25 красавiка 2024, Чацвер, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У расейскай Арктыцы раптам знік востраў

7
У расейскай Арктыцы раптам знік востраў

Востраў Перламутравы быў часткай нацыянальнага парку РФ.

Прапажу вострава Перламутравы выявілі гідрографы Паўночнага флоту РФ. Гэта высветлілася ў ходзе экспедыцыі. На мапах ён яшчэ застаецца, а вось у суровай арктычнай рэчаіснасці яго больш няма. У нацыянальным парку "Расейская Арктыка" сцвярджаюць, што ў высокіх шыротах такія "страты" – звычайная з'ява, паведамляе rg.ru.

Невялікі востраў Перламутравы дыяметрам паўтара кіламетра размяшчаўся за 200 метраў ад вострава Греэм-Бэл, аднаго з найбуйнейшых на Зямлі Франца-Іосіфа. "Малодшага брата" цалкам хаваў лядовы панцыр. Нічога значнага накшталт слядоў арктычных экспедыцый на ім не было. Але Перламутравы ўважаўся паўнапраўнай часткай Прыморскага раёна Архангельскай вобласці і нацыянальнага парку "Расейская Арктыка".

Знікненне вострава, адкрытага больш за сто гадоў таму, у парку выявілі на касмічных здымках апошніх гадоў.

– Для Арктыкі такое знікненне і з'яўленне астравоў – натуральны працэс, лік ідзе на дзясяткі, – адзначае дырэктар нацпарку Аляксандр Кірылаў. – Гэта звязана са зменамі клімату планеты, якія паднясуць нам яшчэ нямала нечаканак. Вельмі многае адкрываецца з дэградацыяй ледавікоў. Цалкам магчыма, што абрысы Зямлі Франца-Іосіфа ў рэчаіснасці апынуцца зусім не такімі, як на сучасных мапах.

Калі недзе на вывучаным уздоўж і ўпоперак зямным шары яшчэ магчымыя геаграфічныя адкрыцці, дык гэта ў Арктыцы. Многія арктычныя землі і працэсы на іх схаваныя лядовым панцырам. Растае лёд – і з'яўляюцца новыя выспы.

Нядаўна цэлы "расталы" востраў ля Новай Зямлі адкрылі... падмаскоўныя школьнікі паводле здымкаў з космасу. Гідрографам заставалася толькі пацвердзіць завочную знаходку.

Бывае, што адзін кавалачак сушы насамрэч апынаецца двума. Менавіта так былі адкрытыя востраў і праліў на Белай Зямлі. Але калі са з'яўленнем новых тэрыторый больш-менш зразумела, то чаму знікаюць даўно вядомыя?

– Цікавы якраз не сам факт знікнення астравоў, а прычыны гэтага. У кожным канкрэтным выпадку трэба праводзіць даследаванні. На выспе Греэм-Бэл назіраюцца працэсы берагавой эрозіі. Магчыма, суседні востраў Перламутравы размыла, змяніліся плыні, прыйшлі ў рух донныя пароды, і з'явіўся так званы "вандроўны" востраў, – выказаў меркаванне Аляксандр Кірылаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках