22 лiпеня 2018, Нядзеля, 2:16
Рубрыкі

FAZ: Еўропа павінна заняцца міжнароднай палітыкай

1

Неабходна быць рашучымі, але і ў той жа час рэалістамі.

Газета Frankfurter Allgemeine Zeitung апублікавала каментар свайго аглядальніка Клаўса-Дытара Франкенбергера (Klaus-Dieter Frankenberger), прысвечаны Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы, паведамляе DW:

"Мюнхенская канферэнцыя ў бяспецы - гэта вялікая сцэна. На ёй рэканструююцца актуальныя падзеі міжнароднага жыцця і разглядаецца поўная панарама крызісаў. Дзейныя асобы скрыжоўваюць мячы, вобразна кажучы, яны выяўляюцца на адлегласці ўдару адзін ад аднаго. Часам дзейства становіцца тэатральным і нават драматычным.

Легендарным стаў адказ кіраўніка МЗС Нямеччыны Ёшкі Фішэра (Joschka Fischer) амерыканскаму міністру абароны Дональду Рамсфельду ў 2003 годзе "Мяне вашы словы не пераканалі" (аб імкненні Садама Хусэйна распрацаваць зброю масавага паражэння. - Рэд.), які прадэманстраваў рознагалоссі ўнутры Захаду ў пытанні палітыкі адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага ў дачыненні да Ірака. Пуцінскае "жарты ў бок" у 2007 годзе ў Мюнхене, ягоная агрэсіўная рыторыка пазначылі разварот у расейскай палітыцы ў дачыненні да Захаду. Летась усё яшчэ разгубленыя ўдзельнікі канферэнцыі хацелі высветліць, ці сапраўды новы амерыканскі прэзідэнт уважае існыя міжнародныя арганізацыі за састарэлыя. Праз дванаццаць месяцаў імя Трампа гучыць тут толькі на другі дзень, але пытанні аб прадказальнасці ЗША ўсё яшчэ застаюцца.

Сёлета ў мюнхенскай зале не было ўдараў маланкі ці грукату грому. Відавочна, шматлікія крызісы і канфлікты знясілілі ўдзельнікаў. Але ўсё ж можна зрабіць высновы з прамоваў і дыскусій першых асоб дзяржаў, міністраў і кансультантаў. Напрыклад, такія: у расейска-амерыканскіх дачыненнях не намячаецца паляпшэння, нават наадварот.

У Вашынгтоне высунутае афіцыйнае абвінавачванне супраць расейскіх грамадзян у сувязі з умяшаннем у амерыканскую выбарчую кампанію. Гэта ўмяшанне мела на мэце раскалоць грамадства - прынамсі, так гэта бачыць дарадца ў бяспецы чалавека, якога расейская спроба ўплыву павінна была прывесці ў Белы дом. Крэмль называе гэта хлуснёй і патрабуе довадаў. Гэта яшчэ адзін прыклад таго самага цынізму, з якім расейскія ўлады ўжо адмаўлялі ваеннае ўмяшанне ва Украіне. Аб новым прарыве ў двухбаковых стасунках няма чаго і думаць, у тым ліку, і пасля выбараў прэзідэнта ў Расеі.

У святле няпростай міжнароднай сітуацыі еўрапейцы павінны, нарэшце, здабыць здольнасць займацца сусветнай палітыкай. Маюць рацыю тыя, хто скардзіцца на палітычны, матэрыяльны і культурны дэфіцыты. Раз Амерыка больш не можа і не хоча быць сусветным жандарам, раз сфармаваны пад уплывам Захаду сусветны парадак пачынае хістацца, еўрапейцы павінны рабіць значна больш, чым першапачаткова. І не ў апошнюю чаргу гэта тычыцца абароннай палітыкі і палітыкі бяспекі. Відавочна, што ЕЗ рухаецца ў гэтым кірунку. Але і не варта падманваць сябе - сама Еўропа не можа сябе абараніць, і ў агляднай будучыні ў гэтым плане нічога не зменіцца.

Неабходна быць рашучымі, але і ў той жа час рэалістамі. Францыя гатовая адкрыта рабіць тое, што трэба, каб стаць адначасова надзейнай і дзеяздольнай: выдаткі на абарону павінны паслядоўна падвышацца. Французы таксама не маюць ілюзій аб тым, што можна аддаць на аўтсорсінг урэгуляванне канфліктаў, якія ўздзейнічаюць на Еўропу і якія пагражаюць яе бяспецы і дабрабыту. Пасыл Парыжа такі: Францыя вярнулася з новай дынамікай і новай самасвядомасцю.

У той жа час дзве іншыя буйныя еўрапейскія дзяржавы занятыя самі сабой. У Лондане ўсё больш усведамляюць, якія наступствы прынясе "Brexit"; у Берліне мучацца з фармаваннем новага ўрада. Нямеччына ўсё адно не збіраецца браць на сябе выключнае лідарства. Але ўрад на правах выконваючага абавязкі, чые ўладныя падставы і аўтарытэт скарачаюцца, відавочна не той партнёр, які патрэбны Еўропе. Раней пыталіся, што адбываецца з Францыяй, а сёння задаюць тое ж пытанне аб Нямеччыне - унутраныя цяжкасці ўплываюць на дзеяздольнасць на замежнай арэне.

Калі канферэнцыя ў бяспецы - гэта трыбуна, то міністр замежных спраў ФРГ Зігмар Габрыэль (Sigmar Gabriel) зладзіў бойкі выступ. Многія ўспрынялі яго, як свайго кшталту рэкламу. У той жа час Габрыэль паказаў сябе чалавекам, гатовым пакінуць у баку ўласныя дасягнутыя раней дамоўленасці.

У пытанні санкцый супраць Расеі ён адхіліўся ад еўрапейскай лініі, дапусціўшы іх змякчэнне у выпадку, калі РФ зробіць пару крокаў для зніжэння напружанасці на ўсходзе Украіны. Яго сцвярджэнне аб тым, што немцам і іх суседзям наўрад ці можна будзе растлумачыць магчымае падвышэнне абаронных выдаткаў да рэкамендаванага NATO паказчыка да двух адсоткаў ВУП, гучала смела і дзёрзка. Падчас перадвыбарчай кампаніі Габрыэль як раз актыўна выступаў супраць такога павелічэння.

Пры гэтым больш чым дарэчным быў наступны заклік: з прычыны сістэмнай канкурэнцыі развітых дэмакратый з аўтакратычна-аўтарытарнымі рэжымамі амерыкана-еўрапейскае ўзаемадзеянне неабходнаt больш, чым калі-небудзь раней, і ўжо дакладна не страціла важнасці. Гэты заклік – наказ часу. Ён звернуты да ўсіх тых, хто мяркуе, што мог бы дамагчыся асаблівага бляску, калі б пайшоў асобным, уласным шляхам".