25 красавiка 2024, Чацвер, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка афіцэра з Печаў: Пра трагедыю з Коржычам муж прасіў не распытваць

52
Жонка афіцэра з Печаў: Пра трагедыю з Коржычам муж прасіў не распытваць
ПАВЕЛ СУКАВЕНКА

Інтэрв'ю з жонкай афіцэра, узятага пад варту паводле справы загубы жаўнера Коржыча.

Павел Сукавенка — адзіны афіцэр з Печаў, які застаецца фігурантам справы аб загубе Аляксандра Коржыча. Журналіст «Радыё Свабода» пагаварыў з ягонай жонкай Маргарытай.

Паводле апошняй інфармацыі са Следчага камітэта, з так званай «справы Аляксандра Коржыча» на сёння вылучаныя тры крымінальных справы (першапачаткова іх было 16) у дачыненні да трох вайскоўцаў. Яны абвінавачваюцца ў перавышэнні ўлады з ужываннем гвалту, а таксама ў перавышэнні ўлады, што мела цяжкія наступствы (артыкул 455 частка 2 і 3 КК). Максімальнае пакаранне за гэта злачынства — 12 гадоў пазбаўлення волі.

Сям'я Сукавенкаў жыла ў афіцэрскім інтэрнаце ў Барысаве. Фота са старонкі ў сацыяльных сетках.

«Я люблю свайго мужа ў кожным выпадку»

«Вазілі сёння перадачу мужу. Не ўсё ўзялі, але гэта таму, што я не ведала нюансаў, — расказвае Маргарыта. — Не ў першы раз перадачы ваджу на Валадарскага, але кожны раз нейкія нюансы бываюць».

23-гадовы старшы лейтэнант Павел Сукавенка (новыя пагоны ён атрымаў усяго за некалькі месяцаў да загубы Аляксандра Коржыча) за кратамі больш за чатыры месяцы. Яго затрымалі адным з апошніх, пасля хвалі затрыманняў сяржантаў і гучных заяў правадыра дзяржавы. Разам з Сукавенкам быў затрыманы яшчэ адзін афіцэр з Печаў — 28-гадовы капітан Вадзім Ч. Капітана адпусцілі праз два тыдні, Суковенка застаўся за кратамі і напісаў рапарт аб звальненні з войска. Да затрымання ён камандаваў ротай, у якой разам з сотняй іншых навабранцаў служыў Аляксандр Коржыч.

«Аб бытавых варунках у следчым ізалятары Павел зусім нічога не піша. Аб сваіх пачуццях, перажываннях, і ўсё, — распавядае жонка затрыманага афіцэра. — Вядома, муж перажывае. Ён усяго сябе аддаваў службе, увесь час на працы. У нас і сваркі ўзнікалі праз гэта. Таму што Павел раніцай сыходзіў, увечары вяртаўся».

Яны ажаніліся тры гады таму, да шлюбу былі знаёмыя чатыры гады. Пачалі сустракацца, калі Павел быў яшчэ курсантам акадэміі. Пасля Маргарыта паехала за мужам у Барысаў, дзе маладая сям'я атрымала пакой у вайсковым інтэрнаце.

«На жаль, выйшла так, як выйшла. Я не следчы, не суддзя, каб судзіць, што там адбылося напраўду. Але вельмі крыўдна, што з майго мужа робяць звера, — кажа Маргарыта Сукавенка. — Будзем чакаць пастановы суда. Свайго мужа я ў кожным выпадку люблю і ведаю, што такім, як яго апісваюць, ён не быў».

Павел Сукавенка (у цэнтры) падчас службы. Фота інфармацыйнага агенцтва "Ваяр".

«Пра трагедыю з Коржычам муж прасіў не распытваць»

Маргарыта Сукавенка кажа, што пра ход расследавання амаль нічога не ведае. Адвакат даў падпіску аб невыдаванні, таму яна дазнаецца навіны з інтэрнэту. Следчыя таксама нічога не распавядаюць. Паміж датай, калі ў Печах знайшлі цела Аляксандра Коржыча, і датай затрымання яго ротнага афіцэра Паўла Сукавенкі прайшло два тыдні. Маргарыта расказвае, што ў апошнія дні напярэдадні затрымання яе мужа часта дапытвалі.

«Аб тым, што адбылося ў частцы з Аляксандрам Коржычам, Павел амаль не казаў. Сказаў, што адбылася трагедыя, што знайшлі хлопца, — кажа Маргарыта. — А падрабязнасцяў не распавядаў. Пасля гэтага Паўла часта выклікалі на допыты і ў Барысаў, і ў Менск. Можна сказаць, ён увесь час быў на працы пасля таго, што адбылося, дадому толькі начаваць прыходзіў. І тое рэгулярна яму нехта тэлефанаваў. Я спрабавала даведацца падрабязнасці, распытаць, што адбываецца, што з ім будзе. Аднак Павел прасіў ні пра што не пытацца. Казаў, што яму і без таго стае пытанняў. Я не асабліва намагала, разумела, што сітуацыя складаная».

Вайсковая частка ў Печах

«Праз тры дні нас выселілі з інтэрната»

Неўзабаве пасля затрымання Павал Сукавенка падаў рапарт аб звальненні з войска. Ягоная жонка Маргарыта не кажа, чаму муж прыняў такую пастанову і ці самастойна ён яе прымаў. Але пастанова гэта вылілася ў новыя праблемы для маладой сям'і.

«Нас выселілі з інтэрната праз тры дні пасля таго, як Павел у следчым ізалятары напісаў рапарт аб звальненні з войска. Такая працэдура, усё паводле закону, — расказвае Маргарыта. — Мы павінны былі з'ехаць, і, напэўна, нельга сказаць, што нас выкінулі на вуліцу. Увогуле, гэта не вельмі звязана са справай Коржыча, не думаю, што хацела б гаварыць аб сваіх уласных праблемах. Цяпер у мяне ўжо ўсё добра, мне ёсць дзе жыць».

Акрамя бытавых праблем, першы час пасля затрымання мужа Маргарыта Сукавенка адчувала псіхалагічны ціск. Найперш у сацсетках. Было шмат негатыўных паведамленняў і каментароў. Цяпер іх стала менш, але цалкам яны не спыніліся.

«Не пагражаюць ўжо, але ў сацсетках перыядычна прыходзяць паведамленні і каментары пад фатаграфіямі, — расказвае Маргарыта. — Ведаеце, вельмі складана на гэтую тэму гаварыць... Я бачыла, як муж ставіўся да службы, што для яго значыць афіцэрскі ранг, служба. Таму вельмі цяжка гэта абмяркоўваць. Вельмі крыўдна, што цяпер столькі дрэнных слоў на ягоны адрас».

Месца пахаваньня Аляксандра Коржыча ў Пінску.

Са слоў жонкі затрыманага, ужо былога ротнага афіцэра, асабліва крыўдна чытаць каментары пра тое, што афіцэры ў Печах нажываліся за кошт навабранцаў.

«Пішуць вельмі шмат няпраўды, таго, чаго не было, — кажа Маргарыта Сукавенка. — Нават не пра саму справу, не пра загубу Аляксандра Коржыча. Пра грошы пішуць, пра тое, што мы з мужам жылі на кватэрах і ездзілі на шыкоўных аўто за кошт жаўнераў. Гэта ўсё хлусня. Я працавала ў Барысаве прадавачкай. У нас не было лішніх грошай, самы звычайны аўтамабіль, мы жылі ў інтэрнаце, у пакоі 15 квадратных метраў. Часам з грашыма складана было. Усё як ва ўсіх у наш час. І вельмі непрыемна чытаць каментары пра тое, што ў нас дзесьці ёсць вілы».

Маргарыта Сукавенка не хоча размаўляць пра тое, як ёй асабіста бачыцца сітуацыя з абвінавачваннямі супраць мужа, і не адказвае на пытанне аб магчымай датычнасці да справы іншых афіцэраў, у тым ліку тых, хто быў вышэй за яе мужа паводле рангу.

«Ці не падаецца мне, што Паўла спрабуюць зрабіць крайнім у гэтай гісторыі? Я не магу нікога ні вінаваціць, ні апраўдваць, — кажа яна. — Я не следчы, не суддзя. Хай разбіраюцца кампетэнтныя органы. Хацелася б, вядома, каб былі пакараныя тыя, хто напраўду вінаваты».

Следства паводле справы аб загубе Аляксандра Коржыча падыходзіць да заканчэння. У следчым камітэце абяцаюць перадаць справу ў пракуратуру, а далей у суд — прыблізна ў канцы сакавіка.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках