18 красавiка 2024, Чацвер, 6:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якім будзе новы беларускі біяметрычны пашпарт

109
Якім будзе новы беларускі біяметрычны пашпарт
КАДР З ФІЛЬМА «ПЯТЫ ЭЛЕМЕНТ»

Што гэта такое, у чым адрозненне гэтых дакументаў, ці абавязкова іх афармляць і колькі гэта будзе каштаваць.

З 1 студзеня 2019 года беларусы пачнуць атрымліваць біяметрычныя пашпарты і ID-карты. Што гэта такое, у чым адрозненне гэтых дакументаў, ці абавязкова іх афармляць і колькі гэта будзе каштаваць, intex-press.by распавяла Жанна Маркушэўская, старшая інспектарка групы ў грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага РАУС.

Галоўны дакумент - у пластыкавай картцы

ID-карта – дакумент, які сведчыць асобу. Яна з часам заменіць нашы сінія пашпарты. Выглядаць новае пасведчанне асобы будзе як пасведчанне кіроўцы. На ID-карце будуць пазначаныя ідэнтыфікацыйныя звесткі чалавека, таксама ў яе будзе ўшыты чып. У чыпе будзе ўтрымлівацца подпіс уладальніка, ягонае лічбавае фота, звесткі аб прапісцы, шлюбе і дзецях, а таксама адбіткі пальцаў.

Магчыма, ID-карта будзе замяняць пасведчанне кіроўцы і іншыя дакументы. У будучыні ID-карту плануюць выкарыстоўваць і як банкаўскую картку: на яе будзе налічвацца заробак.

Мяняць пашпарт на ID-карту з першых дзён студзеня 2019 года не абавязкова. Паводле плану ў Беларусі будуць дзейнічаць і ID-карты, і ранейшыя пашпарты, пакуль ва ўсіх беларусаў не выйдзе тэрмін дзеяння цяперашніх пашпартоў. Але калі вы захочаце памяняць звычайны пашпарт на ID-карту ў пачатку 2019-га, праблем не будзе.

Кошт замены дакумента будзе такім жа - адна базавая адзінка (цяпер 24,5 рубля). Дзецям, якія да 14 гадоў атрымліваюць сваё першае пасведчанне асобы, ID-карту зробяць бясплатна. На жаданне бацькоў дакумент могуць выдаць дзіцяці з самага нараджэння.

Без «біяметрыкі» за мяжу не выпусцяць

З біяметрычным пашпартам беларусы будуць ездзіць за мяжу, унутры краіны ён не будзе мець юрыдычнай сілы.

Біяметрычны пашпарт будзе сінім, але старонак у ім для віз і штампаў на мяжы будзе ўдвая больш. У дакумент, як і ў ID-карту, будзе ўшыты чып з адбіткамі пальцаў яго ўладальніка. Замежны пашпарт будзе сапраўдным цягам 10 гадоў, каштавацьме блізу 30 еўраў.

Афармляць біяметрычны пашпарт не абавязкова. Ён не спатрэбіцца тым, хто не збіраецца ехаць за мяжу. Але, калі вы ўсё ж наважыліся зрабіць сабе «біяметрыку», трэба памятаць, што аформіць яе можна толькі пры наяўнасці ID-карты.

Колькі спатрэбіцца часу на афармленне біяметрычнага пашпарта, пакуль дакладна не вядома. Магчыма, чакаць два тыдні ці месяц, як цяпер, не спатрэбіцца. Мяркуецца, што афармленне будзе займаць менш за паўгадзіны. Напрыклад, у Расеі «біяметрыку» робяць за 10 хвілін, бо абсталяванне стаіць у кабінетах пашпартыстаў. Ці будзе так у Беларусі - невядома.

Магчыма, беларусы змогуць афармляць адразу два біяметрычныя пашпарты, за кожны з якіх давядзецца плаціць асобна.

Гэта зручна для тых, хто часта выязджае за мяжу. Напрыклад, адзін пашпарт чалавек здасць на візу ў амбасаду ЗША, а з другім у гэтыя ж дні зможа выехаць у Еўропу. Выязджаць за мяжу з цяперашнім пашпартам можна будзе да канца 2018 года.

Напісаць каментар 109

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках