24 красавiка 2024, Серада, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нікога не слухай, твайго сына павесілі»

19
«Нікога не слухай, твайго сына павесілі»
АЛЯКСАНДР АРЛОЎ
ФОТА: GS.BY

Маці жаўнера Аляксандра Арлова чакае вынікаў расследавання.

Вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Арлова знайшлі павешаным 5 верасня. На ягонай шыі было дзве странгуляцыйныя баразны. Родныя катэгарычна не згодныя з версіяй пра суіцыд, паведамляе «Радыё Свабода».

20-гадовага Аляксандра Арлова з сяла Чырвонае Карэліцкага раёна пахавалі 7 верасня. У Менску ў гэты час ішоў працэс паводле справы аб смерці Аляксандра Коржыча. Арлова, як і Коржыча, знайшлі ў пятлі ў частцы, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Цела адвезлі на экспэртызу, потым перадалі родным. Афіцыйная версія смерці, агучаная на сайце Мінабароны, - суіцыд. Маці загінулага жаўнера Вольга выказвала сумнеў наконт суіцыду ўжо ў дзень пахавання. Праз тры месяцы расследавання смерці сына жанчына толькі больш пераканалася ў тым, што сын стаў ахвярай забойства.

Следчых бачыла адзін раз

«Расследаванне прадаўжаецца, мне сказалі, што робяць экспэртызу ДНК цяпер, - распавяла маці загінулага жаўнера. - Робяць экспэртызу генетычных матэрыялаў. Мне следчы казала, што можна ўсё вызначыць - і ўзрост, і пол. Калі ўсе вынікі будуць гатовыя, то яны паедуць туды ў частку і будуць у таварышаў Сашы браць адбіткі пальцаў, рабіць тэсты ДНК. Тады ўжо знойдуць злачынцу».

Вольга распавядае, што бачылася са следчымі, якія займаюцца справай аб гібелі яе сына Аляксандра, адзін раз. Яны прыязджалі ў Чырвонае яшчэ ў верасні, апыталі родных і вярнуліся ў Гародню. Вольга час ад часу тэлефануе следчым. Са слоў маці загінулага жаўнера, затрыманых у справе аб ягонай смерці пакуль няма.

«Сказалі, што затрыманні могуць быць пасля правядзення экспэртыз, - распавядае жанчына. - Я па-ранейшаму перакананая, што сына забілі. Маё меркаванне не змянілася. Дзве баразны на шыі ніяк не могуць быць у таго, хто павесіўся. Дзе б я не пыталася, усе мне кажуць адно - толькі адна палоска можа быць. Я нават у аднаго калегі пыталася, чый сын павесіўся сам. Ён мне кажа - нікога не слухай, твайго сына павесілі. Не можа быць дзве баразны, калі чалавек сам гэта зрабіў».

Дзве странгуляцыйныя баразны на шыі свайго сына Вольга сфатаграфавала, здымкі захоўвае ў сябе. Следчыя іх да справы не дадалі, сказалі жанчыне, што маюць свае. Акрамя гэтага, падазрэнні ў жанчыны выклікаюць гематомы на руках і назе сына, якія яна заўважыла перад пахаваннем.

«Мой сын не павесіўся, яго павесілі, - перакананая Вольга. - А прычына ў тым, што не меў грошай. Перад смерцю ён увесь час прасіў грошы. Грошы, грошы, грошы. На прысягу яму дала сто рублёў, потым двойчы па 50, яшчэ і на картку высылала. Зусім на іншую асобу. У траўні, калі прыязджаў, дала 100 рублёў. У чэрвені высылалі грошы - то 30, то 50, то 20 рублёў. У ліпені быў у звальненні, заязджаў да дзяўчат у Мір, з якімі калісьці працаваў. Яны яму яшчэ далі з сабой грошай. Я пра гэта не ведала, толькі пасля пахавання мне распавялі. Уся справа ў грашах. Навошта яму былі грошы, калі ён пайшоў служыць?»

«Жаўнеры баяцца сказаць праўду»

Калегі Аляксандра Арлова скончаць службу толькі ў траўні. Маці загінулага жаўнера мяркуе, што ўсе яны запалоханыя і не жадаюць распавядаць тое, што ведаюць.

«Яны ўсе баяцца сказаць праўду, - кажа Вольга. - Іх жа саміх потым папрыбіраюць. Ведаю пра аднаго калегу Сашы, які ў курсе таго, як усё адбылося напраўду. Ён быў на месцы, дзе сына знайшлі. Я нават ягонае прозвішча ведаю, але не буду казаць пра гэта дзіця. Не хачу браць грэх на сваю душу. Я ўжо аднаго пахавала. Не хачу, каб ягоная маці потым мяне праклінала».

Ужо пасля пахавання Вольга даведалася аб некаторых падрабязнасцях з апошніх гадзін жыцця сына, а таксама абставіны ягонай смерці. Са слоў жанчыны, жывым Аляксандра Арлова бачылі даслоўна за гадзіну да смерці, на плошчы вайсковай часткі. Знайшлі цела ўвечары 5 верасня ў адным з памяшканняў. На дзвярах быў зламаны навясны замак, а ў столь убіты крук. Пры гэтым вышыні столі не выстарчала для нармальнага павешання, Арлова знайшлі з ужатымі ў падлогу каленямі, побач з трупам стаяла крэсла.

«Мне ўсё гэта вайскоўцы распавялі, - кажа Вольга. - Але навошта было станавіцца на крэсла, убіваць крук у столь, потым злезці з крэсла і павесіцца на каленях? Калі б ён хацеў павесіцца, то ён бы адразу павесіўся, навошта было злазіць з крэсла? А 18.30 сына бачылі жывым на плошчы, а 19.50 знайшлі мёртвым. Чым ён той замок з дзвярэй мог збіць? Гэта ж не зробіш каменем, трэба, каб манціроўка была. І грукат будзе, там замок з палец таўшчынёй. Побач з капцёркай, дзе сына знайшлі, намёты з жаўнерамі былі. Ніхто нічога не чуў, як так магло быць?»

Са слоў маці загінулага жаўнера, следчыя дзеянні з удзелам былых таварышаў па службе яе сына могуць прадаўжацца ўвесь снежань і студзень. Такія тэрміны агучылі ў СК.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках