26 красавiка 2024, Пятніца, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскі генерал пра разгром «Вагнера»: Мы папярэдзілі расейскі бок

Амерыканскі генерал пра разгром «Вагнера»: Мы папярэдзілі расейскі бок
ДЖЭФРЫ ХАРЫГАН

Падрыхтоўку да атакі амерыканцы назіралі яшчэ з мінулага тыдня.

Генерал-лейтэнант ВПС ЗША Джэфры Харыган назваў удар па расейска-асадаўскіх сілах «самаабаронай».

Такую заяву ён зрабіў на брыфінгу падчас адказу на пытанні журналістаў пра тое, што адбылося 7 лютага ў сірыйскім населеным пункце Хішам, дзе ЗША ліквідавалі, паводле ацэнак шэрагу СМІ - у тым ліку Bloomberg - да 200 расейскіх наймітаў, якія выступілі на баку рэжыму Башара Асада, паведамляе newsader.com.

Мінабароны ЗША прадэманстравала адпаведную расшыфроўку выступу Харыгана.

«Увечары 7 лютага кааліцыя дзейнічала ў рамках самаабароны», - сказаў ён, патлумачыўшы, што амерыканскія вайсковыя дарадцы прысутнічалі ў раёне Дэйр-эз-Зора «для падтрымкі Дэмакратычных сілаў Сірыі (SDF) у іх барацьбе супраць варожых сіл».

З ягоных слоў, «варожыя для SDF фармаванні» пачалі «цалкам несправакаваную ўзгодненую атаку, ужыўшы артылерыю і танкі праз раку Еўфрат супраць базы SDF». У гэты момант амерыканскія вайскоўцы «неадкладна звязаліся па гарачай лініі з расейскімі чыноўнікамі, каб папярэдзіць іх пра несправакаваную атаку на вядомыя пазіцыі SDF і кааліцыі», распавёў высокапастаўлены вайсковец.

«Пасля гэтых званкоў прадстаўнікі кааліцыі ўхвалілі нанясенне ўдараў для ліквідацыі ворага», - растлумачыў Харыган, назваўшы гэта напад «цалкам нечаканым» для праамерыканскай кааліцыі.

Ён удакладніў, што адпаведныя падрыхтоўкі да атакі амерыканцы назіралі яшчэ з мінулага тыдня. Тады ж, нагадаў выступовец, ЗША паказалі Расеі на вядомую ёй прысутнасць SDF і кааліцыйных войскаў у гэтым раёне. Такім чынам, Масква была апавешчаная «задоўга да наступу» варожых сіл.

Харыган не стаў называць нацыянальны склад тых, хто менавіта ўваходзіў у гэтыя фармаванні, спаслаўшыся на галоўную задачу кааліцыі ў гэтым рэгіёне, якая палягае ў барацьбе супраць ІДІЛ.

«Мы не шукаем бойкі з кім-небудзь яшчэ, але як сказаў на мінулым тыдні міністр Мэціс: «Калі вы пагражаеце нам, гэта будзе ваш самы доўгі і найгоршы дзень», - працытаваў ён кіраўніка Пентагона Джэймса Мэціса.

«Мы нікога не правакавалі і распачалі абарончыя захады толькі пасля таго, як зразумелі, што вораг наступае», - падвёў ён вынік.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках