21 жнiўня 2019, Серада, 4:58
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Што здзівіла ў словах Шуневіча

18
Што здзівіла ў словах Шуневіча
ФОТА: MVD.GOV.BY

Беларусы прапануюць абгарадзіць статую гарадавога парканам і вакол павесіць калючы дрот.

У сацыяльных сетках вірусна распаўсюджваюць феерычны дыялог кіраўніка МУС і журналісткі, у якім Ігар Шуневіч дае вычарпальны адказ, навошта падлетку трэба было прасіць прабачэння перад скульптурай гарадавога, піша Алена Антонава для «Салiдарнасцi».

Нагадаем, міністр унутраных спраў прызнаўся, што гэта была ягоная ідэя - зрабіць ролік. На пытанне «для чаго» Шуневіч адказаў: «для таго».

Адзін з форумцаў назваў гісторыю з падлеткам тэатрам абсурду.

«Якое стаўленне будзе потым у маладзёна да гэтай улады пасля такога прыніжэння?» - пытаецца ўдзельнік дыскусіі.

Падамо іншыя меркаванні:

«Гэта ўсё з той жа вайсковай лухты, як гонар слупу аддаваць, недакурак на метр закопваць і гэтак далей».

«Для таго». Адказ кшталту «бо гладыёлус». Толькі звычайна гэта жарт у КВЗ, а ў нас - міністр...»

«Калі б міністр чытаў не Акуніна, а сур'ёзныя кнігі гісторыі, то ён бы ведаў, што паставіць помнік царскага жандара, у якога рукі па локаць у крыві простага народа, было не самай разумнай пастановай».

«Фелікс Дзяржынскі ў труне б перавярнуўся, калі б даведаўся, што супрацоўнікі НКУС будуць уважаць сябе за нашчадкаў царскіх жандараў».

На форуме таксама прагучала прапанова абгарадзіць статую гарадавога парканам і вакол павесіць калючы дрот: «А то не дай божа які іншаземец захоча з ім фота зрабіць, потым прасіць прабачэння давядзецца на ўсіх мовах свету, у нас жа ўсе вакол адэкватныя...»

Некаторыя выказваюць меркаванне, што ў іншай краіне «ўжо праз пару гадзін ля гэтага балвана (скульптуры гарадавога - заўв. «С») сабралася б пару тысяч неабыякавых грамадзян» і патрабавалі б адстаўкі гэтага міністра, але ў нас і гэта стрываюць.

Дарэчы, на сайце МУС скульптуру гарадавога называюць удалым месцам для памятнага фота.

У Фэйсбуку карыстальнікі жартуюць з гэтай нагоды: «Удала сфатаграфаваным грамадзянам будзе дадзеная магчымасць папоўніць гарадскі бюджэт на некалькі базавых адзінак, а самыя шчаслівыя атрымаюць бясплатнае жыллё і збалансаванае дыетычнае харчаванне на тэрмін да 15 дзён».

Тым часам беларусы чакаюць ад сталічных уладаў і МУС адказу на петыцыю з просьбай ліквідаваць «металічнага ідала», які, на іх думку, правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеянні. Зварот падпісалі 2603 чалавека.

Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома аб спыненні адміністрацыйнай справы ў дачыненні да 16-гадовага Арсенія, на якога міліцыя склала пратакол за тое, што хлопец ударыў скульптуру гарадавога каля будынку МУС.