25 красавiка 2024, Чацвер, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковая інспекцыя цікавіцца беларусамі, якія прадалі кватэру ці аўтамабіль

18
Падатковая інспекцыя цікавіцца беларусамі, якія прадалі кватэру ці аўтамабіль
ФОТА: ONLINER.BY

1 сакавіка - апошні тэрмін падачы падатковых дэкларацый.

Большасці беларусаў не трэба турбавацца пра падаходны падатак - ён аўтаматычна адымаецца з заробку. Але калі летась заробак быў не адзіным вашым прыбыткам, не выключана, што давядзецца запоўніць падатковую дэкларацыю і заплаціць у казну дзяржавы. Напрыклад, падатковая інспекцыя цікавіцца выпадкамі, калі грамадзяне цягам года прадавалі аўтамабілі або кватэры.

Аб тым, што рабіць у гэтым выпадку, kp.by распавёў Андрэй Кавалеўскі, начальнік управы падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў.

Летась вы прадалі кватэру. Ці трэба плаціць падатак?

- Дэклараванню і падаткаабкладанню падлягаюць даходы, атрыманыя ад продажу другой і г.д. цягам апошніх пяці гадоў кватэры, жылога дома, гаража, зямельнага надзела, садовага доміка, - распавядае Андрэй Кавалеўскі. - Дэкларацыя падаецца толькі пры продажы двух аб'ектаў нерухомасці, якія належаць да аднаго тыпу: напрыклад, дзвюх кватэр, двух дамоў і гэтак далей.

Сцісла гэта можна апісаць так. Калі за апошнія пяць гадоў вы прадалі адну кватэру - не трэба ні падаваць дэкларацыю, ні плаціць падатак. Калі дзве кватэры - трэба зрабіць і тое, і іншае. А калі кватэру і лецішча - зноў не трэба: гэта розны тып нерухомасці.

Калі за пяць гадоў вы прадалі дзве кватэры, падатак давядзецца плаціць толькі з продажу другой. Але не з усёй атрыманай сумы:

- Падатак вылічаецца з розніцы паміж даходамі ад продажу маёмасці і выдаткамі на яе набыццё або будаўніцтва.

Гэта значыць, калі вы, да прыкладу, пару гадоў таму прадалі адну кватэру, а летась спачатку набылі яшчэ адну кватэру за 80 000 рублёў, а потым прадалі яе за 90 000, то 13% падаходнага падатку трэба будзе плаціць толькі з заробленай вамі розніцы ад продажу другой - 10 000 рублёў. А калі гэтую другую кватэру вы прадалі танней, чым набылі, то падаць дэкларацыю трэба, але даплачваць падатак - не.

А калі летась вы прадалі аўтамабіль?

Закон дазваляе прадаць без выплаты падатку адзін аўтамабіль вагой, не большай за 3,5 т і з колькасцю месцаў, не большай за восем (акрамя сядзення кіроўцы) цягам каляндарнага года. І калі ў інтэрвале з 1 студзеня 2017 года да 31 снежня 2017 года вы прадалі сваю легкавушку, не трэба ні падаваць дэкларацыю, ні плаціць падатак.

Але калі за год прададзеных аўтамабіляў было два (скажам, ваш і аўто жонкі, запісанае на вас), то трэба заплаціць падатак з продажу другога са стаўкай 13%. Але толькі калі на продажы гэтага аўто вы зарабілі больш, чым патрацілі на куплю, і толькі з атрыманай розніцы.

Вы атрымалі дарагі падарунак - грошы, каштоўнасці, аўтамабіль...Што з падаткам?

Для пачатку разбярэмся, хто менавіта вас адарыў летась. Падарункі не будуць абкладацца падаткам, калі гэта быў блізкі сваяк (да іх належаць бацькі або ўсынавіцелі, дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя, браты, сёстры, дзядулі, бабулі, прадзядулі, прабабулі, унукі, праўнукі і жонкі), сваяк (гэта блізкі сваяк з боку мужа або жонкі), апякун, папячыцель або падапечны.

- Падаткам не абкладаюцца падарункі ад названых катэгорый фізічных асоб як у грашовай, так і ў натуральнай (у выглядзе маёмасці) форме. Усё адно, якая гэта сума, а таксама якім спосабам і з якой краіны атрыманыя, - кажа Андрэй Кавалеўскі.

Калі ж падарункі вы атрымлівалі не ад блізкіх сваякоў, то падатак трэба будзе заплаціць, калі агульная сума ўсіх такіх падарункаў за мінулы год апынулася большай за 5555 рублёў. Так што, калі ў вас было шматлюднае вяселле, на якое вам актыўна дарылі грошы і бытавую тэхніку, не выключана, што трэба будзе даплаціць падаходны падатак.

Ці трэба плаціць падатак, калі летась вы атрымалі спадчыну?

- Даходы, атрыманыя ад фізічных асоб у выглядзе спадчыны, вызваляюцца ад падаходнага падатку і падачы падатковай дэкларацыі, - тлумачыць Андрэй Кавалеўскі.

Адзінае выключэнне - калі вы сталі спадчыннікам або правапераемнікам аўтара якога-небудзь твора мастацтва, навукі або нейкага іншага выніку інтэлектуальнай дзейнасці. Іншымі словамі, калі вы атрымалі ў спадчыну грошы, аўтамабіль, дом ці іншую маёмасць - падатак плаціць не трэба (і падаваць дэкларацыю таксама), а калі атрымліваеце грошы за продаж кніг, якія калісьці напісаў спадчынадавец, - трэба.

Дарэчы, калі вы захочаце прадаць атрыманую ў спадчыну маёмасць, скажам, тую ж кватэру ці аўтамабіль, то плаціць падатак з атрыманых грошай не давядзецца, нават калі гэта другі продаж.

Давядзецца даплачваць падатак з заробкаў за мяжой?

Калі летась вы правялі за мяжой больш за 183 дзён, то вас не ўважаюць за падатковага рэзідэнта Беларусі і таму тут не трэба ні падаваць дэкларацыю, ні плаціць падатак.

Калі за мяжой вы правялі менш за 183 дзён, то дэкларацыю з указаннем вашых замежных заробкаў падаць трэба. Але гэта не азначае, што вам неабходна будзе плаціць штосьці яшчэ.

- Заканадаўствам прадугледжаная працэдура заліку падатку, выплачанага ў замежнай дзяржаве, пры вылічэнні і выплаце падатку ў Беларусі, - тлумачыць Андрэй Кавалеўскі.

Плаціць нешта дадаткова давядзецца толькі тады, калі ў краіне, дзе вы працавалі, стаўка падаходнага падатку ніжэйшая, чым у нас (гэта значыць, менш за 13%). Трэба будзе даплаціць розніцу. Але краін з такімі нізкімі стаўкамі вельмі мала. А ў Расеі, куды многія ездзяць на заробкі, стаўка падаходнага падатку такая ж, як у нас - 13%.

Ці трэба даплачваць падаткі тым, хто здаваў кватэру?

Тыя, хто зарабляе на здачы кватэры, цягам года і так плацяць фіксаваны падатак. Але не выключана, што ў выніку ім усё адно давядзецца трохі даплаціць у бюджэт:

- Калі даходы, атрыманыя цягам года ад здачы іншым грамадзянам жылых ці нежылых памяшканняў, а таксама машына-месцаў, перавысілі 5555 рублёў, то такія даходы падлягаюць дэклараванню напоўніцу. Падаходны падатак будзе вылічаны паводле стаўкі 13%, але пры гэтым з яго аднімуць суму выплачанага цягам года падаходнага падатку ў фіксаваных сумах.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках