26 красавiка 2024, Пятніца, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаго чакаць ад новай лідаркі CDU, якая жорстка крытыкуе Пуціна

Чаго чакаць ад новай лідаркі CDU, якая жорстка крытыкуе Пуціна

Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр прапануе замкнуць еўрапейскія парты для РФ.

У суботу, 8 снежня, у Гамбургу закончыўся двухдзённы з'езд Хрысціянска-дэмакратычнай уніі (CDU) - вядучай партыі кіроўнай у Нямеччыне кааліцыі канцлеркі Ангелы Мэркель (Angela Merkel). Самае галоўнае дэлегаты зрабілі ўжо напярэдадні. Пераемніцай Мэркель на пасадзе старшыні партыі яны абралі Генеральную сакратарку CDU Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр (Annegret Kramp-Karrenbauer) – фаварытку канцлеркі, піша DW.

АКК - так для прастэчы скарачаюць ейнае імя - з адрывам толькі 35 галасоў (52 супраць 48 адсоткаў) абышла ў другім туры галасавання былога старшыню фракцыі кансэрватараў у Бундэстагу Фрыдрыха Мэрца (Friedrich Merz), які лічыцца ўнутрыпартыйным апанентам канцлеркі. Абранне новага лідара CDU заставалася галоўнай тэмай і другога дня з'езда кансэрватараў - прынамсі, у яго кулуарах.

CDU на мяжы расколу?

"Калі б я быў сябрам гэтай партыі, то цяпер выйшаў бы з яе", - так пракаментаваў у суботу карэспандэнту DW рэпарцёр адной рэспектабельнай нямецкай газэты паразу Мэрца, які быў надзеяй усіх незадаволеных у CDU занадта лібэральным, на іхнюю думку, курсам Ангелы Мэркель.

Дэлегаты, якія галасавалі за ўнутрыпартыйнага апанента канцлеркі, гэтак шчыра, вядома, не выказваюцца. Але і яны прызнаюць, што перад новай старшынёй CDU стаіць нялёгкая задача: прадухіліць раскол партыі і забяспечыць адзінства яе шэрагаў. Шмат што, кажуць яны, цяпер будзе залежаць ад таго, ці здолее АКК інтэграваць у партыйную працу прадстаўнікоў кансэрватыўнага крыла CDU.

Першы крок у гэтым кірунку яна ўжо зрабіла. Новым генеральным сакратаром - на ейную прапанову - у суботу абраны аднадумец Мэрца 33-гадовы Паўль Ціміяк (Paul Ziemiak), які займаў дагэтуль пасаду старшыні моладзевай арганізацыі CDU.

Але і сама АКК у выступах на з'ездзе і ў шматлікіх інтэрв'ю, якія яна ахвотна давала пасля абрання новай старшынёй CDU, старалася паказаць, што мерыцца скарэктаваць курс партыі, зрабіць яе больш "хрысціянскай", арыентаванай на чалавека і падтрымку працавітых ды эканамічна актыўных людзей.

"CDU зрабіў стаўку на пераемнасць, а не на радыкальную змену курсу, - зазначае каментатар штотыднёвіка Spiegel Ральф Нойкірх (Ralf Neukirch). - Але АКК не будзе праводзіць такую ж палітыку, як Мэркель, яна не "міні-Мэркель".

Абарона прыроды - кансэрватыўная вартасць

Да спрадвечна хрысціянскіх, кансэрватыўных вартасцяў яна залічваюць, напрыклад, шмат якія ўяўленні партыі "Унія-90"/"Зялёныя". Для АКК, з ейных уласных слоў, "абарона дадзенай нам Богам прыроды" - гэта адна з класічных задач CDU.

Лідары саміх "зялёных" хоць стрымана, але ўсё ж у цэлым пазітыўна ацанілі абранне АКК старшынёй CDU. З ёй ім будзе напэўна прасцей дамаўляцца, чым было б з Мэрцам. На зямельным узроўні ўрадавыя кааліцыі з удзелам кансэрватараў і "зялёных" ужо існуюць, паводле апошніх апытанняў іх звя меў бы большасць і на агульным федэральным узроўні.

Шанцы Мэркель застацца канцлеркай узраслі

Паводле плану чарговыя парламенцкія выбары ў Нямеччыне маюць адбыцца ў 2021 годзе. Ангела Мэркель абвясціла, што "гатовая" і плануе заставацца на пасадзе канцлеркі ўвесь бягучы легіслатурны перыяд. Шанцы на рэалізацыю ейнага плана з выбраннем АКК старшынёй CDU узраслі. Каб стаў старшынём Мэрц, ён, напэўна, паспрабаваў бы неўзабаве заняць і пасаду старшыні ўрада.

Пры ўсіх ідэйных адрозненнях падкопу з боку АКК і канфлікту са сваёй пераемніцай на пасадзе лідаркі CDU Мэркель можа не баяцца. Той факт, што Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр на просьбу канцлеркі на пачатку гэтага года памяняла пасаду паспяховай прэм'ер-міністаркі зямлі Заар на клапатлівую пасаду генеральнай сакратаркі CDU, сведчыць аб шчыльных і даверлівых стасунках паміж дзвюма жанчынамі.

У АКК, якая давяла сваю здольнасць да кампрамісу, акрамя таго, больш шанцаў, чым іх было б у пана Мэрца, пераканаць сацыял-дэмакратаў, што ўваходзяць у кіроўную кааліцыю Мэркель, застацца ва ўрадзе да 2021 года. Рэч у тым, што сацыял-дэмакратычная партыя зазнае востры крызіс даверу выбаршчыкаў, і шмат хто з сацыял-дэмакратаў мяркуе, што прычына - іхні ўдзел ва ўрадзе Мэркель, патрабуюць скасаваць кааліцыю з тым, каб набрацца новых сіл у апазіцыі.

Новая лідарка CDU і санкцыі супраць Расеі

Што да замежнай палітыкі, то міністарка абароны Нямеччыны Урсула фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen), заявіла ў інтэрв'ю DW, што чакае ад АКК больш жорсткай пазіцыі ў дачыненні да Расеі, чым тая, якую займае Ангела Мэркель.

Сама новая старшыня CDU на гэтую тэму таксама ўжо выказвалася, прапаноўвала у адказ на дзеянні Расеі ў Керчанскай пратоцыабвясціць забарону для расейскіх суднаў, прыпісаных да партоў ў Азоўскім моры, заходзіць у парты краін Еўрапейскага Звязу і ЗША.

У дачыненні да газаправоднага праекта "Паўночны струмень-2" яна не выключае дадатковых захадаў з тым, каб паўней улічыць інтарэсы бяспекі Украіны і пярэчанні іншых усходнееўрапейскіх краін. Адначасова АКК мяркуе, што не варта пагражаць Расеі такімі новымі санкцыямі, якія немагчыма будзе ўвесці. Аднак цяпер дзейныя, з ейных слоў, варта пакінуць у дзеянні.

Сталы госць з'ездаў CDU кіеўскі мэр Віталь Клічко ў інтэрв'ю карэспандэнту DW таксама заявіў, што ўважае санкцыі за "дзейсныя інструменты стрымлівання Расеі, якая праводзіць агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Украіны і на сусветнай арэне ў цэлым". Клічко спадзяецца, што новая лідарка CDU будзе і далей падтрымліваць Украіну "на яе шляху да ператварэння ў паўнапраўнага ўдзельніка вялікай еўрапейскай сям'і народаў".

Высокапастаўлены прадстаўнік украінскага ўрада, з якім карэспандэнт DW размаўляў у кулуарах з'езда, заявіў, што вельмі задаволены абраннем АКК старшынёй CDU. Паводле ягонай ацэнкі, Мэрц - цёмны конік у гэтым аспекце, мае шчыльныя сувязі з вялікім бізнэсам, а значыць, - мог змяніць лінію на захаванне ў дзеянні санкцый ЕЗ, пайшоўшы за тымі нямецкімі прадпрымальнікамі, якія выступаюць за іх скасаванне. "Ад Мэрца невядома чаго чакаць, - сказаў суразмоўца DW, - а АКК – верабей у руцэ, яна дакладна будзе, як мінімум, працягваць тую палітыку ў дачыненні да Расеі, якую праводзіць канцлерка Ангела Мэркель".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках