8 траўня 2024, Серада, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманага паводле справы Коржыча афіцэра звольнілі з войска

48
Затрыманага паводле справы Коржыча афіцэра звольнілі з войска

Абвінавачванне ў справе аб дзедаўшчыне ў Печах выстаўленае як мінімум 10 вайскоўцам.

Старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку, затрыманага паводле справы Коржыча, звольнілі з войска. Гэта адбылося яшчэ ў кастрычніку 2017 года - амаль адразу пасля таго, як афіцэр трапіў за краты.

"Чалавеку жыццё зламалі"

"Калі ўсё гэта заварылася, яму, скажам так, прапанавалі напісаць рапарт. Нібыта яму будзе ад гэтага лепш, - расказвае "Еўрарадыё" сваячка Паўла Сукавенкі. - Атрымалася, што не яны яго звольнілі, а ён сам. Чалавеку жыццё зламалі. Прытым, ні ў чым не вінаватаму".

Павел Сукавенка збіраўся звязаць сваё жыццё з беларускім войскам. Пагоны старшага лейтэнанта хлопец атрымаў зусім нядаўна - 27 чэрвеня 2017 года. У гэты час Аляксандр Коржыч ужо служыў у частцы №43064, у якой Сукавенка камандаваў 3-я ротай.

У 2015 ГОДЗЕ. ТАДЫ ЯШЧЭ ЛЕЙТЭНАНТ ПАВЕЛ СУКАВЕНКА ПРАВОДЗІЦЬ ЗАНЯТКІ. ФОТА: VSR.MIL.BY

"Спрабую свае сілы ў такой адказнай справе, як навучанне і выхаванне будучых наводчыкаў гарматы. Здаецца, усё атрымліваецца. Ва ўсякім выпадку, нараканняў з боку камандзіраў і начальнікаў не было, - распавядаў Павел (тады яшчэ лейтэнант) карэспандэнту "Белорусской военной газеты" . - Што да далейшай перспектывы, ёсць імкненне годна прайсці адну за адной службовыя ступені для таго, каб потым паступіць на камандна-штабны факультэт акадэміі і дарасці да вялікіх зорак на пагонах. Чаму б і не!.."

3 кастрычніка 2017 года 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным. 17 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў, што паводле "справы Коржыча" затрыманыя двое афіцэраў.

31 кастрычніка адзін з гэтых афіцэраў, 28-гадовы капітан Вадзім Чыркоў, быў адпушчаны са следчага ізалятара.

ВАДЗІМ ЧЫРКО (СПРАВА) - У 2011 ГОДЗЕ ЯШЧЭ ЛЕЙТЭНАНТА - З БАЦЬКАМ, КАДРАВЫЯ ВАЙСКОЎЦЫ. ФОТА З САЦСЕТКІ.

Другі афіцэр - 23-гадовы старшы лейтэнант Павел Сукавенка. Ужо амаль 4 месяцы ён знаходзіцца за кратамі. Супраць яго распачатая крымінальная справа паводле ч 3 арт 455 (Бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

"За чатыры месяцы нам не далі ніводнага спаткання"

Пасля таго, як Сукавенку пасадзілі за краты і звольнілі з войска, ягоная жонка страціла права на пакой у інтэрнаце, дзе яны разам жылі. Цяпер ужо былы афіцэр застаецца ў следчым ізалятары, а Маргарыта Сукавенка вымушана вярнуцца да мамы.

"Ягоная сям'я апынулася выкінутай адусюль. Пасля таго, што адбылося, жонку выселілі з інтэрната. Там яны ўжо паспелі абжыцца, у іх шмат рэчаў было, - працягвае сваячка Сукавенкі. - Людзі дапамаглі ўсё гэта перавезці да ейных бацькоў. А сама Маргарыта цяпер жыве ў Нясвіжскім раёне, у Снове, дзе ейная мама працуе настаўніцай".

МАРГАРЫТА СУКОВЕНКА. ФОТА З САЦСЕТКІ.

У Снове Маргарыта працуе прадавачкай у краме. "Яна возіць перадачы мужу. 30 кг на месяц. Хочаш - адразу, хочаш - часткамі. Адпаведна, грошы патрэбныя. Адвакат, вось гэта ўсё. За чатыры месяцы нам не далі ніводнага спаткання".

"Ніхто з іх не сказаў: "Гэта я"

Мама Паўла Сукавенкі прыязджала ў Пінск да мамы загінулага жаўнера Аляксандра Коржыча. Са слоў Святланы Коржыч, мама Сукавенкі - адзіная са сваякоў затрыманых вайскоўцаў, якія наогул выйшлі з ёй на сувязь.

Яна кажа: "Павел да гэтай справы не мае дачынення. Ён не забіваў. Гэта ўсё ягоныя падначаленыя". Але мяне вазілі, паказвалі гэтых падазраваных. Ніхто з іх не ўзяў на сябе смеласць сказаць: "Гэта я". Таму я ёй у адказ кажу: "Я вашаму сыну не суддзя!", - расказвае Еўрарадыё Святлана Коржыч.

СВЯТЛАНА КОРЖЫЧ

Абвінавачванне паводле спраы аб дзедаўшчыне ў Печах выстаўлена як мінімум 10 вайскоўцам. Яшчэ 5 (сярод іх - Павел Сукавенка) знаходзіліся ў статусе падазраваных. Днямі расследаванне паводле справы працягнулі - старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч абгрунтаваў гэта тым, што следчыя раскрылі некалькі новых фактаў дзедаўшчыны. Маўляў, пра гвалт у войску пачалі распавядаць жаўнеры, якія раней маўчалі.

Справу Беўзюка прадоўжылі, справу Басцюка закрылі

Расследаванне справы аб смерці ў Печах яшчэ аднаго вайскоўца, Міхаіла Беўзюка, таксама падоўжанае. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Юры Бяўзюк, брат загінулага вайскоўца.

У той жа час, СК другім разам спыніў справу Арцёма Басцюка, жаўнера тэрміновай службы, знойдзенага павешаным у вайсковай частцы №25849 пад Барысавам. На думку следчых, 25-гадовы мянчук учыніў самагубства.

"Мы атрымалі пастанову. Там усё перавярнулі з ног на галаву. У нас была вочная стаўка з камандзірамі часткі - іх словы перавернутыя так, як быццам іх узялі з іншай справы, - распавядае Еўрарадыё Таццяна Басцюк, маці Арцёма. - Адказалі нам, што ў войску амаль дзіцячы садок, а наш сын сам захацеў, і ўсё".

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках