26 траўня 2019, Нядзеля, 19:29
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Лукашэнка ўсё ж здаўся

14

Сямашка меў рацыю.

Аляксандр Лукашэнка перыядычна накідваецца на чыноўнікаў з крытыкай за «цяганіну». Але часам патрабуюцца доўгія гады, каб угаварыць яго развязаць элементарныя пытанні.

Апошняя гісторыя з ААТ «Сукно» вартая таго, каб прасачыць яе з самага пачатку. Прадпрыемства нараджалася ў 1945 годзе, доўгі час было адным з вядучых гульцоў тэкстыльнага рынку СССР, а ў апошнія дзесяцігоддзі было ў заняпадзе. Коратка расказваем, што там адбывалася апошнія пяць гадоў, піша «Салідарнасць».

2013 год. Урад знаходзіць развязанне, але Лукашэнка ставіць іншую задачу

У пачатку года паведамілі аб магчымасці аб'яднання ААТ «Сукно» і ААТ «Камволь». Але ў красавіку Лукашэнка наведаў прадпрыемствы і паставіў іншую задачу (усе цытаты ў тэксце - з паведамленняў БЕЛТА):

- Неабходна пралічыць без уліку іншых прадпрыемстваў, паглынання, зліцця і захопу іх рынкаў, што тут неабходна. Усё, што вырабіце тут, вы павінны прадаць і выйсці да 2015-2016 гадоў на $1100 заробку. Гэта ваша задача. І не трэба глядзець ні на ўрад, ні на кога, калі вы ў стане самастойна яе рэалізаваць.

У канцы года дыктатар падпісаў указ аб рэалізацыі на «Сукне» інвестыцыйнага праекта для арганізацыі новай вытворчасці.

2015 год. Лукашэнка патрабуе выканання сваёй пастановы

У сярэдзіне года дыктатар заявіў, што не падтрымаў прапанову аб стварэнні адзінай камвольна-суконнай вытворчасці. Ён запатрабаваў не толькі захаваць «Сукно» і «Камволь», але і працоўныя месцы на іх, эфектыўна правесці мадэрнізацыю, каб павысіць канкурэнтаздольнасць.

2016 год. Урад вяртаецца да сваёй ідэі

Яшчэ ў лістападзе намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Анатоль Суботка заявіў, што аб'яднанне «Камволя» і «Сукна», дзе прадаўжаецца частковая мадэрнізацыя, пакуль не абмяркоўваецца.

Але ўжо ў наступным месяцы кіраўнік «Беллегпрама» Мікалай Яфімчык распавёў аб прапанове стварыць на рэканструяванай пляцоўцы «Камволя» адзіную вытворчасць.

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў на нарадзе: рэалізацыя інвестыцыйнага праекта на «Сукне» праз кан'юнктуру рынку не была пачатая, сітуацыя на прадпрыемстве цяжкая, лёс 360 працаўнікоў не зразумелы, пастанова пра лёс фабрыкі «не трывае пераносаў тэрмінаў».

2017 год. Усе як могуць, угаворваюць Лукашэнку

У пачатку наступнага года віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў:

- Думаю, што гэта павінна быць адзінае прадпрыемства. Летась мы скончылі мадэрнізацыю «Камволя», за кошт новага абсталявання ў разы павялічылася прадукцыйнасць прадпрыемства. Пры гэтым вызваліліся плошчы, таму на іх і трэба сумяшчаць камвольную і суконную вытворчасць... Аб'яднанне непазбежнае, гэта маё меркаванне.

Да лабіявання ідэі зноў падключыўся Мікалай Яфімчык. Ягоныя аргументы: адкіды камвольнай вытворчасці з'яўляюцца асноўнай сыравінай для суконнай вытворчасці, у прадпрыемстваў вельмі блізкая судакранальнасць у тэхналагічным абсталяванні, не трэба будзе ўтрымліваць велізарны апарат кіравання і тэхспецыялістаў, на ААТ «Сукно» пустуюць велізарныя плошчы.

У кастрычніку Сямашка заявіў, што вытворчыя магутнасці «Сукна» можна перанесці на «Камволь» за год-два. І падкрэсліў: «Не трэба ў ААТ «Сукно» цяпер укладваць вялізныя грошы. Патрэба ў сукне значна ўпала».

Лукашэнку гэтых аргументаў было, здаецца, мала. У снежні падчас наведвання «Камволя» дыктатар пацікавіўся меркаваннем кіраўніцтва турэцкай кампаніі Zen Led аб магчымасцях беларускага суконнага прадпрыемства пасля мадэрнізацыі. Старшыня Рады праўлення кампаніі Сабра Доган адзначыў, што цягам двух гадоў магчыма выйсці на вытворчасць і продаж амаль 4 млн пагонных метраў суконнай тканіны.

Лукашэнка звярнуўся да чыноўнікаў: «Чаму чалавек можа прадаць 4 млн пагонных метраў суконнай тканіны за год, а вы мне прапануеце вырабляць у 10 разоў менш?»

Беларускі дыктатар чарговым разам даручыў прапрацаваць варыянты захавання паўнавартаснай суконнай вытворчасці ў краіне.

2018 год. Урад даціскае Лукашэнку

У пачатку года суд прызнаў ААТ «Сукно» эканамічна неплатаздольным і пастанавіў увесці санацыю.

Увесну кіраўнік канцэрна Мікалай Яфімчык як быццам памяняў меркаванне і заявіў, што прапрацоўваецца магчымасць аднаўлення «Сукна» на ранейшай вытворчай пляцоўцы. Нібыта для новай вытворчасці пляцоўкі «Камволя» не выстарчыць.

Але пасля змены кіраўніка ўрада наступіла нечаканая развязка. У лістападзе Сяргей Румас з'ездзіў на «Сукно», каб на свае вочы паглядзець на вытворчасць.

Нарэшце 3 снежня пасля нарады ў дыктатара віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка распавёў журналістам: «Сукно» пераедзе на пляцоўку «Камволя», а тэрыторыю прадпрыемства прададуць на аўкцыёне, каб разлічыцца з абавязкамі.

Адно з тлумачэнняў: загрузка састарэлых магутнасцяў не перавышае 10%. Мабыць, каб Лукашэнка застаўся задаволены, юрыдычная асоба і гандлёвая марка будуць захаваныя.

«Цяганіна», як любіць выказвацца дыктатар, доўжылася пяць гадоў. Але, відавочна, чыноўнікі тут не пры чым.