29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжгароднія маршруткі могуць з 26 лютага спыніць працу

52
Міжгароднія маршруткі могуць з 26 лютага спыніць працу

Міністэрства транспарту і камунікацый апублікавала новыя правілы перавозак.

20 лютага Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі апублікавала тлумачэнні да некаторых «паслабленняў» для пасажырскіх перавозчыкаў. Аднак перамены былі добрымі не для ўсіх.

У рэдакцыю «Віцебскага кур'ера» прыйшоў ліст ад групы віцебчукоў, якія паведамляюць, што яны проста хочуць быць пачутымі ў сваіх зваротах да Ураду і Міністэрства транспарту:

«Міністэрства транспарту хоча пакінуць без працы індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацыі, якія выконваюць паслугі пасажырскіх перавозак? Хочуць зладзіць калапс унутры краіны, частка насельніцтва якой з 26 лютага не зможа своечасова дабрацца да месцаў працы, вучобы, месцаў аховы здароўя?

Рэч у тым, што Міністэрства транспарту хоча ўвесці манаполію на пасажырскія перавозкі і спыніць канкурэнцыю з боку іншых перавозчыкаў. А якая якасць абслугоўвання можа быць пры манаполіі? Ніякай!!!

Яны прымушаюць перавозчыкаў укладаць дамовы з вакзаламі пад рэгулярны рэйс, пры якім месцам адпраўлення з'яўляецца толькі тэрмінал вакзала. А пасажырам з шэрагу прычын не заўсёды зручна дабірацца да вакзалаў і падладжвацца пад менш гнуткі расклад, што і прадугледжваюць навязаныя новаўвядзенні. Таксама з такім тыпам перавозак утвараюцца квоты на колькасць транспарту, дыктуюцца ўмовы і час адпраўлення. Непазбежна і падвышэнне кошту на выкананне паслугі, якая відавочна стане менш камфортнай і не даставіць прыемных уражанняў ад паездкі, бо для гэтага ў перавозчыка ўжо не будзе канкурэнцыі, ён стане манапалістам у сваім кірунку і часе адпраўлення.

У нерэгулярных перавозках іншая сітуацыя. Перавозчыкаў шмат, яны прапануюць свае паслугі з максімальнымі выгодамі. Па-першае, месца адпраўлення, якое зручна менавіта пасажыру (а не перавозчыку). Па-другое, бясплатны доступ у інтэрнэт, наяўнасць тэлевізара ў салоне, зімой - ацяпленне ў салоне, а летам - наяўнасць кандыцыянера.

У такі тыпе перавозкі ідзе бесперапынная канкурэнцыя, якая накіраваная на паляпшэнне якасці абслугоўвання. І пасажыр сам выбірае, да каго звярнуцца.

Дадамо, у выпадку невыканання новых правілаў перавозчыкам пагражаюць штрафамі і нават канфіскацыямі транспартных сродкаў.

Як тлумачаць кіроўцы, яны працуюць паводле папярэдніх замоў і фармуюць маршруты ў залежнасці ад запаўняльнасці аўтобусаў. Такім чынам, яны, як і таксісты, належаць да нерэгулярных перавозак і не абавязаныя выконваць патрабаванні, што выстаўляюцца да рэгулярных вознікаў.

Разам з тым, у сацыяльнай сетцы Вконтакте стала вельмі хутка развівацца група «Транспарт Беларусь», якая за няпоўны дзень вырасла больш, чым на 5 000 удзельнікаў. У апісанні суполкі гаворыцца, што з 26 лютага прыватныя міжгароднія вознікі могуць перастаць працаваць, кампаніі просяць падтрымкі сваіх сталых кліентаў для калектыўнага звароту да ўладаў.

Даслоўна кожныя некалькі хвілін на адкрытай сцяне групы з'яўляюцца паведамленні пасажыраў з розных куткоў краіны, якія аднагалосна падкрэсліваюць сацыяльную значнасць і зручнасць такога транспарту.

Маршруткі - гэта камфортны, зручны транспарт. Выдатны сэрвіс, ветлівыя кіроўцы, бяспечныя аўтамабілі! Забіраюць у зручны для мяне час і ў зручным месцы. Кіроўцы заўсёды дапамагаюць паставіць торбы, якасна выконваюць сваю працу. Дзяржаўныя перавозчыкі, на жаль, не могуць пахваліцца такой зацікаўленасцю ў камфорце пасажыраў. Для мяне толькі маршруткі», - сцвярджае Ксенія Дзялендзік.

«Прыватныя вознікі больш арыентаваныя на атрыманне прыбытку. Такім чынам, яны ствараюць больш камфортныя ўмовы для пасажырскіх перавозак. У гэтым выпадку пасажыр здабывае час, і камфорт, і выгоды», - падкрэслівае Андрэй Навуменка.

«Толькі маршрутка! Хутка, зручна, камфортна! У кожную хвілю, сеў і паехаў! З жахам успамінаю тыя часы, калі ездзілі ў Менск на аўтобусе! Гэта шкодніцтва нейкае, калі ўжо будуць думаць пра людзей, а не пра сябе», - пытаецца Галіна Гут.

«Не маршруткі ліквідоўваць трэба, а аўтапаркі, якія не адпавядаюць сучасным патрабаванням пасажыраў, і не могуць канкураваць з прыватнікамі», - перакананая Наталля Рашэтнікава.

«Калі дзяржава прапануе штосьці лепшае і камфортнае для народа, то мы толькі «ЗА». Але пакуль гэтага няма, пакіньце маршрутныя таксі з іх сістэмай. Зручна, камфортна і заўсёды ў час», - просіць Маргарыта Камышкіна-Піяева.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках