28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РЭП патрабуе закрыць «справу прафзвязаў»

3
РЭП патрабуе закрыць «справу прафзвязаў»

Рада незалежнага прафзвязу РЭП запатрабавала ад адміністрацыі Лукашэнкі спыніць пераслед арганізацыі.

Рада Беларускага прафзвязу РЭП накіравала зварот у адміністрацыю дыктатара з патрабаваннем спыніць умяшанне ў працу арганізацыі.

Тэкст звароту апублікаваў сайт praca-by.info:

«Мы, чальцы Рады Беларускага прафзвязу РЭП, патрабуем спыніць умяшанне ў дзейнасць арганізацыі і ціск на сяброў незалежнага прафзвязу.

Прафзвяз РЭП - арганізацыя, якая паслядоўна і паспяхова бароніць законныя правы, і інтарэсы работнікаў. Прафзвяз РЭП адыгрывае важную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця Беларусі і пабудове грамадзянскай супольнасці, заснаванай на прынцыпах павагі да асобы і абароне правоў і свабодаў грамадзян.

Ужо больш за паўгода доўжыцца крымінальная справа ў дачыненні да лідараў прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала апошняга палітвязням. Ігар Комлік правёў у турме два месяцы і быў вызвалены, дзякуючы ўмяшанню міжнароднай супольнасці. Нягледзячы на вызваленне з-пад варты прафсаюзнага актывіста, ціск на незалежны прафзвяз прадаўжаецца.

Дагэтуль прафзвязу РЭП не вярнулі кампутары і іншую аргтэхніку, канфіскаваную падчас ператрусу 2 жніўня. Праца офіса сур'ёзна абцяжараная. Прадстаўнікам прафзвязу не даюць матываванага адказу на пытанне, з якой прычыны канфіскаваная тэхніка не можа быць вернутая.

Пад арыштам знаходзіцца не толькі асабістая маёмасць фігурантаў крымінальнай справы і іх сваякоў, але і менскі офіс прафзвязу РЭП. Арышт прафсаюзнай маёмасці сведчыць аб тым, што пераследуюцца не проста канкрэтныя персоны, а арганізацыя агулам.

Ідуць беспрэцэдэнтныя масавыя допыты: ва ўсёй краіне ўжо дапыталі больш за 250 чальцоў прафзвязу як сведак у крымінальнай справе і допыты прадаўжаюцца. Людзей выклікаюць па спісах; усім задаюць аднолькавыя пытанні, якія датычаць не крымінальнай справы, а ўнутранай дзейнасці і паўсядзённай працы прафзвязу. Частка дапытаных людзей пад ціскам і ў страху пераследу вымушаныя адмовіцца ад сяброўства ў прафзвязе РЭП, што наўпрост парушае свабоду асацыяцыяў, гарантаваную Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі Беларусі.

Усе гэтыя дзеянні адназначна тлумачацца як умяшанне ва ўнутраныя справы прафзвязу, што груба парушае профільныя Канвенцыі МАП, міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў сферы абароны правоў і свабодаў чалавека, а таксама нацыянальнае заканадаўства, і негатыўна адбіваюцца на іміджы Беларусі.

Мы патрабуем спыніць умяшанне ў дзейнасць арганізацыі і ціск на сяброў незалежнага прафзвязу - спыніць масавыя допыты і закрыць крымінальную справу».

На даручэнне Рады Беларускага прафзвязу РЭП,

Старшыня Г.Ф. Фядыніч

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках