25 красавiка 2024, Чацвер, 12:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У АПЕК заявілі пра гатоўнасць трываць кошт нафты ў $50

2
У АПЕК заявілі пра гатоўнасць трываць кошт нафты ў $50

Краіны АПЕК узмацняюць ціск на Расею менш чым за дзень да саміту ў Вене.

На саміце найбуйнейшыя нафтаздабываючыя краіны свету павінны наважыць - згуртавацца і скараціць здабычу дзеля павышэння коштаў, альбо цярпець далейшае падзенне каціровак.

Блізкаўсходнія сябры картэлі гатовыя да другога сцэнару, заявіў міністр нафты і газу Амана Мухамед ар-Румхі, паведамляе finanz.ru.

«Вы ведаеце, летам у нас, у краінах заліва, тэмпература падымаецца да 55 градусаў паводле Цэльсіі. Каб перажыць гэта, мы шукаем хованкі ў памяшканнях з кандыцыянерамі. Так і з коштам. Калі ён упадзе да 50 даляраў за барэль, то зможам знайсці зону камфорту», - цытуе міністра «Интерфакс».

Рэзкі рост сланцавай здабычы ў ЗША, які склаў 2 млн барэляў у дзень з пачатку года і не замарудзіцца ў наступным годзе, абяцае сусветнаму рынку лішак у аб'ёме больш за 1,4 млн барэляў у дзень - рэкордны з 2015 года, вынікае з разлікаў АПЕК. Ад Расеі картэль патрабуе прыбраць з рынку 300 тысяч барэляў штодзённай здабычы - увесь прырост, якога нафтавікі дамагліся ў другой палове года, паведаміла крыніца, блізкая да расейскай дэлегацыі.

У суме - з улікам Савудаўскай Арабіі і іншых ключавых блізкаўсходніх гульцоў - краіны-ўдзельніцы ўгоды АПЕК+ могуць скараціць вытворчасць на 1,4 млн барэляў у дзень.

Але Масква гатовая толькі на квоту ўдвая меншую - 150 тысяч барэляў у дзень. Падчас папярэдніх кансультацый выйсці з тупіка не атрымалася - тэхнічны камітэт, які засядаў у панядзелак, не вынес ніякіх рэкамендацый нафтавым міністрам.

У сераду кіраўнік Мінэнерга РФ Аляксандр Новак правёў перамовы з савудаўскім калегам Халедам аль-Фаліхам. І хоць сам Новак паведаміў расейскім журналістам, што гутарка «прайшла добра», Аль-Фаліх яго аптымізм не падтрымаў «Заўчасна» казаць аб тым, што група АПЕК+ пагодзіцца скараціць аб'ёмы вытворчасці, заявіў ён Bloomberg.

Каменем перапоны застаецца не толькі аб'ём скарачэнняў, але і пункт адліку, распавялі Bloomberg крыніцы ў АПЕК: некаторыя краіны хочуць усталяваць яе на ўзроўні здабычы ў кастрычніку, у той час як іншыя аддаюць перавагу прытрымлівацца першапачатковай угоды, у якой за аснову браліся ўзроўні 2016 года.

Жорсткая пазіцыя Расеі, імаверна, звязана з тым, што прасадка нафтавай прамысловасці будзе непрыгожа выглядаць у макрастатыстыцы: доля нафты ў здабычы карысных выкапняў складае 71,7%, у прамвытворчасці - 26%, а ў ВУП - 6,8%, указвае аналітык Райффайзенбанка Станіслаў Мурашоў.

Праз павышэнне ПДВ тэмпы эканамічнага росту, у прагнозе МЭР, замарудзяцца у 2019 годзе з 1,8% да 1,3%. Страціўшы 300 тысяч барэляў штодзённай здабычы эканоміка страціць яшчэ 0,2% росту, а прамысловасць - 0,6%, вынікае з разлікаў Мурашова.

Улады заціснутыя паміж двух агнёў - з аднаго боку нежаданне прызнаваць стагнацыю эканомікі, а з другога - бюджэт, які у 2019 годзе становіцца дэфіцытным пры нафце танней за 48,8 даляра.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках