28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Япрынцаў падаў у суд на Юрыя Чыжа

18
Уладзімір Япрынцаў падаў у суд на Юрыя Чыжа

Чыж у суд не з’явіўся.

Бізнэсоўцы Уладзімір Япрынцаў і Юрый Чыж зноў высвятляюць дачыненні ў судзе. Канфлікт паміж былымі партнёрамі разгарэўся праз акцыі лагістычнай кампаніі «Аскарга-тэрмінал», прададзеныя 11 жніўня 2015 года, у дзень затрымання Япрынцава, паведамляе «Еўрарадыё».

Прададзенай доляй валодала Святлана Барысаўна, жонка Уладзіміра Япрынцава. Грошы былі пералічаныя на разліковы рахунак бізнэсоўца дзвюма аплатамі: 12 жніўня (1 млрд 395 млн недэнамінаваных рублёў) і 9 верасня (768797000 недэнамінаваных рублёў).

Такім чынам, гаворка ідзе пра суму блізу 216 тысяч дэнамінаваных рублёў ($108 тысяч).

УЛАДЗІМІР ЯПРЫНЦАЎ У СУДЗЕ. ФОТА: TUT.BY

Япрынцаў у гэты час знаходзіўся пад вартай і доступу да свайго рахунку не меў. Аднак, грошы перавялі ў гатоўку. Гэта было зробленае на даручэнні Юрыя Чыжа - пры дапамозе даверанасці, якую Уладзімір Япрынцаў раней выпісаў на імя адной з ягоных супрацоўніц.

«Даверанасць выдавалася для здзяйснення аперацый з рахункам Япрынцава, але канкрэтна на яго ўказанні. А з 11 жніўня 2015 года Уладзімір Генадзевіч не мог даваць ніякіх указанняў, бо знаходзіўся пад вартай», - намагае прадстаўнік пазоўніка.

ЮРЫЙ ЧЫЖ. ФОТА: «ТРИБУНА».

Юрый Чыж, які неўзабаве таксама быў затрыманы, даў следчым тлумачэнні аб гэтым эпізодзе. З ягоных слоў, ён даведаўся аб абавязках сына Уладзіміра Япрынцава, Казбека, і перадаў знятыя сродкі ягоным крэдыторам - расейскім прадпрымальнікам Іосіфу Аксенцьеву і Міхаілу Маміяшвілі. Аднак, як заўважае прадстаўнік Япрынцава, ні Аксенцьеў, ні Маміяшвілі не праходзяць пацярпелымі ў справе аб махлярстве, у якім фігураваў Казбек. Тое, што сродкі былі перададзеныя менавіта ім, ніяк не пацверджанае.

Пры гэтым сума пазову - чыста сімвалічная: 1960 рублёў. «Ёсць шанец на добраахвотнае ўрэгуляванне спрэчкі, якім можа скарыстацца іншы бок», - кажа прадстаўніца Япрынцава. З яе слоў, бізнэсовец не збіраецца павялічваць пазоўныя патрабаванні да таго, як пагутарыць з іншым бокам.

18 лютага ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбылася папярэдняя размова, на якую былі запрошаныя прадстаўнікі пазоўніка і адказчыка. Аднак ні Юрый Чыж, ні ягоныя юрысты ў зале суда не з'явіліся, нягледзячы на тое, што, на заўвагу суддзі, былі належным чынам апавешчаныя. Прычына не прыходу невядомая.

Суд паспрабуе апавясціць адказчыка паўторна. Парадак, у якім будзе разглядацца справа, будзе вызначаны цягам некалькі дзён.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках