20 красавiка 2024, Субота, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выглядае «сацыяльная справядлівасць» у горадзе, гарадскім пасёлку і вёсцы

2
Як выглядае «сацыяльная справядлівасць» у горадзе, гарадскім пасёлку і вёсцы

Жыхары Віцебскай вобласці абураныя адсутнасцю працоўных месцаў і годнага заробку.

20 лютага адзначаецца Сусветны дзень сацыяльнай справядлівасці. А ці можна казаць пра сацыяльную справядлівасць, калі гаворка ідзе пра жыццё ў розных кутках Віцебскай вобласці? Бо не сакрэт, што рэаліі гарадскога пасёлка могуць моцна адрознівацца ад жыцця ў абласным цэнтры. «Витебский курьер» спытаў жыхара горада, гарадскога пасёлка і жыхара вёскі, ці можна атрымаць якасную адукацыю, знайсці годную працу і выхаваць дзіця ва ўмовах іх населенага пункта. Журналісты прапануюць параўнаць атрыманыя адказы.

Кацярына (31 год), бухгалтарка. Жыве ў Новалукомлі (Чашніцкі раён, Віцебская вобласць), горадзе з насельніцтвам блізу 13 тысяч чалавек:

«Школ у нас у горадзе ўсяго дзве. Але тут нам пашанцавала: з нашых школ выходзіць вельмі шмат медалістаў. Праўда, апошнім часам мяне вельмі бянтэжыць рэпетытарства. Няўжо нельга даць матэрыял на ўроку, чым уводзіць абавязковыя платныя факультатывы? Раней у нас такога не было. Дзіцячыя забавы раней былі ў горадзе толькі на такіх летніх святах, як Купалле ці Дзень горада. Але цяпер у нас пабудавалі забаўляльны цэнтр: хадзі хоць кожны дзень, праўда, дарагавата. Але часам можна і выйсці! Няма праблем у горадзе і з дзіцячымі садкамі: галоўнае крыху раней запісацца. А вось з нагоды заробкаў у горадзе вялікае пытанне. Бюджэт у нас не хоча годна аплачваць працу чалавека».

Напэўна, самы «немы» водгук журналісты атрымалі з гарадскога пасёлка. На пытанні адказвала Ганна (28 гадоў), мама ў дэкрэце з раённага цэнтра Шуміліна з насельніцтвам блізу 7 тысяч чалавек.

ЛЮТЫ Ў НОВАЛУКОМЛІ. ФОТА АНАСТАССІ ВЕРАС

«У невялікім мястэчку няма куды аддаць дзяцей для развіцця таленту. Няма асаблівага выбару, і месцы для забаў таксама адсутнічаюць! З дзіцячым садком затое праблем не ўзнікае, ды і адукацыя таксама годная. А вось радзільню закрылі! І ёсць таксама праблемы і з працоўнымі месцамі і, вядома ж, з годнай аплатай працы!»

Журналісты патэлефанавалі Анатолю (40 гадоў), які працуе кіроўцам, а жыве ў невялікай вёсцы Вайшкуны (Пастаўскі раён), дзе сёлета зімуюць усяго два чалавекі.

НА ЧЫГУНАЧНАЙ СТАНЦЫІ Ў ШУМІЛІНЕ. ФОТА ДАР'І БРЫГ

«У нас у вёсцы сем'і з дзецьмі не жывуць. Але, думаю, калі выхоўваць дзіця тут, то будзе складана ў плане камунікавання з аднагодкамі: тут мала людзей, мала дзяцей. Найбліжэйшыя школа і дзіцячы садок знаходзяцца ў Лынтупах, гэта 11 кіламетраў адсюль. Адзін час у нашай вёсцы жыла сям'я з Менска блізу года, нават і зімавалі. Іх сын вучыўся ў школе, яго кожны дзень адвозілі ўранку, а ўвечары яго прывозіў назад школьны аўтобус. Калі браць старэйшыя класы, то ў нашым раёне многія ездзяць вучыцца ў гімназію ў Паставах. Але школа ў нас не сказаць, што дрэнная, для гарадскога пасёлка даволі прыстойная. У вёсцы практычна немагчыма знайсці працу з дастатковым заробкам. Людзі працуюць за мяжой, многія - на будаўніцтве атамнай станцыі. А ў калгасе занятых вельмі мала, трохі - у лясніцтве, на чыгунцы. Але нават у саміх Лынтупах праблематычна знайсці працу.

ПЕЙЗАЖ З ВЁСКІ Ў ПАСТАЎСКІМ РАЁНЕ. ФОТА АНАСТАССІ ВЕРАС

У саміх Вайшкунах з інфраструктуры ёсць хіба што дошка аб'яў, крамы няма, але прыязджае аўталаўка, прывозяць самае неабходнае: хлеб, каўбасу, малако, віно, гарэлку, цукеркі, печыва, алей, сыр, запалкі. Кошты крыху вышэйшыя, але нязначна. А вось снегам нас сёлета не моцна засыпала, дарогу расчышчаюць. Хуткую у нас, напэўна, хвілін 20-30 давядзецца чакаць. А вось годзе ў 2013-14 была такая зіма, што замяло і на аўто нельга было праехаць. Неяк рыхтуешся да гэтага звычайна, проста больш прадуктаў запасаеш і ўсё»

Цікава, але ўсе тры меркаванні, атрыманыя намі з розных куткоў Віцебскай вобласці сыходзяцца толькі ў адным: людзі бачаць праблему ў тым, каб зарабіць і ў невялікім горадзе, і ў пасёлку, і ў вёсцы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках