16 красавiка 2024, aўторак, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дэкрэт аб «дармаедах» - гэта нонсенс, як у афрыканскай краіне»

14
«Дэкрэт аб «дармаедах» - гэта нонсенс, як у афрыканскай краіне»

Беларусы павінны змагацца за свае правы.

Да атрымання новых рахункаў застаецца 2 месяцы, а беларусы ўжо шукаюць выратавання ад самавольства ўлады. Праваабаронцы адзначаюць - механізм барацьбы з так званымі дармаедамі неадпрацаваны. І раяць не здавацца, а бараніць свае правы, паведамляе «Белсат».

Як пераадолець беспрацоўе? Жыхары сталіцы раяць уладам што заўгодна, абы не караць за адсутнасць працы:

«Развіццём прадпрымальніцтва, напэўна. Асабістая ініцыятыва».

«У першую чаргу ствараць працоўныя месцы. Непасрэдна там, дзе людзі жывуць».

«Забяспечыць годны заробак. Каб не ехалі на заробкі ў іншую краіну. Маё меркаванне такое».

Затое цалкам рэальна запісаць паўмільёна нашых суайчыннікаў у дармаеды. Тлумачыць Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў:

«Гэта нонсенс, гэта парушэнне Канстытуцыі і ўсіх міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь. Такіх прэцэдэнтаў фактычна няма. Ёсць, я не памятаю, у нейкай афрыканскай краіне падушны падатак - гэта калі ты жывеш у краіне, ты павінен нешта выплачваць».

Грамадзяне, якіх турбуе рэалізацыя дэкрэта №1, ужо звяртаюцца па дапамогу да праваабаронцаў. Алег Воўчак, юрыст, «Прававая дапамога насельніцтву»:

«Урад сам да канца не разабраўся, як гэтую працэдуру зрабіць камфортнай, зручнай, не пакрыўдзіць людзей. Атрымалася так, што чалавек вымушаны плесціся, стаяць, нейкі пароль сабе выдумляць».

Са слоў Алега Воўчака, улады нічога не могуць растлумачыць. Напрыклад, як засведчыць, што ты працуеш за мяжой, не раскрыўшы асабістай інфармацыі, пра якую беларускім органам ведаць не абавязкова. Пытанні ў спецыялістаў выклікае і кампетэнтнасць камісій, якія надзялілі паўнамоцтвамі прымусова накіроўваць так званых дармаедаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

«Гэтыя камісіі могуць не мець у сваім складзе спецыялістаў, патрэбных лекараў», - кажа Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

Тым, хто трапіў у спісы, праваабаронца Алег Воўчак раіць закідаць выканкамы лістамі і прымусіць чыноўнікаў адказваць на нявыгадныя пытанні:

«Паставіць 20-30, можа, і 40 пытанняў. Чаму ён трапіў у гэтую базу, на падставе чаго, чаму парушаецца Канстытуцыя? Гэта значыць, чалавеку трэба праявіць фантазію, раз так дзяржава [сябе вядзе], і задаць столькі пытанняў».

Грамадская актывістка з Віцебска, каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец мяркуе, што змагацца з дэкрэтам аб «дармаедах» трэба масавымі акцыямі пратэсту і татальным байкотам незаконных пастаноў уладаў.

«Супраціў. Татальны байкот. Байкатаваць усіх - пачынаючы ад Лукашэнкі з ягонымі пастановамі і заканчваючы тымі, хто ў «адным акне» будзе выдаваць даведкі аб «дармаедстве». Усім гэтым установам - поўны байкот. Давайце пакажам ім вялікую-вялікую дулю.

Пайсці ўсім да і выканкамаў і іншых «гнёздаў чыноўнікаў» і сказаць... Не, нават не сказаць, а зрабіць. Прычым не ўсім асобна, у рэгіёнах, а разам. Сабрацца ўсім у Менску - і пачаць мяняць гэтую ўладу. Яе трэба мяняць. Далей ужо проста немагчыма. Калі выйдзе дзве, пяць і нават 10 тысяч - нічога не адбудзецца. А вось калі выйдзе 100 тысяч і больш - тады ўжо зусім іншая справа.

Я і мае дзеці заўсёды былі ў шэрагах пратэстоўцаў. Мы заўсёды адчувалі сябе гаспадарамі на сваёй зямлі. І калі людзі выйдуць супраць новага дэкрэта аб «дармаедах», я зноў буду з імі», - заявіла актывістка ў інтэрв'ю Charter97.org.

Чакаецца, што ўжо ў лютым беларусы, запісаныя ў дармаеды, атрымаюць рахункі з нацэнкай за гарачую ваду. Праваабаронцы раяць абскардзіць завышаныя тарыфы ў судовым парадку. Бо падстава для іх - спрэчны з Канстытуцыяй дэкрэт. У 2017 уладам ужо давялося адступаць пад ціскам вулічных пратэстаў. Ці ўдасца паўмільёну беларусаў зноў абараніцца ад прымусовых аплатаў за адсутнасць працы на радзіме?

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках