25 красавiка 2024, Чацвер, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Каб падаць страву ў рэстарацыі, трэба запоўніць процьму паперак

7
Эканаміст: Каб падаць страву ў рэстарацыі, трэба запоўніць процьму паперак

Росту ценявой эканомікі спрыяюць высокія падаткі і бюракратызм.

Аб’ём ценявой эканомікі Беларусі, паводле адзнак экспэртаў МВФ, складае 32,4% ВУП.

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, нядаўна апублікаваным на сайце Міжнароднага валютнага фонду. Экспэрты МВФ выкарыстоўвалі новыя метады ацэнкі сумы ценявога сэктара, каб прааналізаваць звесткі аб 158 краінах за перыяд з 1991 да 2015 года. Пададзеныя лічбы для Беларусі тычыцца апошняга разгляданага справаздачнага перыяду - 2015 года.

Аб’ёмы ценявой эканомікі ў Беларусі супастаўныя з сярэднім узроўнем ценявой эканомікі ў свеце

Экспэрты МВФ высветлілі, што сярэдні ўзровень ценявой эканомікі ў 1991-2015 гадах склаў 31.9%. Такім чынам, апошнія звесткі аб Беларусі не моцна адрозніваюцца ад сярэднесусветныя значэнняў. Найбольшы ўзровень ценявой эканомікі - у Балівіі (62.3% ад ВУП) і Зімбабвэ (60.6% ад ВУП). Самыя нізкія ўзроўні - у Швайцарыі (7.2%) і Аўстрыі (8.9%).

Варта таксама адзначыць, што ўзровень ценявой эканомікі ў Беларусі з 1991 года знізіўся: сярэдні ўзровень ценявой эканомікі ў нашай краіне за ўвесь перыяд даследавання складае 44,52% ВУП.

Экспэрт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі ў інтэрв'ю Thinktanks.by удакладніў, што «ценявая эканоміка - неабавязкова крымінальная эканоміка. Пад ценявой эканомікай маюцца на ўвазе аперацыі, праз якія вы атрымліваеце грошы за тавары і паслугі і не даяце чэк. Напрыклад, калі вы дапамаглі суседу пафарбаваць плот, а ён за гэта даў вам грошай - гэта ўжо ценявая ўгода».

Высокія падаткі, зарэгуляванасць і гіперінфляцыя павялічваюць колькасць ценявых транзакцый

«Ёсць шэраг чыннікаў, якія спрыяюць росту ценявога сектара эканомікі. Найперш, гэта высокая падатковая нагрузка, якая прыкметна павялічвае кошт тавару ці паслугі. У выніку чаго людзі аддаюць перавагу набываць іх танней, хай і без касавага чэка. Важную ролю адыгрывае не толькі сума падаткаў, але і складанасць іх адміністравання. Калі падатак складае 1%, але для яго выплаты трэба аформіць 200 паперак, ёсць вялікая імавернасць таго, што частка ўгод сыдзе ў ценявы сектар», - распавёў Леў Львоўскі.

Акрамя гэтага, на суму ценявога сектара ўплываюць якасць працы дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, а таксама ўзровень іх карумпаванасці.

Адзін з чыннікаў, які дазваляе ацаніць якасць працы інстытутаў - узровень закантраляванасьці эканомікі. «Калі трэба рабіць шмат бюракратычнай працы для ажыццяўлення дзейнасці, частка бізнэсу сыходзіць у цень. Да прыкладу, калі для таго, каб падаць страву ў рэстарацыі, трэба запоўніць процьму паперак - хто вырабіў мяса, як, калі і чым ён карміў жывёлу, - то можна чакаць, што далёка не ўсе захочуць гэтым займацца і будуць шукаць спосабы абысці гэтыя працэдуры. Аднак пры поўнай адсутнасці рэгулявання ёсць рызыка, што ў той жа рэстарацыі па кухні будуць бегаць буйныя пацукі», - растлумачыў Леў Львоўскі.

Дзель ценявой эканомікі павялічваецца ў перыяды макраэканамічнай нестабільнасці і гіперінфляцыі: людзі імкнуцца як мага хутчэй атрымаць грошы за свой тавар, баючыся, што яны абясцэняцца за час афармлення дакументаў. Таксама ва ўмовах гіперінфляцыі расце колькасць бартэрных угод.

Вялікія аб'ёмы ценявога бізнэсу стрымліваюць рост легальнай эканомікі

Як распавёў Леў Львоўскі, сёння ва ўсім свеце ідзе працэс змяншэння аб'ёмаў нелегальнай эканомікі, і гэта цалкам натуральна. Збольшага такая тэндэнцыя звязана са з'яўленнем новых тэхналогій - да прыкладу, электронных касавых апаратаў. Акрамя гэтага, з'яўляецца ўсё больш кампаній, якія займаюцца аўтсорсінгам, у тым ліку і бытавых паслуг - уборкі, гатавання ежы і гэтак далей. І людзі, якія гэтымі паслугамі карыстаюцца, усё часцей выбіраюць афіцыйныя прадпрыемствы з меркаванняў бяспекі.

«Купляючы паслугу легальна, людзі імкнуцца сябе засцерагчы. Аднак калі кошт легальнай паслугі праз неабходнасць выплаты падаткаў значна ўзрастае, яны могуць рызыкнуць і звярнуцца да ценявога сектару», - адзначыў экспэрт.

Асноўнай праблемай, якую стварае ценявая эканоміка, з'яўляецца больш высокая падатковая нагрузка на легальныя кампаніі. «Скажам, калі легальна плацяць падаткі толькі 2% прадпрыемстваў з усіх дзейных, ім давядзецца аддаваць 90% даходаў, каб кампенсаваць для дзяржавы сумы, якія не плацяць прадпрыемствы, якія працуюць у ценю. Атрымліваецца, што невялікая колькасць кампаній плаціць высокія падаткі, бо плаціць іх за сябе і за іншых. Фактычна вялікія аб'ёмы ценявога бізнэсу стрымліваюць рост легальнай эканомікі. Калі дамагчыся змяншэння ценявой эканомікі, гэта пашырыць падатковую базу і дазволіць знізіць падатковую нагрузку на кожнага прадпрымальніка», - сказаў Леў Львоўскі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках