18 красавiка 2024, Чацвер, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Магілёўшчыне жыхары інтэрнатаў дамагліся істотнага змяншэння платы за жыллё

7
На Магілёўшчыне жыхары інтэрнатаў дамагліся істотнага змяншэння платы за жыллё
ФОТА: SVABODA.ORG

Чыноўнікі спалохаліся незадаволенасці жыхароў інтэрнатаў.

У абласной управе жыллёва-камунальнай гаспадаркі заяўляюць, што ўведзеная вясной плата за карыстанне жылымі памяшканнямі паменшаная на 80%, паведамляе «Радыё Свабода».

Гэтая плата прывяла да росту платы за інтэрнаты і выклікала незадаволенасць жыхароў.

Нямала іх адмаўляліся яе аплачваць, бо ўважалі за «завышаную і неабгрунтаваную». На сустрэчах жыхароў гучалі заклікі выйсці да аблвыканкаму з пратэстам.

Абласная ўправа ЖКГ: для ўладальнікаў інтэрнатаў увялі мяжу падвышэння аплаты

Праект пастановы пра паніжальны каэфіцыент для інтэрнатаў рыхтавала абласная ўправа ЖКГ. Яго разглядалі ў аблвыканкаме 3 снежня. Пасля юрыдычнай экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі і апублікавання яна ўвойдзе ў дзеянне.

Начальніца планава-фінансавага аддзела абласной управы ЖКГ Ірына Петрачэнка кажа: пасля яе ўваходжання ў дзеянне ўладальнікі не змогуць павышаць аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі інтэрнатаў вышэй за каэфіцыент 0,2. Раней у іх была магчымасць на ўзгадненне з выканаўчай уладай выстаўляць гэты каэфіцыент да 1.

«У залежнасці ад каэфіцыента будзе паменшаная і сума аплаты, - адзначыла Ірына Петрачэнка. - Тым, у каго быў каэфіцыент 1, аплата змяншаецца на 80 адсоткаў».

Пакуль у Магілёве і Бабруйску за блок памерам 39 квадратных метраў (два пакоі, душавая, туалет і агульная кухня) сям'я з чатырох чалавек плаціць да 70 рублёў, у райцэнтрах - да 50, у сельскай мясцовасці - да 20. Пасля ўвядзення паніжальнага каэфіцыента, каб вызначыцца з аплатай, гэтыя сумы варта падзяліць на чатыры, кажуць у абласной управе ЖКГ.

Адзін з інтэрнатаў у Магілёве, якому пагражае адсяленьне праз парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі

Жыхар інтэрната: увядзенне паніжальнага каэфіцыента - саступка аблвыканкама

Жыхары заяўляюць, што аплата за інтэрнаты на Магілёўшчыне - самая высокая ў Беларусі і не адпавядае іх даходам. Значная частка прапісаных - гэта сем'і з малалетнімі дзецьмі, а таксама пенсіянеры.

Ініцыятыўныя жыхары сабралі больш за тысячу подпісаў, каб аплату за карыстанне жылым памяшканнем у інтэрнатах скасавалі «як антысацыяльную і тую, што стварае напружанне ў грамадстве». Сваю пазіцыю яны давялі на прыёме першаму намесніку старшыні аблвыканкама Алегу Чыкіду. Са слоў актывіста Алега Аксёнава, які быў на сустрэчы, чыноўнік даў падначаленым 16 даручэнняў, каб тыя разабраліся ў сітуацыі. Скасаваць жа новаўвядзенні Чыкіда адмовіўся.

Квіток аплаты за інтэрнат. З 59 рублёў — 26 плацеж за карыстаньне жылымі памяшканьнямі

Увядзенне паніжальнага каэфіцыента, на думку актывіста, - саступка аблвыканкама. Ён нагадвае, што ў звароце да чыноўнікаў жыхары інтэрнатаў, акрамя скасавання платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, патрабуюць дазволу на:

- Адкрыццё персанальных рахункаў для інтэрнатаў, якія акумулявалі б сабраныя з жыхароў сродкі.

- Стварэнне радаў самакіравання ў інтэрнатах з паўнамоцтвамі вызначаць, на якія патрэбы выдаткоўваць грошы.

Аксёнаў адзначае: цяпер складана разабрацца, «куды знікаюць такія сродкі». Ён заяўляе, што рамантуюць сваё жыллё ў інтэрнатах самі людзі, але гэта не ўлічваецца пры аплаце.

Уладальнікі інтэрнатаў: грошай на іх утрыманне няма

Камунальнікі абгрунтоўвалі ўвядзенне платы за карыстанне жылымі памяшканнямі тым, што ўтрыманне інтэрнатаў стратнае для арганізацый, да якіх яны належаць. Абяцалі, што сродкі пойдуць на паляпшэнне ўмоў пражывання ў інтэрнатах.

Да ўвядзення такой аплаты жыхары інтэрнатаў плацілі толькі за камунальныя паслугі. Акрамя таго, з людзей вылічвалі плату за карыстанне ліфтам, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў і за цвёрдыя камунальныя адкіды.

У Магілёве абласная ўправа МНС выявіла грубыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ў 14 інтэрнатах.

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці задаволіў заявы ратавальнікаў аб прыпыненні дзейнасці 11 інтэрнатаў. Згодна з выракам суда, уладальнікі павінны адсяліць з іх людзей, пакуль не выправяць парушэнні.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках