25 красавiка 2024, Чацвер, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У якія скандалы трапіў БРСМ з новым кіраўніком

13
У якія скандалы трапіў БРСМ з новым кіраўніком

Правесці рэбрэндынг «лукамол» не здолеў.

У траўні новым кіраўніком БРСМа стаў 31-гадовы Дзмітрый Варанюк. Ураджэнец Ташкента разам з бацькамі вярнуўся на радзіму пры пераходзе ў 9-ы клас школы. Са студэнцкіх гадоў ён рабіў кар'еру ў БРСМ. Пасля абрання кіраўніком Варанюк заявіў, што «хоча зламаць стэрэатыпы і зрабіць арганізацыю па-сапраўднаму моладзевай, сучаснай і патрэбнай кожнаму», піша udf.by.

З таго моманту прайшло паўгода - чым адзначыўся БРСМ за гэты час?

Фото: blood.by

Анонс рэбрэндынгу

У верасні Дзмітрый Варанюк заявіў аб магчымай змене назвы арганізацыі:

«Хоць мы і пераемнікі камсамола, але, відавочна, трэба падумаць над новай назвай, над рэбрэндынгам. «Пленум», «ЦК» - гэта ранейшыя словы. Яны захаваліся ва ўнутранай кухні арганізацыі. Выклікаюць у кагосьці настальгію, розныя пачуцці. Мабыць, трэба ўжо нешта новае».

Са слоў Варанюка, працу над рэбрэндынгам планавалі пачаць з 6 верасня. Але з тых часоў пра гэта нічога не чуваць.

Скандал з прыпіскамі ў студэнцкіх атрадах

У жніўні Генеральная пракуратура паведаміла аб выяўленых парушэннях у працы БРСМ пры арганізацыі студэнцкіх атрадаў. Некаторыя маладзёны паняцця не мелі аб тым, што працуюць у студатрадах, але БРСМ запісаў іх у свой актыў.

Напрыклад, Мазырскі райкам БРСМ у КСУП «Слабадская ім. Леніна» прыпісаў 32 чалавекі ў склад двух студэнцкіх атрадаў. Аналагічныя парушэнні зафіксавалі ў Рагачоўскім, Брагінскім, Лагойскім і Чэрвеньскім раёнах.

Потым удакладнялася, што парушэнні адбываліся летась - на той момант Дзмітрый Варанюк кіраваў Менскім абласным камітэтам БРСМ.

Дзіўная заява пра «ночы расстраляных паэтаў»

У кастрычніку ў групе БРСМ Вконтакте Дзмітрый Варанюк эмацыйна адрэагаваў на пытанне, ці будзе арганізацыя праводзіць акцыю ў гадавіну масавага расстрэлу беларускай інтэлігенцыі.

«Давайце да сутнасці. Вы гісторык? Прафесар? Маеце навуковыя публікацыі? Калі так, буду рады азнаёміцца. І тады прывесці таксама гістарычныя факты. Кідацца жа фактамі ў стылі праграм Рэн-ТВ пра расстрэлы мне не падабаецца... Будуць пытанні яшчэ - пішыце ў асабістую тэчку, не засмечвайце трызненнем», - напісаў Варанюк.

Фото: sb.by

Праўда, неўзабаве ён апублікаваў выбачэнні на адрас людзей, чые лёсы кранулі падзеі масавых расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі.

Скандал з прымусам гімназістаў уступаць у БРСМ

Пасля абрання першым сакратаром Варанюк сказаў пра прымус моладзі да ўступлення ў шэрагі арганізацыі: «Наколькі я ведаю, цяпер ужо даўно такога не адбываецца».

Але восенню ў сетцы з'явіўся аўдыёзапіс, на якім чуваць, як вучняў адной з менскіх гімназій угаворваюць уступіць у БРСМ.

«Хочаце вы - не хочаце, забралі гэты білет, узялі ў зубы, паклалі дома на палічку і сядзіце, заткніцеся! Усё! Я ўжо з вамі як з дарослымі людзьмі размаўляю», - заявіла прадстаўніца гімназіі.

Запіс быў зроблены летась. У БРСМ заявілі, што арганізацыя супраць такіх фактаў і просіць пры прымусе звяртацца да іх.

Святкаванне 100-годдзя камсамола

Дзмітрый Варанюк казаў, што БРСМ з'яўляецца самастойнай арганізацыяй: «Каб мы пад чыю-небудзь дудку скакалі? Няма такога».

Аднак у пачатку года прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў загадаў стварыць аргкамітэт для падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Туды былі ўключаныя і прадстаўнікі БРСМ.

Цягам года арганізацыя правяла шматлікія акцыі, прысвечаныя юбілею камсамола.

Крытыка з боку Лукашэнкі

Першы раз Лукашэнка звярнуў увагу на БРСМ у чэрвені, калі заклікаў арганізацыю да большай актыўнасці:

«Трэба жывая праца з моладдзю, каб не было ашуканства, фармалізму, бюракратыі, якая была ўласцівая таму камсамолу, у якім я быў. Трэба больш жывой справы».

Да крытыкі Лукашэнка вярнуўся проста падчас сустрэчы з актывам БРСМ на прыёме, прысвечаным стагоддзю камсамола.

«Трэба менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў. Не распыляйцеся, не спрабуйце ахапіць усё і быць усюды - вы не паспееце. Вызначыцеся ў галоўным, па меры руху вы будзеце дадаваць тыя ці іншыя кірункі, якія зможаце пацягнуць», - параіў дыктатар арганізацыі, якая існуе за кошт бюджэту ўжо больш за 15 гадоў.

Дзмітрый Варанюк сказаў пасля абрання першай асобай БРСМ:

«Мая галоўная мэта - зрабіць так, каб кожны маладзён ведаў, што такое БРСМ, і хацеў далучыцца да яго. Мы хочам разбурыць усе негатыўныя стэрэатыпы, звязаныя з гэтай абрэвіятурай».

Але, як бачым, пакуль атрымліваецца ў яго не надта.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках