12 снежня 2018, Серада, 4:55
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Відэафакт: Як трэба змагацца з дэкрэтамі Лукашэнкі

21

Тэма зноў стала актуальнай.

«Радыё Свабода» апублікавала падборку відэа з масавых акцый пратэсту супраць дэкрэта Лукашэнкі №3 пра «дармаедаў», якія праходзілі ў Беларусі ў 2017 годзе.

«Давайце ўзгадаем, як праходзілі пратэсты супраць падатку на беспрацоўе ў Беларусі год таму. Бо тэма зноў актуальная», - піша выданне.

З 1 снежня ў Беларусі пачала дзейнічаць база звестак «дармаедаў», у якую трапіла блізу паўмільёна чалавек. У яе, згодна з дэкрэтам Лукашэнкі №1, трапілі беларусы, якім, з 2019 года давядзецца цалкам аплачваць камунальныя паслугі.

Грамадская актывістка з Віцебска, каардынатарка аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец мяркуе, што змагацца з дэкрэтам аб «дармаедах» трэба масавымі акцыямі пратэсту і татальным байкотам незаконных пастаноў улады.

«Супраціў. Татальны байкот. Байкатаваць усіх - пачынаючы ад Лукашэнкі з яго пастановамі і заканчваючы тымі, хто ў «адным акне» будзе выдаваць даведкі аб «дармаедстве». Усім гэтым установам - поўны байкот. Давайце пакажам ім вялікую-вялікую дулю.

Пайсці ўсім да выканкамаў і іншых «гнёздаў чыноўнікаў» і сказаць... Не, нават не сказаць, а зрабіць. Прычым не ўсім асобна, у рэгіёнах, а разам. Сабрацца ўсім у Менску - і пачаць мяняць гэтую ўладу. Яе трэба мяняць. Далей ужо - проста немагчыма. Калі выйдзе дзве, пяць і нават 10 тысяч - нічога не адбудзецца. А вось калі выйдзе 100 тысяч і больш - тады ўжо зусім іншая справа.

Я і мае дзеці заўсёды былі ў шэрагах пратэстоўцаў. Мы заўсёды адчувалі сябе гаспадарамі на сваёй зямлі. І калі людзі выйдуць супраць новага дэкрэта аб «дармаедах», я зноў буду з імі», - заявіла актывістка ў інтэрв'ю Charter97.org.