24 красавiка 2024, Серада, 7:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежнікі з беларускай візай змогуць уязджаць у Расею

4
Замежнікі з беларускай візай змогуць уязджаць у Расею
Фота: transler.ru

Як будзе працаваць узаемнае прызнанне віз паміж Беларуссю і РФ.

Замежныя грамадзяне з беларускай візай змогуць бесперашкодна наведваць Расею ў рамках падрыхтаванага беларуска-расейскага міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні віз, паведаміў начальнік дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, паведамляе "Інтэрфакс".

"Пагадненне прадугледжвае, што асобы, якія маюць візу адной краіны, могуць уязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі іншага боку на цягам тэрміну дзеяння візы. Калі іншаземец мае беларускую візу, то ён зможа заехаць з ёй і знаходзіцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі цягам тэрміну яе дзеяння", - сказаў А.Бягун журналістам у аўторак у Менску.

Са слоў начальніка дэпартамента, гэта будзе дзейнічаць як "міні-шэнген", але пакуль без уніфікацыі візавых правілаў.

"Цяпер для знаходжання ў дзвюх краінах не трэба будзе атрымліваць дзве візы. Для краін з візавым рэжымам уезду дастаткова будзе адной візы. А бязвізавікі, якія ўязджаюць на тэрыторыю Беларусі ў рамках бязвізавага указа, усё адно павінны для знаходжання на тэрыторыі Расеі атрымліваць адпаведную візу", - дадаў ён.

Акрамя таго, А.Бягун адзначыў, што пасля падпісання пагаднення аб узаемным прызнанні віз расейская старана абяцала зняць кантроль у сваіх аэрапортах на рэйсах з Беларусі.

Таксама, працягнуў ён, пагадненне прадугледжвае інтэграцыю так званых інфармацыйных рэсурсаў. "Мы будзем абменьвацца звесткамі аб перасячэнні мяжы, аб выдадзеных візах, ануляваных візах, дазволах на часовае альбо сталае пражыванне", - растлумачыў кіраўнік дэпартамента.

Гаворачы аб тэрмінах уваходжання ў дзеянне пагаднення, А.Бягун паведаміў, што беларуская старана намагае, каб яно ўвайшло ў дзеянне да 20 траўня 2019 года, з улікам таго, што з гэтага часу пачынае дзейнічаць бязвізавы ўезд замежных грамадзян, якія маюць акрэдытацыю на II Еўрапейскія гульні , якія адбудуцца ў Менску.

Як паведамлялася, Менск і Масква канчаткова ўзгаднілі праект аб узаемным прызнанні віз. Падпісанне дакумента запланавана на 13 снежня ў Берасці, дзе пройдзе пасяджэнне Савета міністраў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках