя моманты. Напрыклад, падаіць казу. Паверце, для многіх гэта будзе незабыўны шок.

Такі тур было б вельмі добра арганізаваць у перыяд Купалля і зрабіць яго фінальнай кропкай, але зноў жа само мерапрыемства павінна быць максімальна набліжаным да шматвяковых традыцыяў.

Ярмарка в Бельгии

Праводзіць вялікі кірмаш

Як восеньскае мерапрыемства я ўяўляю вялікі farm market (сельскагаспадарчы кірмаш). Пару тыдняў таму я наведала ў Бельгіі такі рынак. Ён знаходзіўся ў маленькім горадзе, але туды прыехала не толькі ўся Бельгія, але яшчэ і турысты, таму што рынак вельмі вялікі і вядомы тым, што там можна набыць або пакаштаваць усе мясцовыя прадукты як з Бельгіі, так і Францыі, Нямеччыны, Галандыі.

Можна такі самы рынак арганізаваць і ў нас, але толькі зрабіць акцэнт на такіх краінах, як Беларусь, Расея, Украіна. Еўрапейцы таксама любяць карнавалы, таму можна арганізаваць карнавал і ў нас і прымеркаваць яго да лютаўскіх святаў, той самай Масленіцы.

Усе мае ідэі, вядома ж, патрабуюць прыгожай абгорткі і добрага выканання на мясцовым узроўні, каб замежнік зацікавіўся і прыехаў да нас.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках