«Я думаю, да гэтага рыхтаваліся»
10- 6.12.2018, 16:40
- 19,537
Aктывістаў прафзвязу РЭП у судзе чакаў АМАП.
Чалец прафзвязу РЭП Зміцер Канечук прыйшоў у суд з пазовам да наймальніка. Але ў судзе падзеі разгарнуліся паводле нечаканага сцэнару, піша praca-by.info.
Зміцер Канечук, які пашкодзіў на лесапільні нагу, падаў у суд пазоў да наймальніка «Форэст Даго»: начальства прымушала яго працаваць з хворай нагой, ці звальняцца.
У суд са Змітром Канечуком прыехалі і прафсаюзныя актывісты з Бабруйска, зрэшты, Галіна Смірнова, лідарка Бабруйскага аддзялення РЭП, і юрыст Алег Жалноў.
Пасяджэнне праходзіць у Глускім судзе, суддзя Доўгіх: перанесенае з Бабруйска, бо жонка адказчыка - былая суддзя названага суда.
Як паведаміла Галіна Смірнова з залы судовых пасяджэнняў, усё адразу пайшло не так. Пачалося з таго, што адказчык заявіў хадайніцтва аб тым, каб суддзя загадаў адсадзіць далей ад пазоўніка вольных слухачоў, хоць ніякі закон не абмяжоўвае стасункі пазоўніка ў грамадзянскім працэсе з прадстаўнікамі кожнага з бакоў.
Далей пракурор Андрэй Ларкін палічыў, што Алег Жалноў абразіў яго і падаў заяву аб прыцягненні Жалнова да адказнасці. Адразу пасля гэтай заявы, нават не чакаючы заканчэння грамадзянскага працэсу Змітра Канечука, у суд прыехаў следчы з атрадам міліцыі і проста ў калідоры пачаў дапытваць сведкаў:
- А ўсе сведкі - гэта тыя, каго запрасіў адказчык: наймальнік Змітра Канечука ААТ «Форэст Даго». Даюць ілжывыя паказанні: нібыта Алег выскачыў з залы суда і абражаў пракурора. Гэта няпраўда, з нас ніхто не выходзіў з залы ў перапынку, тым больш ніхто нікога не абражаў, - патлумачыла Галіна Смірнова.
Актывістка прафзвязу перакананая, што да іх з'яўлення ў судзе рыхтаваліся загадзя:
- Я здагадваюся, чым скончыцца суд. АМАП чакае на выхадзе. Алег Жалноў запатрабаваў позву; я думаю, цяпер і позва будзе.
Генадзь Фядыніч, лідар прафзвязу РЭП, назваў падзеі ў судзе абуральнымі:
- Дзе мы бачылі, каб на заяву аб абразе прыязджаў АМАП? Паспрабуйце самі прыйсці і напісаць такую заяву ў міліцыю: ці паводле вашай заявы імгненна выязджае атрад? Адразу відаць: не простага чалавека абразілі.
Тым часам, у Глускім судзе ўсё яшчэ прадаўжаецца пасяджэнне паводле грамадзянскага пазову Змітра Канечука.