25 красавiка 2024, Чацвер, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забудоўнік: Скажа Лукашэнка зруйнаваць - зруйнуем

12
Забудоўнік: Скажа Лукашэнка зруйнаваць - зруйнуем

Пракуратура спыніла будаўніцтва 25-павярховага дома пад Менскам.

Копішча - вёска пад Менскам, якая ўшчыльную мяжуе са сталічным мікрараёнам Уручча.

Кампанія «СІ-трэйдзінг» будуе ў Копішчы жылы квартал «Уручскую-2». Чарговы аб'ект у ім - 25-павярховы дом, які пачалі будаваць побач з астатнімі, піша nn.by.

Будаўніцтва пачалося, кватэры распрададзеныя загадзя, але пракуратура пастанавіла - пабудову зруйнаваць, зямлю вызваліць. Як жа так атрымалася?

«СІ-трэйдзінг» першапачаткова меркаваў пабудаваць 16-павярховік, пазней надумалі замахнуцца на 25 паверхаў. Пабудавалі падземны паркінг - і пакуль гэта ўсё.

Будаўніцтва не спадабалася мясцовым жыхарам. Новы дом павінен быў з'явіцца занадта блізка да іншых, а ніякага грамадскага абмеркавання не праводзілася.

Забудоўнік стаў загадзя прадаваць кватэры, а мясцовыя жыхары пачалі пісаць скаргі.

Пракуратура правяла праверку і ўстанавіла нямэтавае выкарыстанне зямельнага надзела. Пастанавілі - будаўніцтва спыніць, а тое, што ўжо пабудавана - зруйнаваць.

А што будзе з кватэрамі, якія ўжо набылі будучыя жыхары?

Дырэктар кампаніі-забудоўніка сцвярджае, што віна ляжыць не на іх, а на выканкаме Менскага раёна.

"Адбылася памылка. Выканкам Менскага раёна - калегіяльны орган, і там юрыдычная служба няўважліва прачытала дакументы. Мы атрымалі два надзелы. Папрасілі дазвол на праектныя работы на гэтых пляцах. Нам дазволілі. Мы зрабілі праект, прайшлі экспэртызы. І атрымалі дазвол на будаўніцтва на гэтых двух надзелах. Але высветлілася, што гэта «нямэтавае выкарыстанне надзела», бо мы будуем дом №35, а там згодна з паперамі павінен быць толькі №32. Трэба было адкарэктаваць дакументы выканкама, дапісаць, што там будуць дамы і №32, і №35, а ён гэтага не зрабіў. І такая неспадзяванка», - тлумачыць Мікалай Вашкевіч, дырэктар «СІ-трэйдзінг».

Вашкевіч кажа, што скаргі тут ні пры чым, іх, маўляў, увесь час пішуць:

«Ёсць такая катэгорыя грамадзян, якія ўвесь час пішуць. Спачатку пішуць, што няма месцаў для паркоўкі. Мы атрымалі дазвол на будаўніцтва паркінга, пачынаем расчышчаць тэрыторыю - тыя ж людзі пішуць новыя скаргі, што мы пілуем дрэвы».

Пакупнікоў кватэр Вашкевіч супакойвае, кажа, грошы вернуць усім, ужо пачалі вяртаць. А лёс будоўлі цяпер будзе разглядаць Лукашэнка.

«Пакуль руйнаваць не будзем. Напісалі Лукашэнку ліст. Паводе закону памылку выканкама можа выправіць толькі ён. Скажа руйнаваць - будзем руйнаваць. Скажа будаваць - будзем будаваць».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках