19 красавiка 2024, Пятніца, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст з Берасця: Міністр Худык – недзеяздольная асоба

2
Актывіст з Берасця: Міністр Худык – недзеяздольная асоба

Берасцейцы прадоўжаць барацьбу супраць акумулятарнага завода.

Амаль сто пытанняў і больш за пяць гадзін размовы - чацвёра берасцейскіх актывістаў, якія пратэставалі супраць акумулятарнага завода, сустрэліся з міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам, паведамляе «Белсат».

Расказвае Аляксандр Кабанаў, блогер, «Народны рэпарцёр»:

«Сустрэча была ў пашыраным складзе, то бок, акрамя нас было 26 чалавек. Было і цяжка, і нейкія маральныя моманты, і на крык пераходзілі. На многія рэчы ўвагі не звярнулі, на многія пытанні мы адказу не атрымалі, сёе-тое, вядома, разабралі».

Акумулятарны завод у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» будуе прадпрыемства «АйПаўэр». На заводзе, размешчаным каля некалькіх вёсак, за два кіламетры ад пачатку горада, плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Праціўнікі завода ўважаюць вытворчасць небяспечнай і заяўляюць аб парушэннях на будоўлі.

Пратэсты супраць завода працягваюцца са студзеня. Мясцовыя ўлады шмат разоў забаранялі акцыі, а актывістаў, блогераў і журналістаў каралі арыштамі і штрафамі. Але за гэты час актывісты сабралі блізу 40 тысяч подпісаў супраць шкоднай вытворчасці, сустракаліся з кіраўніцтвам горада і прадстаўнікамі фірмы-забудоўшчыка, разаслалі некалькі сотняў зваротаў у розныя інстанцыі.

Блогер Аляксандр Кабанаў прадаўжае:

«Яны абураюцца супраць фактаў, адкрытых у працы прадпрыемстваў у гарадах нашай краіны, у Пінску, Белазёрску. Знойдзеныя факты дзяржаўнага маніторынгу забруджвання глебы. І пад ціскам гэтых фактаў і арганізаваная сустрэча».

Са слоў Аляксандра Кабанава, міністр падчас сустрэчы неаднаразова падзякаваў актывістам за тое, што яны робяць працу эколагаў, але папракнуў, што шмат інфармацыі ў іх неаб'ектыўная. А паводле актывіста, чыноўнікі карыстаюцца дакументацыяй і інструкцыямі яшчэ савецкага часу.

Але не ўсе пратэстоўцы ўважаюць шлях перамоваў з уладамі правільным.

«Худык – недзеяздольная асоба, ён не прымае пастаноў. Яму далі каманду выклікаць людзей, яны ведаюць, што Дзям'ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк нешта накапаюць. І яны накапалі, яны прафесійныя хлопцы. А цяпер чыноўнікі будуць задаваць пытанні і даведаюцца, што яны яшчэ ведаюць. А потым скарэктуюць так, што потым ніякім судом нічога давесці будзе нельга», - тлумачыць Фёдар Петрусевіч, грамадскі актывіст.

Пасля таго, як у сярэдзіне снежня стануць вядомыя вынікі другой дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы праекта, міністр абяцаў зноў сустрэцца з пратэстоўцамі. На заводзе тым часам мантуюць абсталяванне, і ўжо ў студзені плануецца пробны запуск.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках