29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўцы: Людзі столькі не зарабляюць, каб плаціць за тэхагляд

22
Кіроўцы: Людзі столькі не зарабляюць, каб плаціць за тэхагляд

Беларусы абураныя «паляваннем» ДАІ на аўто без тэхагляду і дарожнага збору.

«Канец году, перадусім патрэбны план» – пераважна гэтак тлумачаць гомельцы незвычайную актыўнасць мясцовых аўтаінспектараў за апошнія тыдні. Штодня інспектары штрафуюць каля двухсот кіроўцаў, якія не маюць дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, бо не заплацілі дарожнага збору, паведамляе «Белсат».

Фёдар Сухаў, аб‘яднанне «За аўта», распавядае:

«Па Гомельскай вобласці паўтары тысячы – гэта фантастычная лічба, хоць бы таму, што за тыдзень, гэта трэба займацца не бяспекаю руху, а адлоўліваць тых, хто не сплаціў падатку».

Сума дарожнага збору на аўтамабіль пачынаецца з 73,5 рублёў і залежыць ад таго, належыць транспартны сродак юрыдычнай ці фізічнай асобе, а таксама ад вагі машыны. Калі ж аўта адносна новае – збор трэба заплаціць адразу за два гады.

Праз тое, што з 2014-га года дарожны падатак прывязалі да тэхнічнага агляду аўтамабіля, шмат хто з кіроўцаў папросту перастаў праходзіць тэхагляд, каб не аплачваць гэтага збору. Жыхары Гомеля тлумачаць:

«Людзі прайшлі б тэхагляд, калі б не падатак. Тэхагляд не праблема, і кожны ў гэтым зацікаўлены, а падатак не ўсе хочуць плаціць, бо не бачаць сэнсу».

«Людзі столькі не зарабляюць, каб плаціць, каб заробкі былі большыя – плацілі б людзі ».

«Заробак нізкі, у людзей проста няма грошай».

І адсутнасць грошай – гэта не адзіная прычына, чаму кіроўцы не хочуць плаціць дарожнага збору. На думку кіроўцаў, гэтыя сродкі ідуць не паводле прызначэння.

«Выязджаючы са станцыі тэхнічнага абслугоўвання, мы выязджаем не на добрую дарогу, а пераважна на дарогі з аварыйнымі ўчасткамі. Заплаціўшы падатак, ездзіш па гэтых дарогах і пачуваешся ўшчэмленым у правах і падманутым», – кажа кіроўца.

Тэлефон прэс-службы Гомельскага ўпраўлення ўнутраных спраў не адказвае, таму мы не маем афіцыйнага тлумачэння, чаму, замест таго каб правяраць зімовую гуму, як робяць у астатніх абласцях у гэтыя дні, гомельскія аўтаінспектары палююць на няплатнікаў.

Але прадстаўнік аб‘яднання «За аўта» Фёдар Сухаў мяркуе, што актыўныя дзеянні на Гомельшчыне могуць быць пробаю перад тым, як распачаць такую акцыю па ўсёй краіне:

«У Менскай вобласці найбольш зарэгістравана аўто – блізу 700 тысяч. Чапаць аўтамабілістаў Менску і Менскай вобласці крыху пабойваюцца. Пасля таго як «пройдуцца» па рэгіёнах, дабяруцца і да Менскай вобласці».

Налета плануюць адвязаць дарожны падатак ад тэхагляду і зрабіць магчымым яго паэтапную аплату. Але ўкласці дарожны збор у кошт паліва, як у большасці краінаў, не плануюць. А пакуль па нашых не вельмі добрых дарогах ездзяць тысячы аўтамабіляў без тэхнічнага агляду.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках