28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Свабода робіць нас адказнымі

1
Навукоўцы: Свабода робіць нас адказнымі

Чым вышэйшы ўзровень аўтаномнасці ў чалавека, тым больш ён адказны.

Прадстаўнікі Міжнароднай лабараторыі пазітыўнай псіхалогіі асобы і матывацыі НДУ ВШЭ, Універсітэта Місуры і Омскага дзяржаўнага ўніверсітэта правялі серыю даследаванняў, удзельнікамі якіх сталі студэнты расейскіх і амерыканскіх ВНУ - усяго 1 430 чалавек, піша «Заўтра тваёй краіны».

Падчас даследаванняў выкарыстоўваліся методыкі, якія вымяраюць узровень адказнасці і аўтаноміі як якасцяў асобы. Вынікі паказалі: чым вышэйшы ўзровень аўтаномнасці ў чалавека, тым больш ён адказны.

Падчас экспэрыменту ўдзельнікаў прасілі ўявіць сябе ў спецыяльна змадэляваных сітуацыях і апісаць свае пачуцці і магчымыя дзеянні. Чалавек, які даваў даручэнне (блізкі чалавек, прадстаўнік улады, незнаёмы чалавек), альбо падкрэсліваў, альбо не падкрэсліваў свабоду выбару ў дачыненні да таго, як рэалізаваць задачу, а таксама адказнасць за вынік.

Напрыклад, студэнта прасілі ўявіць, што яму прапаноўваюць ажыццявіць навуковы праект у важнай для яго дысцыпліне на даручэнне прафесара. У адным выпадку давалася свабода выбару дзеянняў, у іншым прафесар вызначаў стратэгію дзеянняў, студэнт усяго толькі яе рэалізаваў. Затым паводле сцэнару праект быў няўдалым. Удзельнікі павінны былі ацаніць, ці прызнаюць яны ўласныя дзеянні прычынай гэтага ці тлумачаць няўдачу вонкавымі абставінамі і шукаюць апраўданне.

Акцэнт на «павінен» не працуе

У сітуацыях, калі рэспандэнтам давалася свабода, яны адчувалі больш адказнасці і гатовыя былі прыняць і магчымыя негатыўныя наступствы, а таксама шукаць менш апраўданняў. Пры гэтым, як прадэманстравалі вынікі, неэфектыўна апеляваць да адказнасці - гэта не прыводзіць да падвышэння гатоўнасці браць яе.

Навукоўцы адзначаюць, што адказнасць вышэйшая, калі ёсць падтрымка аўтаноміі з боку людзей, якія маюць уладу ці аўтарытэт. Гэта, напрыклад, бацькі, выкладчыкі, кіраўнікі. Наадварот, фармулёўкі «павінен» або «варта» найменш эфектыўныя і дзейнічаюць паводле прынцыпу ад адваротнага.

Як высветлілася падчас даследавання, расейцы ўсё ж менш схільныя прымаць на сябе адказнасць у параўнанні з амерыканцамі. Аўтары звязваюць гэта з розным узроўнем свабоды ў грамадстве.

Зрэшты, адказнасць была вышэйшай, чым у амерыканцаў, калі крыніцай запыту выступалі блізкія - сваякі ці сябры. Галоўны чыннік у гэтым выпадку - давер. Гаворка пры гэтым павінна ісці не пра патрабаванне, а пра просьбу.

«Гэтыя вынікі могуць быць выкарыстаныя ў сферы мэнэджмэнту і палітыкі, калі патрабуецца індывідуальная адказнасць», - мяркуюць аўтары даследавання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках