20 красавiка 2024, Субота, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Івашын: Ад Лукашэнкі і Макея мы чуем звычайны блеф

8
Дзяніс Івашын: Ад Лукашэнкі і Макея мы чуем звычайны блеф
ДЗЯНІС ІВАШЫН
ФОТА: "БЕЛАРУСКІ ПАРТЫЗАН"

Беларускі кантынгент на Данбасе будзе «проксі-міратворцам» Расейскай Федэрацыі.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў незалежны журналіст з Гародні Дзяніс Івашын:

«З вуснаў Лукашэнкі і Макея мы чуем звычайны блеф, не больш за тое. Якія 10 тысяч беларускіх міратворцаў на Данбасе? Колькасць наземных войскаў УС Беларусі на сёння момант складае 16 500, сіл спецыяльных аперацый – 6 000 чалавек.

Няўжо ж палову ад гэтай колькасці перавядуць у «міратворчы» кантынгент? Вядома ж, не, бо поўнамаштабная адпраўка беларускіх прызыўнікоў на вайну выкліча хвалю абурэння, непараўнальна большую, чым тая, што была выкліканая забойствам Коржыча. Можна для гэтых мэтаў задзейнічаць таксама і спецыяльную частка Унутраных войскаў МУС (усяго 11 000 чалавек)? Таксама наўрад ці, бо гэта першая лінія абароны рэжыму Лукашэнкі.

Адыдзем ад мегаламаніі, якая ўласцівая ўсім дыктатарам без выключэння, і прааналізуем рэальную колькасць «міратворцаў», якую можа накіраваць Беларусь.

Для ўдзелу ў міратворчых місіях пад эгідай ААН нацыянальныя падраздзяленні павінны адпавядаць пэўным крытэрам і мець атэстацыю гэтай арганізацыі. На сёння названым умовам адпавядае толькі адзінае падраздзяленне - міратворчая рота ў складзе 103-й паветрана-дэсантнай брыгады (г. Віцебск) сіл спецыяльных аперацый УС Беларусі. Колькасць арганізацыйна-штатнай структуры гэтай роты разам з пераменным складам - да 250 вайскоўцаў-кантрактнікаў. Вось пра гэтую лічбу і варта гаварыць.

Тэрмін падрыхтоўкі новых міратворцаў з улікам праходжання тэарэтычных курсаў у Вайсковай акадэміі, індывідуальнай падрыхтоўкі і фармавання падраздзяленняў - да паўгода. У сённяшніх умовах за паўгода можна падрыхтаваць, згодна ўсім стандартам ААН, дадаткова яшчэ не больш чым адну роту. Гэта значыць да восені Беларусь максімальна можа накіраваць не больш за 500 «блакітных касак». Гэта фактычная інфармацыя.

Да таго ж, усе мы ведаем, што беларускі кантынгент на Данбасе будзе, фактычна, «проксі-міратворцам» Расейскай Федэрацыі. Гэта натуральна выцякае з удзелу Беларусі ва ўсіх мажлівых вайсковых хаўрусах з краінай-агрэсарам, наяўнасцю «саюзнай дзяржавы» і адзінай рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл).

Крамлю будзе значна прасцей працаваць на акупаваных тэрыторыях пад прыкрыццём сваіх жа «міратворцаў». Дзеля гэтага і спрабуюць выкарыстоўваць рэсурс беларускага пратэктарата пад шырмай «донара рэгіянальнай бяспекі». Гэта павінна быць зразумелым для ўсяго цывілізаванага свету, для якога ўдзел беларускіх «міратворцаў» у місіі на Данбасе абсалютна непрымальны і выключаны».

Нагадаем, што ў нядзелю Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць накіраваць на Данбас 10 тысяч «міратворцаў». Яго словы пацвердзіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках