Рэдактары СМІ Саюза палякаў Беларусі салідарныя з Charter97.org
1- 1.02.2018, 15:59
- 17,966
Незалежны партал заўсёды абараняў правы польскай дыяспары ў Беларусі.
Рэдактары СМІ Саюза палякаў Беларусі прынялі супольную заяву з нагоды блакавання беларускімі ўладамі доступу да партала Сharter97.org, у якім яны пратэстуюць супраць чарговай спробы ўціску свабоды слова ў Беларусі і салідарныя з калегамі з партала «Хартыя-97».
Ніжэй прыведзены змест заявы Саюза палякаў Беларусі:
Горадня 1 лютага 2018 г.
Заява
Рэдактары СМІ Саюза палякаў Беларусі
Мы, рэдактары СМІ Саюза палякаў Беларусі - Інэса Тодрык-Пісальнік («Głos znad Niemna na uchodźstwie»), Ірэна Валюсь («Magazyn Polski na uchodźstwie») і Анджэй Пісальнік (portal Znadniemna.pl), з занепакоенасцю назіраем за чарговым актам падаўлення свабоды слова беларускімі ўладамі.
24 студзеня народ Беларусі, у тым ліку палякі, якія пражываюць у Беларусі, страцілі магчымасць доступу да самага папулярнага незалежнага онлайн-СМІ ў гэтай краіне - парталу Сharter97.org, доступ да якога быў заблакаваны беларускім урадам.
Рэдакцыя «Хартыі-97», як і СМІ Саюза палякаў у Беларусі, у выніку пераследу з боку ўрада, вымушаная працаваць у выгнанні на тэрыторыі Польшчы, урад якой дапамагае працы Сharter97.org. «Хартыя-97» з'яўляецца самай папулярнай у Беларусі незалежнай крыніцай інфармацыі аб падзеях у Беларусі і за мяжой.
Ізаляцыя беларускага грамадства ад надзейнай крыніцы інфармацыі, незалежнай ад беларускіх уладаў, з'яўляецца, на наш погляд, галоўнай мэтай блакавання доступу да сайта Сharter97.org.
Саюз палякаў Беларусі, які дзейнічае ў Беларусі ў варунках непрызнання дзяржаўнымі органамі, і яго СМІ, у сваёй гісторыі зазнавалі жорсткае і неабгрунтаванае ўмяшання дзяржаўных органаў у сваю дзейнасць і перажылі спробы беларускіх уладаў спыніць дзейнасць.
У самыя цяжкія моманты Саюза палякаў Беларусі партал Сharter97.org інфармаваў беларускае грамадства і міжнародную супольнасць пра пераслед беларускіх уладаў у дачыненні да Саюза палякаў Беларусі і СМІ Саюза палякаў Беларусі. Такім чынам, «Хартыя-97» спрыяла таму, што Саюз палякаў Беларусі пазітыўна ацэньваўся тысячамі чытачоў гэтага партала, а сітуацыя вакол Саюза палякаў Беларусі ўспрымалася ўплывовымі міжнароднымі арганізацыямі і інстытутамі, якія часта ў сваіх заявах і рэзалюцыях звярталіся да беларускіх уладаў з патрабаваннем спынення пераследу польскай нацыянальнай меншасці, якая пражывае ў гэтай краіне.
Менавіта дзякуючы інфармацыі пра пераслед найбуйнейшай арганізацыі польскай меншасці, то бок, Саюза палякаў Беларусі, якая распаўсюджваецца незалежнымі беларускімі СМІ, Саюз палякаў змог заставацца самай масавай і ўплывовай арганізацыяй нават у варунках непрызнання беларускімі ўладамі.
Сёння, калі беларускія ўлады распачалі яшчэ адну спробу абмежаваць свабоду выказвання ў Беларусі і ізаляваць беларускае грамадства ад важнай крыніцы незалежнай інфармацыі, уключаючы інфармацыю аб дзейнасці Саюза палякаў Беларусі, мы хочам выказаць наш пратэст супраць блакавання доступу да «Хартыі-97».
Выказаць салідарнасць з рэдакцыяй сайта Charter97.org нас абавязвае праяўленне ўдзячнасці за нязменную салідарнасць з намі, а таксама інстынкт самазахавання, які кажа, што калі сёння мы пройдзем побач з бядой, якая адбываецца з іншымі, заўтра, калі з намі штосьці здарыцца - іншыя не стануць на нашу абарону.
У сувязі са сказаным вышэй, мы заклікаем беларускія і міжнародныя арганізацыі паўплываць на беларускія ўлады, каб беларускія інтэрнэт-карыстальнікі атрымалі доступ да сайта Charter97.org!
Інэса Тодрык-Пісальнік, «Głos znad Niemna na uchodźstwie»,
Ірэна Валюсь, «Magazyn Polski na uchodźstwie»,
Анджэй Пісальнік, Znadniemna.pl
