Патрабуем неадкладна разблакаваць «Хартыю-97»!
2- 1.02.2018, 9:31
- 14,725
Рух салідарнасці «Разам» выступіў у падтрымку найбуйнейшага незалежнага навінавага рэсурсу.
Сайт «Хартыя-97» павінен быць неадкладна разблакаваны, а кампанія салідарнасці з боку міжнароднай супольнасці і беларусаў павінна быць максімальна эфектыўнай. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай рухам салідарнасці «Разам»:
«Не - блакаванню сайта «Хартыя-97»!
Рух салідарнасці «Разам» смела пратэстуе супраць блакавання сайта «Хартыя-97» у інтэрнэт-прасторы Рэспублікі Беларусь. Прынятая міністэрствам інфармацыі Беларусі пастанова аб блакаванні гэтага сайта знаходзіцца ў наўпроставай супярэчнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, якое гарантуе права на свабоднае атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў (арт 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), а таксама з міжнароднымі абавязаннямі нашай краіны.
Гэтая пастанова беларускіх уладаў таксама сведчыць пра тое, што тыя абяцанні, якія так шчодра раздаюць «высокія» і больш дробныя прадстаўнікі цяперашняга рэжыму на сустрэчах з эмісарамі Захаду для зняцця з рэжыму палітычных і эканамічных санкцый, кардынальным чынам разыходзяцца з іх рэальнымі справамі. Пад хлуслівыя славесныя дэкларацыі аб «лібералізацыі», рэжым Лукашэнкі надалей арушае адную з асноўных дэмакратычных свабодаў - свабоду слова.
Зыходзячы з гэтага, Рух салідарнасці «Разам» патрабуе ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь неадкладна скасаваць сваю супрацьзаконную пастанову аб блакаванні сайта «Хартыя-97».
Рух салідарнасці «Разам» звяртаецца да кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу, яго асобных краін, да кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі з заклікам улічваць стан свабоды слова ў Беларусі пры прыняцці пастаноў аб дачыненнях з сённяшнімі ўладамі Беларусі.
Мы таксама заклікаем сусветную журналісцкую супольнасць да салідарнасці з журналістамі «Хартыі-97», якім нахабна чыняць перашкоды ў іх прафесійнай дзейнасці.
Свабоду «Хартыі-97»!
Свабоду незалежным СМІ!
Жыве Беларусь!»
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»