20 красавiка 2024, Субота, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Кошт бензіну будзе рухацца толькі ўверх

4
Барыс Жаліба: Кошт бензіну будзе рухацца толькі ўверх
БАРЫС ЖАЛІБА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Самае цікавае ў гісторыі з апошнім падаражаннем паліва хаваецца ў дэталях.

Пра гэта ў артыкуле для «Народнай волі» піша доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

«У Беларусі з 8 лютага кошт аўтамабільнага паліва павышаны на 2 капейкі. Як паведаміў віцэ-прэм'ер В.Сямашка, у студзені абодва нашыя НПЗ спрацавалі са стратай. «Нафтан» атрымаў страту 25 млн даляраў, Мазырскі НПЗ – 12-13 млн. даляраў.

Заводы разлічвалі на большае: яны абгрунтоўвалі ўраду падвышэнне кошту як мінімум на 5-6 капеек. Таму падвышэнне на 2 капейкі для іх — як хваробе кашаль. Намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» А. Рыбакоў дык наогул абгрунтоўваў неабходнасць ўзняцця коштаў на 23%. Асноўныя ягоныя аргументы – рост кошту расейскай нафты, якая пастаўляецца на нашы НПЗ, а таксама танны кошт маторнага паліва ў параўнанні з суседзямі з Еўразійскага саюзу, уключаючы Расею ды Украіну.

Адразу ўзбягае на думку: як жа так? Бо Расея пастаўляе нам нафту коштамі ніжэйшымі за сусветныя, якія не маюць экспартнай мыты? Д'ябал, як гаворыцца, хаваецца ў дэталях. Кошт нафты для Беларусі расце не толькі ў сувязі з сусветнай кан'юнктурай (а за год, да прыкладу, кошт расейскай маркі Urals падняўся на 29%), але і з прычыны праславутага падатковага манеўру, што прадаўжаецца ў Расеі. Ён прадугледжвае зніжэнне экспартных мыт нафты з паралельным ростам стаўкі падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Таму мыта, якой у кошце нафты для Беларусі няма, замяшчаецца ПЗКВ, які, натуральна, у гэтым кошце ёсць. Стаўкі падатку дадавалі да кошту тоны нафты ў 2017 годзе 306 расейскіх рублёў, у 2018 годзе дададуць 357 рублёў і ў 2019 годзе – 428 рублёў.

За тры апошнія гады сусветныя нафтавыя кошты знізіліся на 22%, але сырая нафта для беларускіх НПЗ падаражэла на 35%, а сусветныя кошты нафтапрадуктаў ўпалі на 40%. У 2017 годзе беларускія НПЗ куплялі расейскую нафту ўжо коштам 80% ад сусветнага, хоць яшчэ тры гады таму – за 50% ад сусветнага. Рэч яшчэ і ў тым, што ў развітых краінах асноўная частка кошту нафтапрадуктаў займае, як гэта і належыць, сабекошт іх вытворчасці. Таму са зніжэннем кошту нафты там зніжаліся і кошты на маторнае паліва. А ў Расеі і Беларусі, у краінах з не зусім рынкавай эканомікай, у кошце нафтапрадуктаў асноўная частка прыпадае на падаткі. Асабліва на акцызы. Таму зніжэнне коштаў на маторнае паліва было б вельмі заўважнае для бюджэту. А бюджэт, самі разумееце, гэта святое.

У студзені-лістападзе 2017 года расейская нафта падаражэла для нашых НПЗ у параўнанні з такім жа перыядам 2016 года на 34%. Таму выдаткі заводаў на яе куплю выраслі на 29,4%, або на 1 млрд даляраў, хоць у фізічным вылічэнні пастаўкі нафты знізіліся на 3,5%. Даўно вядома, што продажы маторнага паліва на ўнутраным беларускім рынку стратныя. Кошт на яго ў сумежных раёнах Расеі вышэйшыя за беларускія: бензіну на 12%, на дызпаліва – на 9%. Кошт на ўкраінскім рынку вышэйшы на 48-63%, у краінах Балтыі і Польшчы – вышэйшы за беларускі на 100-130% у залежнасці ад тыпу паліва. З гэтага пункту гледжання патрабаванні НПЗ аб павышэнні коштаў маюць рацыю.

Кампенсаваць стратныя продажы паліва на ўнутраным рынку да апошняга часу дапамагаў экспарт нафтапрадуктаў. Іх сярэдні кошт за студзень-лістапад 2017 года павялічыўся на 30,7% — да 428 даляраў за тону. У выніку пры зніжэнні экспарту ў фізічным вылічэнні на 10,3%, у вартасным вылічэнні ён вырас на 25,3%, або на 956 млн даляраў, — да 4,73 млрд. Прычым усе мыты ад нафтапрадуктаў накіроўваюцца фінансавымі ўладамі на кампенсацыю ўзрослай дзяржаўнай запазычанасці. У сталых клопатах аб бюджэце яны не прамінуць і падвысіць акцызны падатак ва ўнутраным кошце паліва.

Так што, як бы там не вагаліся нафтавыя каціроўкі на сусветным рынку, кошт бензіну, дызпаліва і іншыя нафтапрадукты ў Беларусі, ды і ў Расеі, будзе рухацца толькі ў адзін бок. Так бы мовіць, «рух уверх». Урад зыходзіць з таго, што аўтааматары — людзі не зусім бедныя: хочаш ездзіць – плаці добрую плату за паліва і дарожны падатак (у Расеі, дарэчы, ён уключаны ў кошт маторнага паліва). Але падвысіць кошт адразу на 5-6 капеек баяцца. Яшчэ свежыя ў памяці пратэсты аўтааматараў, якія ўтварылі штучныя коркі на галоўным Менскім праспекце. Значыць, будзе паступовае павышэнне на 2-3 капейкі некалькі разоў на год. Але галоўнае, што падаражанне маторнага паліва непазбежна вядзе да падаражэння транспартных паслуг і да росту коштаў на ўсё і ўсюды.

Беларускім НПЗ таксама трэба было б падумаць, як хутчэй правесці сваю мадэрнізацыю, каб падвысіць выхад нафтапрадуктаў і знізіць іх сабекошт, прапрацаваць лагістыку пастаўкі нафты з іншых краін. І наогул, як дамагчыся таго, каб быць у стане купляць нафту сусветнымі коштамі, бо ўсё адно да гэтага прыйдзем. А то ж, народ пытаецца, як можна працаваць са стратамі, купляючы нафту «дармавым» коштам? Або яшчэ троляць: калі даверыць дзяржаве гандаль наркотыкамі і прастытуцыю, то і яны будуць стратнымі. А бюджэт павінен папаўняцца за кошт росту ВУП і эфектыўнасці рэфармаванай эканомікі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках