25 красавiка 2024, Чацвер, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паплечнік Гіркіна: Лічбы пра 600 забітых наймітаў РФ у Сірыі - гэта не міф

Паплечнік Гіркіна: Лічбы пра 600 забітых наймітаў РФ у Сірыі - гэта не міф
ФОТА: MYROTVORETS.CENTER

Амерыканцы разграмілі ў Сірыі тры штурмавыя атрады ПВК «Вагнер».

Падчас абстрэлу кааліцыяй ЗША наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнер», што ваюе ў Сірыі, загінула блізу 600 наймітаў з Расеі і баевікоў з украінскага Данбаса. Пра гэта паведаміў паплечнік былога «міністра абароны» тэрарыстычнай арганізацыі «ДНР» Ігара Гіркіна (Стралкова) Міхаіл Палынкоў у Facebook.

На ўкраінскім сайце « Миротворец» распачатае дасье на Палынкова, як начальніка штаба руху «Наваросіі» Гіркіна, вярбоўшчыка баевікоў і ўдзельніка незаконных узброеных фармаванняў, паведамляе gordonua.com.

«Схадзіў я ў шпіталь, адведаў аднаго з тых, хто выжыў у той мясарубцы пад Хішымам. Што я магу сказаць, калі сцісла. Лічбы пра 600 гэта не міф. Было тры штурмавыя атрады ў сярэднім па 300 чалавек з расейцаў і данчан. Плюс артдывізіён і бронегрупа», - падкрэсліў Палынкоў.

Памагаты Гіркіна на сваім канале ў YouTube апублікаваў запіс размовы з пацярпелым наймітам, на якім той распавядае пра разгром ПВК «Вагнер». Голас на запісу зменены, каб суразмоўца Палынкова немагчыма было апазнаць.

«Я пераканаўся ў тым, што ўся першая інфармацыя чыстая праўда... Мне без розніцы павераць мне ці не... Калі ёсць сапраўды жаданне ведаць праўду, хай наведаюць адзін з трох шпіталяў і пагутараць з параненымі. Іх вельмі шмат. У Вішнеўскага, некаторыя нават у калідоры ляжаць», - падсумаваў ён.

8 лютага 2018 года агенцтва Reuters паведаміла пра авіяўдары кааліцыі ў Сірыі, ахвярамі якога сталі блізу 100 байцоў войска хаўруснікаў прэзідэнта Сірыі Башара Асада. Паводле звестак Bloomberg, загінула 200 чалавек, большасць з якіх - расейцы.

Крыніцы CBS у Пентагоне паведамілі, што ў Сірыі былі забітыя «расейскія найміты». Даследчая група Conflict Intelligence Team уважае, што гаворка ідзе пра байцоў ПВК «Вагнер», якая дзейнічае на радовішчах карысных выкапняў у даліне Еўфрата.

Гіркін заявіў, што паведамленні пра страты ў Сірыі пастаянна змяняюцца ў бок павелічэння. «На гэты момант дакладна ясна, што забітых і параненых - рэальна сотні. Некалькі соцень. У астатнім - рознагалоссе. Але апошняя лічба («не канчатковая», як паведамілі) наогул выглядае празмернай. Нібыта аж за 600 (644, калі дакладней, - і гэта толькі забітых)», - сказаў ён.

Са слоў міністра абароны ЗША Джэймса Мэціса, расейскі бок заявіў, што яго сіл у зоне нанясення авіяўдару не было першапачаткова.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках