28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі ўвялі новыя правілы гандлю на рынках

5
У Беларусі ўвялі новыя правілы гандлю на рынках

У іх няма ні слова пра асабістую гігіену прадаўцоў.

Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла новыя санітарныя нормы і правілы гандлю харчовай прадукцыяй на рынках. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваная адпаведная пастанова, якое ўвойдзе ў дзеянне праз 15 рабочых дзён. У новых патрабаваннях усяго 36 пунктаў. У старых іх было 131.

Сайт tut.by паглядзеў, якія патрабаванні больш не будуць выстаўляць да гандлю на беларускіх харчовых рынках.

Да ўваходжання ў дзеянне новых санітарных норм і правілаў гандлю прадуктамі на рынках будуць дзейнічаць тыя, што былі зацверджаныя яшчэ ў верасні 2012 года. У ранейшым дакуменце 7 раздзелаў, у якіх змяшчаецца 131 пункт. Новы значна адрозніваецца - у ім усяго 5 раздзелаў з 36 пунктамі. Колькасць раздзелаў скарацілася таму, што 4-ы і 5-ы аб'ядналі, а 7-ы прыбралі зусім. Дарэчы, ён тычыўся патрабаванняў да асабістай гігіены прадаўцоў і іншых работнікаў, якія ўдзельнічаюць у абарачэнні прадукцыі на рынку. Там было 13 пунктаў.

Да прыкладу, у адным з іх гаварылася, што «пры выхадзе работнікаў прадаўца з памяшканняў рынку на яго тэрыторыю і наведванні бытавых памяшканняў - туалетаў, аб'ектаў грамадскага харчавання і іншых, санітарную адзежу неабходна здымаць». Было таксама сказана, што апранаць на санітарную адзежу асабістую верхнюю вопратку забаронена. Таксама яе нельга было сціраць у хатніх умовах, а толькі цэнтралізавана. У гэтым раздзеле было нават распісана, калі прадаўцы і іншыя работнікі павінны мыць рукі. Падчас продажу ежы, асабліва гатовай, гэта вельмі важна.

У першым раздзеле ў абодвух дакументах змяшчаюцца агульныя палажэнні. Іх было 5, стала 2, але фактычна яны ні на што не ўплываюць.

Другі раздзел - гэта патрабаванні да тэрыторыі рынкаў. Гэтую частку дакумента зрэзалі з 16 пунктаў да 7. У ранейшых патрабаваннях было дакладна распісана, колькі ўездаў павінна быць на рынку, на якія зоны ён павінен быць падзелены і гэтак далей. Было нават прапісана, што «на тэрыторыі рынку павінны ўсталёўвацца скрыні для збору смецця на адлегласці не больш за 20 метраў адна ад адной, з разліку адна сметніца на 50 квадратных метраў плошчы рынку». Цяпер гэта патрабаваннямі не рэгламентуецца.

У ранейшых правілах пазначана, што «разгрузныя платформы павінны быць абсталяваныя навесам, які цалкам перакрывае разгрузачную платформу і кузаў транспартнага сродку. Разгрузка прадукцыі непасрэдна на заасфальтаванае пакрыццё, зямлю забараняецца». У новых патрабаваннях напісана толькі аб абароне тавару ад атмасферных ападкаў, а частку пра тое, што нельга разгружаць на зямлю, прыбралі.

У трэцім раздзеле - патрабаванні да асвятлення і мікраклімату - засталося ўсяго 2 пункты. Першы - пра ўсталяванне свяцільнікаў, другі - пра прылады для абагравання, якія павінны быць зручнымі для ачысткі ад пылу.

У ранейшым варыянце патрабаванняў было 14 пунктаў. Сярод іх важныя пра вентыляцыю ў памяшканнях. «Гандлёвыя, дапаможныя і бытавыя памяшканні рынку павінны быць абсталяваныя сістэмамі прытокава-выцяжной механічнай вентыляцыі. Вентыляцыйныя ўстаноўкі не павінны ствараць шуму, які перавышае дапушчальныя ўзроўні», - прапісана ў ранейшай пастанове.

У чацвёрты раздзел увайшлі пункты з чацвёртага і пятага раздзелаў ранейшага дакумента. Яны датычацца ўтрымання і эксплуатацыі памяшканняў і абсталявання рынку. Іх цяпер 17, а было 47.

Практычна ўсе патрабаванні, якія выстаўляліся да санітарнага ўтрымання сцен, столяў, выкраслілі. Цікавую змену ўнеслі ў адзін з пунктаў. У ранейшым дакуменце прапісана, што «ў памяшканнях рынка не дапускаецца наяўнасць грызуноў, насякомых, птушак, жывёлін». У новым гэты пункт гучыць так: «У памяшканнях рынку павінны праводзіцца мерапрыемствы, якія выключаюць наяўнасць насякомых, грызуноў і птушак». Жывёлін не згадалі.

Скарацілася колькасць патрабаванняў і да абарачэння прадукцыі на рынку, пералічаных у пятым раздзеле. Іх засталося 8 з 34.

Выключылі некалькі важных пунктаў. Адзін з іх кажа пра тое, што ўсталяванне трымальнікаў цэннікаў непасрэдна ў прадукцыю, ці ўтыканне цэннікаў унутр прадукцыі забароненае. На нашых рынках цэннікі часта ляжаць на мясе, на печыве і на іншых незапакаваных прадуктах. Праз 15 дзён гэта ўжо не будзе супярэчыць патрабаванням да гандлю прадуктамі харчавання.

Дарэчы, паводле ранейшых правілаў рэалізацыя свежых гародніны і садавіны не павінна ажыццяўляцца ў халодны перыяд года - пры тэмпературы вонкавага паветра 0°C і ніжэй - на адкрытых гандлёвых месцах рынку. Гэта патрабаванне таксама выключылі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках