18 красавiка 2024, Чацвер, 13:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расею вярнуўся «рэгіянальны эканамічны сепаратызм»

13
У Расею вярнуўся «рэгіянальны эканамічны сепаратызм»

Характэрныя для 1990-х з'явы «рэгіянальнага эканамічнага сепаратызму» вярнуліся ў расейскую эканоміку.

Крызіс узмацніў тэндэнцыі эканамічнага сепаратызму ў суб'ектах, рэгіянальныя ўлады імкнуцца закрыць свае межы для прадукцыі з іншых рэгіёнаў, каб падтрымаць мясцовых пастаўшчыкоў, вынікае з праекту дакладу рабочай групы да пасяджэння Дзяржсавета ў развіцці канкурэнцыі ў рэгіёнах (дата пасяджэння яшчэ не вызначана). Дакумент, падрыхтаваны Федэральнай антыманапольнай службай (ФАС), ёсць у РБК.

Насуперак Канстытуцыі, якая замацоўвае «адзінства эканамічнай прасторы і свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслуг», у шэрагу рэгіёнаў краіны адзначаюцца праявы пратэкцыянізму, кажа ФАС. Гэта вядзе да развіцця тэндэнцый эканамічнага сепаратызму ў рэгіёнах, што «з'яўляецца пагрозай для эканамічнай цэласнасці і нацыянальнай бяспекі дзяржавы», падкрэслівае антыманапольная служба.

Для расейскай эканомікі масавыя з'явы рэгіянальнага эканамічнага сепаратызму былі характэрныя ў 1990-я гады. «У апошнія некалькі гадоў, якія суправаджаюцца наступствамі эканамічнага крызісу, праявы рэгіянальнага эканамічнага «сепаратызму» становяцца ўсё больш характэрнымі ўмовамі вядзення бізнэсу ў асобных суб'ектах Расейскай Федэрацыі», - гаворыцца ў дакладзе.

ФАС вызначае эканамічны сепаратызм як крайнюю і маштабную форму рэгіянальнага пратэкцыянізму, калі мясцовыя ўлады падтрымліваюць «сваіх» вытворцаў і супрацьстаяць уваходу на рынак іншых удзельнікаў. Зацікаўленасць у такой палітыцы тлумачыцца магчымасцю папоўніць рэгіянальныя і мясцовыя бюджэты, рэалізаваць праграмы імпартазамяшчэння, але гэта прыводзіць да скрыўлення канкурэнцыі і пагаршэння бізнэс-асяродку.

Негатыўныя тэндэнцыі характэрныя не толькі для сферы вытворчасці і гандлю алкагольных напояў (дзе такія з'явы носяць масавы характар), але і для іншых галін расейскай эканомікі - асабліва ў сельскай гаспадарцы, прадаўжае ФАС.

Чужынцам увоз забаронены

Сярод найбольш распаўсюджаных формаў рэгіянальнага сэпаратызму - усталяванне як вусных, так і пісьмовых забарон на ўвоз тавараў пастаўшчыкоў з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, у сферы сельскай гаспадаркі рэгіянальныя органы ветэрынарнага нагляду часта неабгрунтавана адмаўляюць ва ўвозе мясной прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі іншага суб'екта, гаворыцца ў дакладзе (у якасці прыкладу падаецца забарона ветэрынарнага камітэта Валгаградскай вобласці на ўвоз свініны з Самарскай вобласці ў 2016 годзе).

Акрамя таго, ФАС фіксуе правапарушэнні, калі рэгіянальныя ўлады беспадстаўна адмаўлялі ў выдачы субсідый удзельнікам рынку, якія былі зарэгістраваныя на тэрыторыі іншага суб'екта (так, паводле звестак ФАС, паступаў урад Арэнбургскай вобласці).

Мясцовым вытворцам даюцца спецыяльныя, больш ільготныя ўмовы вядзення бізнэсу, прычым перавагі ўводзяцца не заўсёды законным спосабам, адзначае ФАС. А ў дачыненні да іншых удзельнікаў рынку ўстанаўліваюцца дыскрымінацыйныя ўмовы. Напрыклад, мінэканамразвіцця Саратаўскай вобласці праводзіла маніторынг, як прадстаўленая гарэлка мясцовай вытворчасці ў крамах: ці размешчаная «на ўзроўні вачэй» ў мэтах росту продажаў.

«Правілы гульні»

Для алкагольнага рынку ў Расеі характэрна схаванае субсідаванне мясцовых вытворцаў алкагольнай прадукцыі, квота ўвозу алкаголю з іншых суб'ектаў. Акрамя таго, на рэгіянальным узроўні для ўвозу з іншых рэгіёнаў алкагольных тавараў устанаўліваюцца мінімальныя кошты вышэйшыя за тыя, што ўстаноўленыя на федэральным узроўні, гаворыцца ў дакладзе ФАС.

«Усе [рэгіёны] зацікаўлены ў атрыманні акцызу на алкаголь, частка якога паступае ў бюджэт суб'екта, і, адпаведна, калі завозіцца чужы алкаголь, то акцыз фірма будзе плаціць на месцы сваёй юрыдычнай рэгістрацыі ў іншым месцы», - сказала РБК дырэктарка рэгіянальнай праграмы Незалежнага інстытута сацыяльнай палітыкі Наталля Зубарэвіч.

На ейную думку, выкарыстоўваць тэрмін «сепаратызм» няправільна - рэгіянальныя ўлады спрабуюць папоўніць бюджэты усімі даступнымі ім інструментамі. «Бюджэтны стан пераважнай большасці рэгіёнаў - гэта вялікія назапашаныя завінавачанасці, у 30 рэгіёнаў дэфіцыт бюджэту. Фэдэралы зрэзалі адсоткавы пункт падатку на прыбытак, пераразмеркавалі на сваю карысць частку акцызаў. Рэгіёны спрабуюць падабраць грошы ў бюджэт. Не называйце гэта сепаратызмам, называйце гэта правіламі гульні ў існых умовах, і не рэгіёны стварылі гэтыя правілы гульні», - кажа Зубарэвіч.

Вытворцы могуць уплываць на эканамічную палітыку мясцовых уладаў, мяркуе прафесар НДУ ВШЭ Сымон Кардонскі «У межах рэгіёну мясцовыя вытворцы дзеляцца адкатам з кімсьці з уладаў. Натуральна, яны могуць уплываць на паводзіны ўладаў, якія абмяжоўваюць увоз прадукцыі чужых вытворцаў», - сказаў РБК Кардонскі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках