25 красавiка 2024, Чацвер, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер распрацаваў мапу і маршрут габрэйскай спадчыны Гародні

Блогер распрацаваў мапу і маршрут габрэйскай спадчыны Гародні
Фота: racyja.com

У маршрут увайшлі 16 славутасцяў.

Гарадзенскі блогер Яўген Аснарэўскі распрацаваў мапу, прысвечаную габрэйскай спадчыне Гародні. На маршрут ён нанёс 16 славутасцяў, якія, на ягоную думку, могуць прыцягнуць чалавека, што цікавіцца гісторыяй габрэяў на Гарадзенскай зямлі, паведамляе hrodna.life.

У Гародні гэта не першая такая мапа, але першая даступная для запампоўвання. Канцэпцыя, маршрут, дызайн мапы - усё аўтарскае. У Яўгена няма нейкіх вялікіх дадатковых планаў папулярызацыі сваёй распрацоўкі.

«Гародня валодае надзвычай багатай габрэйскай спадчынай, а прапанаваны маршрут дазваляе пазнаёміцца з некаторымі важнымі яе часткамі, - распавядае Яўген. - Працягласць шляху ад ЦСК «Нёман» да вуліцы Антонава з наведваннем тых 15 аб'ектаў, якія адзначаныя на мапе, можа скласці блізу 5 кіламетраў, то бок, цалкам магчыма прайсці маршрут пешшу.

Апошні аддалены 16-ы аб'ект - могілкі ў Ласосне, можна, для тых каму складана прайсці вялікі маршрут у дзень, выключыць ці пакінуць на потым. Можна і скарыстацца транспартам. Усе аб'екты маршруту даступныя, іх можна назіраць звонку, а некаторыя нават без праблем наведаць, бо яны з'яўляюцца агульнымі».

Яўген адзначае, што на мапе магло б быць значна больш славутасцяў габрэйскай спадчыны. Але блогер наважыў выбраць 16 самых важных. Напрыклад, габрэйская аптэка, лякарня, фабрыка, духоўныя ўстановы і два гета. На мапе ёсць адрас кожнага аб'екта, геаграфічныя каардынаты, рэкамендацыі тычацца паслядоўнасці наведвання.

Ёсць мапа і на 200 знакавых месцаў габрэйскага жыцця ў Гародні

Кожны год у Гародню прыязджае вялікая, па беларускіх мерках, колькасць турыстаў. Сярод іх ёсць і тыя, хто цікавіцца менавіта габрэйскай спадчынай горада. Старшыня іудзейскай рэлігійнай абшчыны Гародні Барыс Квяткоўскі адзначае, што ў асноўным такія турысты едуць шукаць сваякоў або памятныя мясціны.

«З Ізраіля сталых груп у нас няма, ёсць толькі адзінкавыя турысты, якія часцей за ўсё цікавяцца пытаннямі, звязанымі з жыццём сваякоў у даваеннай і пасляваеннай Гародні. - распавядае Барыс Квяткоўскі. - Не даведаўшыся нічога, шмат хто проста з'язджае.

Што тычыцца мапы са знакавымі габрэйскімі месцамі ў Гародні, то думаю, яна б карысталася цікавасцю ў турыстаў. Напрыклад, летам 2017 года прыезджыя актыўна наведвалі габрэйскія могілкі. Яшчэ да новай мапы мы неяк займаліся распрацоўкай сваёй уласнай. Яе на маю замову рабіў Віктар Саяпін і тады на мапе было блізу 200 месцаў габрэйскага жыцця ў Гародні. Мапа была распрацаваная, але не рэалізаваная. Там адзначаны і месцы, дзе гарадзенцы хавалі яўрэяў падчас вайны, дзе знаходзіліся розныя заводы і многае іншае. Мапу нашу я разглядаю як эксклюзіў - чакаем спонсараў, каб яе выпусціць».

Такія мапы развіваюць турызм

У 2017 годзе ў горадзе і ваколіцах пабывала больш за 43 тысяч бязвізавых гасцей, едуць і турысты з візамі. Гарадзенскі экскурсавод са стажам Аляксандр Хацько мяркуе, што чым больш у Гародні будзе розных мапаў з маршрутамі, тым для турыстаў лепш.

«Мапу Яўгена падрабязна яшчэ не глядзеў, але ўжо сама сутнасць нейкага раздатачнага мэтавага турыстычнага матэрыялу - патрэбная і карысная справа. Гэта развівае турызм у горадзе, таму што ёсць розныя катэгорыі турыстаў, якіх цікавіць пэўная тэма.

Калі браць менавіта габрэйскую тэму, то Гародня багатая на гісторыю гэтага народа. Габрэі адыгралі вялікую ролю ў культуры і эканоміцы нашага горада. Так што з'яўленне такіх мапаў - безумоўна плюс. У будучыні мапы можна дапрацоўваць і падладжваць пад турыстаў. Але такі матэрыял павінен быць цікавы не толькі прыезджым, але і мясцовым. Напрыклад, нашы школьнікі практычна нічога не ведаюць пра габрэйскую спадчыну Гародні».

Аляксандр адзначае, што Гародня цяпер адкрытая для турыстаў, сюды прыязджаюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. На ягоную думку, турыстам былі б цікавыя мапы і спецыялізаваныя маршруты, не толькі звязаныя з гісторыяй габрэйскага народа, але і літоўскага і іншых.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках