25 красавiка 2024, Чацвер, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Eurostar адкрывае наўпроставы маршрут Лондан-Амстэрдам

4
Eurostar адкрывае наўпроставы маршрут Лондан-Амстэрдам
ФОТА: GETTY IMAGES

З красавіка цягнікі гэтым маршрутам будуць хадзіць двойчы на дзень.

Кампанія Eurostar, чые цягнікі ходзяць па тунэлі пад Ла-Маншам, адкрывае наўпроставае чыгуначнае злучэнне маршрутам Лондан-Амстэрдам, паведамляе расейская служба BBC.

З 4 красавіка цягнікі гэтым маршрутам будуць хадзіць двойчы на дзень. Паездка ад вакзала Сэнт-Панкраса ў Лондане да Амстэрдама зойме 3 гадзіны 41 хвіліну.

Але на першым часе цягнікі Eurostar будуць хадзіць толькі з Лондана да Амстэрдама.

Пасажыры, якія адпраўляюцца ў зваротным кірунку ў брытанскую сталіцу, павінны будуць перасаджвацца ў Брусэлі, каб прайсці пашпартны кантроль.

Кампанія Eurostar запэўнівае, што прыпынак у Брусэлі – часовы захад, які будзе дзейнічаць датуль, пакуль галандскія і брытанскія ўлады не дамовяцца аб арганізацыі памежнага пашпартнага кантролю на вакзале Амстэрдама. Як абяцаюць, гэта будзе зроблена да канца 2019 года.

Аналіз Вікторыі Фрыц, карэспандэнта ВВС у пытаннях транспарту:

- Гэтага чакалі ўжо даўно, і вось, нарэшце, пасажыры змогуць падарожнічаць наўпроставым чыгуначным маршрутам паміж Брытаніяй і Нідэрландамі.

ФОТА: GETTY IMAGES

Аператар нямецкіх чыгунак - кампанія Deutsche Bahn - яшчэ пяць гадоў таму спачатку абвясціў, а потым скасаваў наўпроставы маршрут паміж брытанскай і галандскай сталіцамі.

З тых часоў спробы Eurostar адкрыць такі маршрут натыкаліся на бюракратычныя перашкоды і тэхнічныя праблемы.

ФОТА: GETTY IMAGES

Колькасць пасажыраў, хутчэй за ўсё, будзе невялікай, прынамсі, спачатку. Брытанцы прывыклі падарожнічаць у Еўропу цягніком, але для галандцаў Eurostar не такі вядомы брэнд.

З Брытаніі кожны дзень будуць адпраўляцца толькі два цягнікі - гэта можна параўнаць з 70 наўпроставымі авіярэйсамі з Лондана ў Амстэрдам.

Eurostar не можа спаборнічаць з авіялініямі ў гнуткасці маршрутаў, але гэтая чыгуначная кампанія канкуруе з авіяперавозчыкамі ў кошце квіткоў. Кошт квітка Eurostar у адзін канец пачынаецца з 35 фунтаў.

Знойдзецца нямала пасажыраў, асабліва сярод бізнэсоўцаў, якія аддадуць перавагу доступу да электрычнай разеткі, свабоднага Wi-Fi і зручнаму працоўнаму месцу ў цягніку бляску сучасных аэрапортаў.

Ключавым пытаннем будзе спрашчэнне пашпартнага кантролю на шляху з Амстэрдама ў Лондан. Наўпроставае злучэнне без лішніх клопатаў - гэта раскоша, за якую многія будуць гатовыя плаціць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках