26 красавiка 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Жамчужны: Былі ўжо тры спробы нападу на мяне

2
Міхаіл Жамчужны: Былі ўжо тры спробы нападу на мяне
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: RFE/RL

Палітвязень распавядае ў лістах на волю пра варункі ўтрымання ў калоніі.

Тым часам, у Горацкі РАУС накіраваная заява аб распачынанні крымінальнай справы аб факце пагрозы жыццю і здароўю палітвязня Міхаіла Жамчужнага, піша сайт palitviazni.info.

З пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмову пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з «нізкім статусам». За гэта Міхаіла ўвесь час караюць ШІЗА (штрафны ізалятар) ці змяшчэннем у ПКТ (памяшканне камернага тыпу)

Як вядома, не так даўно на яго быў учынены напад у калоніі, пра што Міхаіл паведаміў на волю.

«Жамчужны напісаў, што гэта быў ужо трэці выпадак спробы нападу на яго, - кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які перапісваецца з Міхаілам. - Да гэтага ўдавалася пазбегнуць правакацыяў, бо яго паспявалі папярэдзіць іншыя зняволеныя. Аднак пасля 8 лютага, калі Жамчужны павінен быў выйсці з памяшкання камернага тыпу, лістоў ад яго не было. На днях Міхаіла збіраецца наведаць у калоніі адвакат, таму, магчыма, з'явіцца нейкая дадатковая інфармацыя».

Са слоў Андрэя Бандарэнкі, у сувязі з гэтай сітуацыяй накіраваны зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў, скарга нагляднаму пракурору і заява аб распачынанні крымінальнай справы аб факце пагрозы жыццю і здароўю Міхаіла Жамчужнага ў Горацкім РАУС.

«Дэпартамент выканання пакаранняў, як правіла, абмяжоўваецца кароткім адказам, што мы не з'яўляемся блізкімі Міхаіла, а значыць, не можам абараняць ягоныя правы, - дадае ён. - На іх думку, абарона чалавека павінна зыходзіць толькі ад блізкага сваяка. А калі такіх няма і няма сродкаў на адваката, то ніякіх правоў у асуджаных таксама няма. Што датычыцца Горацкага РАУС, то заяву туды мы падалі тыдзень таму, але адказу пакуль ніякага няма».

Нагадаем, Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне - шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках