20 красавiка 2024, Субота, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Сашурын: Я вам патлумачу, чаму Домрачава пакуль без медалёў

32
Вадзім Сашурын: Я вам патлумачу, чаму Домрачава пакуль без медалёў
ВАДЗІМ САШУРЫН
ФОТА: BY.TRIBUNA.COM

Надзеі на трохкратную алімпійскую чэмпіёнку сочынскай Алімпіяды пакуль не апраўдваюцца.

Вядомы беларускі біятланіст Вадзім Сашурын распавёў «Народнай волі» аб тым, чаму нашы алімпійцы пакуль няўдала выступаюць на Алімпіядзе.

Надзеі на трохкратную алімпійскую чэмпіёнку сочынскай Алімпіяды Дар'ю Домрачаву пакуль не апраўдваюцца.

На Гульнях-2018, якія праходзяць у паўднёвакарэйскім Пхенчхане, у спрынтэрскай гонцы Домрачава заняла 9-е месца, а ўчора ў гонцы пераследу была толькі 37-й.

- Для мяне гэта Алімпіяда наогул нейкая непаўнавартасная, - кажа Вадзім Сашурын. – Усё ж, не ўсіх расейцаў дапусцілі да ўдзелу ў Гульнях, і, на мой погляд, гэта няправільна. Таму што, калі кагосьці і адхіляць ад удзелу, то для гэтага павінны быць сур'ёзныя і рэальныя довады. Але, на жаль, палітыка ўмешваецца ў спорт.

- Вернемся аднак да беларускіх алімпійцаў...

- Наогул, на Алімпіядзе спартоўцы заўсёды адчуваюць вельмі моцны прэсінг. І часцяком медалі здабываюць тыя, хто на перадалімпійскіх спаборніцтвах наогул не прэтэндавалі на высокія пазіцыі. А рэальныя лідары, як мы бачым, не заўсёды пацвярджаюць клас, на Алімпійскіх гульнях яны губляюцца. Такіх прыкладаў дастаткова.

- У Дар'і Домрачавай таксама шмат чаго не атрымліваецца. На ваш погляд, што здарылася?

- Я магу сказаць, чаму яна дагэтуль без медалёў...Па-першае, пачала вельмі павольна страляць. Я не ведаю, што адбываецца з Дашай, але гэта факт. Можна, вядома, звязаць такую страляніну з тым медальным прэсінгам, які на яе напэўна цісне, але, магчыма, мы чагосьці і не ведаем. Або вецер на стрэльбішчы так дзейнічае на Дар'ю? З гэтым заўсёды хтосьці спраўляецца лепш, хтосьці горш... Я са сваёй практыкі памятаю, што адзін сезон у мяне наогул не атрымлівалася страляць, калі быў вецер. А ўсё таму, што ў перыяд падрыхтоўкі гэты момант выпусціў, не паспрабаваў стральбу ў ветранае надвор'е.

- Многія спартоўцы сапраўды скардзяцца на дрэннае надвор'е. Гэта можа служыць апраўданнем?

- Канешне не. Біятлон жа тым і прыцягвае, што страляць спартоўцам даводзіцца заўсёды ў розных умовах. Ды і Надзея Скардзіна падчас апошняй гонкі нядрэнна адстралялася, так што жальбы на надвор'е - гэта доля слабых.

Думаю, Даша сама ўсё разумее. На Алімпіядзе ў біятланістаў яшчэ чатыры гонкі, так што шанцы на медалі застаюцца. Калі ў эстафеце нам разлічваць на нешта складана, то ў жаночай індывідуальнай гонцы, якая пройдзе 14 лютага, і ў мас-старце (17 лютага) Домрачава яшчэ можа парадаваць.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках