Польскае радыё: «Хартыю ўсё адно разблакуюць»
6- 1.02.2018, 12:45
- 17,660
Нават клады прыйдуць да высновы, што блакаванне партала - бессэнсоўны крок.
За мінулыя 7 дзён беларускія ўлады заблакавалі сайт «Хартыя'97», скасавалі сумна вядомы «падатак на дармаедства» і прынялі з візітам высокапастаўленага еўракамісара. Ці вернуць «Хартыю» у Байнэт? Ці будзе новы Дэкрэт №1 лепшы за скандальны Дэкрэт №3, і якія прапановы прывёз у Менск еўракамісар у справах еўрапейскай палітыкі суседства Ёханэс Хан? На гэтыя пытанні журналіста «Польскага радыё» Аляксандра Папко ў «Палітычным люстэрку» адказвае палітолаг Максім Руст.
Тыя, хто хоча чытаць «Хартыю» - будуць яе чытаць
24 студзеня беларускія ўлады закрылі доступ да папулярнага грамадска-палітычнага сайту «Хартыя'97». Згодна з афіцыйнай фармулёўкай - за публікацыю інфармацыі, «распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». З якой мэтай Менск заблакаваў сайт у перыяд, калі ніякіх пратэстаў на гарызонце не праглядаецца? Чаму за апазіцыйны партал заступіўся блізкі да ўладаў бізнэсовец Віктар Пракапеня? Ці падзейнічаюць ягоныя аргументы і ці будзе «Хартыя» разблакаваная?
Максім Руст: Я ў гэтым блакаванні не бачу нейкай логікі. Магчыма, што гэта была чарговая спроба пратэставаць рэакцыю Захаду. Калі так, то вынік тэсту пазітыўны для Менска. Публічных заяў наконт гэтай справы ад заходніх палітыкаў мы не пачулі і наўрад ці пачуем. Што да Пракапені, то я ў тэхнічным плане згодны з усімі 5 пунктамі, у якіх ён абгрунтаваў, што блакаванне сайтаў - гэта глупства. Рэч нават не ў тым, што Пракапеня блізкі да ўладаў, а ў тым, што ён прагматык. І асабліва важны пункт - гэта магчымасці абысці блакаванне, якія ёсць амаль у кожным браўзэры. Нават калі чытач «Хартыі» не вельмі дасведчаны, то ўсё адно тыя, хто хоча яе чытаць - прачытаюць. Таму я думаю, што найбліжэйшым часам справу спусцяць і сайт разблакуюць - блакаванне не мае ніякага сэнсу.

Лёс дэкрэта будзе такі ж
25 студзеня Лукашэнка скасаваў сумна вядомы «падатак на беспрацоўных», які выклікаў масавыя сацыяльныя пратэсты годам раней. Замест гэтага правадыр Беларусі Дэкрэтам №1 абавязаў грамадзян, якія не маюць афіцыйнай працы і якія не стаяць на ўліку як беспрацоўныя, аплачваць субсідаваныя сацыяльныя паслугі поўным тарыфам. Спіс такіх паслуг урад вызначыць да 1 красавіка. Якая будзе рэакцыя грамадства на новы дэкрэт? Ці будзе ён выконвацца?
Максім Руст: Калі прыняты закон або дэкрэт абсалютна нелагічны і бесталковы, і гэта бачаць усе, то самае лепшае, што можна зрабіць - гэта проста яго скасаваць. Але ментальнасць беларускай сістэмы такая, што скасаванне заканадаўчага акта ўспрымаецца як прызнанне паразы. Таму і з'явіўся чарговы дэкрэт. Афіцыйны Менск часткова вучыцца на сваіх памылках, таму гучанне гэтага дэкрэту не такое радыкальнае і вельмі размытае. З поўнай сілай ён павінен пачаць дзейнічаць толькі ў наступным годзе. Да яго вельмі шмат пытанняў - якія паслугі, у якой суме і г.д. У многіх момантах ён проста невыканальны... Таму я думаю, што лёс Дэкрэта №1 будзе такі, як і яго папярэдніка, толькі без пратэстаў: выдаткуецца шмат сродкаў і часу, каб падрыхтаваць базы, нормы, камісіі, але наўрад ці атрымаецца ўвесці яго ў жыццё.