18 кастрычнiка 2019, Пятніца, 10:26
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

The Jerusalem Post: Ізраіль гатовы кінуць выклік Расеі

The Jerusalem Post: Ізраіль гатовы кінуць выклік Расеі

Стаўкі ў сірыйскім канфлікце растуць.

Расея скончыла ў Сірыі разгортванне сістэмы супрацьпаветранай абароны, якая абмяжоўвае аператыўныя магчымасці як Злучаных Штатаў, так і Ізраіля, гаворыцца ў дакладзе вашынгтонскага Інстытута вывучэння вайны. Размясціўшыся на ўсёй тэрыторыі зруйнаванай канфліктам краіны, яна ўключае ў сябе варыяцыі перадавых сістэм С-300 і С-400 у дадатак да шэрагу іншых сучасных тэхналогій, піша The Jerusalem Post (пераклад – inosmi.ru).

Масква даўно экспартавала такія сістэмы ў Сірыю, аднак яны заставаліся пад кантролем яе ўласнага войска. Толькі пасля выпадковага збіцця сірыйскімі войскамі ў верасні расейскага выведвальнага самалёта - Крэмль абвінаваціў у гэтым Ерусалім, які хвілінаю раней нанёс удар па найбліжэйшым іранскім складзе зброі — прэзідэнт Уладзімір Пуцін даў зялёнае святло на перадачу С-300 рэжыму Асада.

Гэта, на думку многіх назіральнікаў, павысіла імавернасць сутыкненняў не толькі таму, што сірыйскія сілы цяпер лепш узброеныя для процідзеяння Ізраільскай і амерыканскай ваеннай актыўнасці, але і праз большую імавернасць непажаданых інцыдэнтаў, выкліканых чалавечым фактарам або, што не менш магчыма, адкрытай некампетэнтнасцю.

«У расейцаў гэтыя сістэмы былі ў Сірыі яшчэ да катастрофы самалёта-выведніка, але яны не выкарыстоўвалі іх для прадухілення Ізраільскіх удараў. Такім чынам, рэальная праблема палягае ў тым, што яны знаходзяцца ў распараджэнні батарэй сіл Асада, — растлумачыў СМІ брыгадны генерал (у адстаўцы — заўв. аўтара) Рэлік Шафір, адзін з найбольш заслужаных камандуючых ВПС Ізраіля, які ў 1981 годзе выконваў місію ў знішчэнні ядзернага рэактара Ірака. — Гэта дазваляе сірыйскаму войску наносіць удары па ракетах або самалётах, захоўваючы пры гэтым здольнасць супрацьстаяць радыёэлектроннай барацьбе і пераадольваць стэлс-тэхналогіі». Аднак у чацвер з'явіліся навіны пра нібыта ізраільскія ўдары па Аль-Кісве, размешчанай на поўдзень ад сірыйскай сталіцы. Такія ўдары становяцца ўсё больш рэдкімі на фоне напружанасці з Масквой і з улікам новай стратэгічнай абстаноўкі. Са свайго боку ЗША маюць у Сірыі блізу трох тысяч жаўнераў, якія падтрымліваюць галоўным чынам курдскія сілы на ўсходзе.

Таксама прэзідэнт Дональд Трамп двойчы загадваў вайскова-марскім сілам, дыслакаваным у Міжземным моры, страляць ракетамі «Тамагаўк» па сірыйскіх аб'ектах у адказ на выкарыстанне Дамаскам хімічнай зброі.

Адпаведна, аналітыкі мяркуюць, што і Вашынгтон, і Ерусалім захоўваюць наступальныя сродкі для абыходу расейскага шчыта.

«Важным элементам з'яўляецца не ажыццяўленне супрацьпаветранай абароны, а правілы вядзення баявых дзеянняў, - сцвярджаў у СМІ былы начальнік вайсковай выведкі АМАН Амос Ядлін, цяпер дырэктар Тэль-Авіўскага Інстытута даследаванняў нацыянальнай бяспекі. - Пакуль Пуцін прытрымліваецца сваёй палітыкі не атакаваць ізраільскія самалёты, то імавернасць наўпроставага ізраільска-расейскага супрацьстаяння вельмі нізкая. Больш таго, Ерусалім ніколі не казаў, што нападзе на расейскіх жаўнераў».

«Аднак, ёсць два пытанні, у якіх Масква непахісная, а менавіта: расейскія жаўнеры не павінны быць забітыя падчас нападаў Ізраіля на іранскія аб'екты, і АМАН не павінен ажыццяўляць дзеянні для звяржэння рэжыму Асада. Пакуль усё будзе так, я думаю, расейцы будуць прытрымлівацца сваёй ранейшай пазіцыі — што іранцы будуюць залішнюю і пагрозлівую вайсковую інфраструктуру, і, такім чынам, Ізраіль павінен з гэтым змагацца».

Сапраўды, прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху неаднаразова абяцаў прадаўжаць наносіць удары па іранскіх аб'ектах у Сірыі, а іншыя афіцыйныя асобы намякалі, што Ерусалім можа ў выпадку крайняй неабходнасці знішчыць супрацьракетныя батарэі, якія, магчыма, укамплектаваныя расейскімі жаўнерамі.

Міністр аховы навакольнага асяроддзя Зееў Элкін, які акрамя гэтага з'яўляецца сустаршынём ізраільска-расейскай міжурадавай камісіі, таксама намякнуў, што сірыйскаму войску бракуе тэхнічных сродкаў і навыкаў для разумнага выкарыстання расейскіх сістэм. Таму ён папярэдзіў, што сілы рэжыму могуць выпадкова ці іншым чынам збіць вайсковы або камерцыйны самалёт над ізраільскай тэрыторыяй, што, у сваю чаргу, «несумненна» прывядзе да мэтанакіраванага рэагавання на месца запуску.

«Я вельмі спадзяюся, што расейскіх вайсковых спецыялістаў там не будзе», — падкрэсліў Элкін.

«Галоўная перашкода - гэта не расейскія тэхналогіі, а фактычна фізічная прысутнасць расейскіх жаўнераў на зямлі, бо не ў інтарэсах Ізраіля прычыніць ім шкоду» — падзяліўся з выданнем The Media Line былы камандуючы войскамі АМАН у Сірыі, а цяпер навуковы супрацоўнік Цэнтра стратэгічных даследаванняў Бегін-Садат генерал-маёр (у адстаўцы-заўв. аўтара) Гершон Хакохен.

«Аднак гэта з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай для працэсу прыняцця пастаноў у Ізраілі, які ў канчатковым выніку зводзіцца да аналізу кіравання рызыкамі. Калі выгада для Ізраіля ад знішчэння цэлі пераважвае кошт расейскіх ахвяр і дыпламатычныя наступствы, якія вынікаюць з гэтага, то гэта можна было б разгледзець. Але ніякай палітыкі «перавагі» няма, — сказаў на заканчэнне ён, - бо пытанне настолькі сур'ёзнае, што яно будзе абмяркоўвацца ў кожным канкрэтным выпадку і развязвацца прэм'ер-міністрам».

Да сваёй нядаўняй адстаўкі былы міністр абароны Авігдор Ліберман публічна адхіліў патрабаванне Масквы аб тым, каб Ерусалім падаваў расейскім вайсковым дадатковае папярэджанне перад выкананнем місій у Сірыі. «Мы не прымем ніякіх абмежаванняў на нашу свабоду дзеянняў, а калі справа дойдзе да нацыянальнай бяспекі, мы ўжывём захады», - заявіў ён, здавалася б, узмацняючы ўяўленне пра тое, што расейскі асабовы склад не будзе стаяць на шляху дасягнення мэтаў Ізраіля.

Гэта грэбаванне, магчыма, часткова тлумачыцца ростам колькасці довадаў таго, што Расея не выконвае маўклівае пагадненне аб перашкодзе звязаным з Іранам баевікам, уключаючы чальцоў «Хезбалы», дзейнічаць у межах 85 кіламетраў (50 міль-заўв. аўтара) ад ізраільскай мяжы. Паводле звестак арабскіх СМІ, шыіцкія сілы займаюць велізарныя пляцоўкі на паўднёвым захадзе, на якіх будуюць навучальныя базы. Добра вядома, што Іран спрабуе ўтаіць сваю вайсковую прысутнасць паблізу мяжы і маскуе сваіх жаўнераў і наймітаў у форму сірыйскага войска.

Пры разглядзе ўсяго спектру патэнцыйных наступстваў гэтай новай рэальнасці разумна пастуляваць — што для таго, каб Ізраіль захаваў у недатыкальнасці свае чырвоныя лініі, - гэта значыць, перашкодзіў стварэнню Тэгеранам сталага вайсковага плацдарма ў Сірыі і пастаўках сучаснай зброі «Хезбале» ў Ліване, - габрэйскай дзяржаве, давядзецца, імаверна, кінуць выклік Расеі на дыпламатычным полі, і, магчыма, на ваенным.

«Нават у гэтым выпадку Ізраіль ні пры якіх абставінах не будзе наўмысна нацэльвацца на расейскія актывы — бо гэта было б сур'ёзнай памылкай, - заявіў у СМІ былы лётчык-знішчальнік Шафір. - Ізраіль па-ранейшаму прызнае Маскву сяброўскай сілай у рэгіёне і зацікаўлены ў тым, каб гэта так і заставалася».

«Праблема можа ўзнікнуць, — удакладніў ён, — калі Ізраіль і Іран прадоўжаць пераследаваць свае [узаемавыключальныя] мэты ў Сірыі. Пасля абарончых дзеянняў Расеі будзе цяжка захаваць іх канфлікт дыскрэтным. Гэта падымае стаўкі, і ўсё можа ўспыхнуць». У гэтым выпадку і Ерусалім, і Масква, найбольш імаверна, паспрабуюць як мага хутчэй разрадзіць сітуацыю, — калі дазволяць абставіны, і калі ніводзін з бакоў не вызначыць, што неабходна ўзмацніць сваю пазіцыю дзеяннямі, якія могуць мець сур'ёзныя наступствы.