19 красавiка 2024, Пятніца, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскі завод у Светлагорску рыхтуюць да перазапуску

5
Кітайскі завод у Светлагорску рыхтуюць да перазапуску

«Беллеспаперапрам» назваў некарэктнымі пытанні жыхароў Светлагорска аб кітайцах, хто пакінулі завод беленай цэлюлозы.

Ініцыятыўная група па маніторынгу сітуацыі з заводам беленай цэлюлозы ў Светлагорску (Гомельская вобласць) атрымала адказ на свой зварот у канцэрн «Беллеспаперапрам», пішуць naviny.by.

Актывісты былі занепакоеныя, што новае прадпрыемства ізноў пачало нейкія працы, пра што сведчаць тэхналагічны шум і непрыемны пах з заводу. Афіцыйна 13 лістапада «Беллеспаперапрам» заяўляў, што вытворчасць на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску прыпынена, бо неабходныя тэхнічныя дапрацоўкі.

У канцы лістапада ў актывістаў ініцыятыўнай групы з'явілася інфармацыя, што кітайскія спецыялісты - прадстаўнікі карпарацыі САМСЕ пакінулі завод. «У добраахвотным парадку або не, мы не ведаем», - заяўляла БелаПАН праваабаронца Алена Маслюкова.

Ініцыятыўная група звярнулася ў канцэрн «Беллеспаперапрам» па тлумачэнні сітуацыі з заводам. Актывісты ставілі шэраг пытанняў: ці будзе завод запушчаны найбліжэйшым часам, ці ўстаноўленае абсталяванне для спальвання смуродных газаў, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя, што кітайцы з'ехалі, забраўшы электронныя ключы і праграмнае забеспячэнне? Таксама грамадзяне цікавіліся: ці магчыма запусціць завод без кітайцаў?

Старшыня канцэрна Юрый Назараў адказаў ініцыятыўнай групе, што ўжо праведзена паўторная экалагічная экспэртыза завода беленай цэлюлозы.

«Захады, прынятыя падчас рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў і тэхналагічных пастаноў падчас пусканаладачных работ, прызнаныя адпаведнымі патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь і дастатковымі, каб забяспечыць вытворчы працэс вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы без прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, а таксама жыццю і здароўю жыхароў горада і раёна», - адказаў кіраўнік канцэрна.

Як вынікае з адказу, цяпер на Светлагорскім ЦКК ідзе засваенне газавага храматографа Agilent 7890, які дазволіць «улоўліваць смуродныя газы», вызначаць іх канцэнтрацыю.

Паводле звестак канцэрна, цяпер вытворчасць беленай цэлюлозы праходзіць абавязковы комплекс наладжвання абсталявання, пасля чаго прадпрыемства прадоўжыць працу ў бяспечным штатным рэжыме.

«Што датычыцца ўзаемастасункаў ААТ «Светлагорскі ЦКК» з яго партнёрамі, у тым ліку замежнымі, то гэта з'яўляецца яго выключным правам і кампетэнцыяй. Пастаўленыя вамі пытанні аб камерцыйнай дзейнасці і ўнутраных справах прадпрыемства з'яўляюцца некарэктнымі і не належаць да абавязковых для абвяшчэння», - адказаў Назараў.

Алёна Маслюкова мяркуе некарэктным утойваць ад насельніцтва інфармацыю, ад якой наўпрост залежыць жыццё і здароўе людзей.

«Хто дазволіў пуск завода? Хто панясе адказнасць, калі нешта здарыцца? Хто будзе адказваць за зняцце кітайцамі завода з гарантыйнага абслугоўвання? Як праводзілася экалагічная экспэртыза, калі толькі нядаўна закуплены адзін на Беларусь храматограф, здольны ўлавіць гэтыя меркаптаны? Ці законная такая экспэртыза? Ці прыняты завод у эксплуатацыю цэлюлозна-кардонным камбінатам? Ці ёсць акт уводу ў эксплуатацыю? На гэтыя пытанні мы не атрымалі адказы», - адзначыла Маслюкова.

Нагадаем, пасля пробнага пуску завода ў лістападзе 2017 года вёску Якімава Слабада і горад Светлагорск накрыла смуродам. Людзі пакутавалі ад млоснасці, кашлю, скардзіліся на праблемы са здароўем. Кіраўніцтва завода сцвярджала, што нарматывы не парушаныя, газы нізкай канцэнтрацыі не шкодныя для здароўя. Толькі пасля ціску грамадскасці кіраўніцтва прызнала, што ў атмасфернае паветра трапляюць метылмеркаптаны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках