25 красавiка 2024, Чацвер, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца гарадзенскага аўтапарка наважыў змагацца да канца

Кіроўца гарадзенскага аўтапарка наважыў змагацца да канца
ФОТА: AUTOGRODNO.BY

У Гародні работнікі прадаўжаюць судзіцца з аўтобусным паркам, кіроўца якога скокнуў з моста.

Кіроўцы, якіх звольнілі з аўтобуснага парка ў Гародні за пратэст і спробу абараніць свае працоўныя правы, прыйшлі па дапамогу ў прафзвяз РЭП, паведамляе сайт praca-by.info.

Юрыст склаў пазоўныя заявы, справы дайшлі да суда. З адным з кіроўцаў (звольненым «паводле артыкула» за страту даверу) наймальнік развязаў пытанне ў пазасудовым парадку - у кабінеце за зачыненымі дзвярыма.

Яшчэ адзін кіроўца не адступіўся і наважыўся давесці судовае разбіральніцтва да канца і запатрабаваць звольніць яго паводле 41 артыкула Працоўнага кодэкса - праз парушэнні, якія дапусціў наймальнік. 21 лютага суд павінен быў абвясціць вырак, аднак зноў перанёс пасяджэнне: ужо другім разам.

Актывіст прафзвязу РЭП, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Гародня» Анатоль Мышкевіч мяркуе, што пастанова пераносіцца праз вялікі грамадскі рэзананс і пільную ўвагу да справы:

- Суд павінен быў абвясціць пастанову, але ўжо другім разам перанёс справу. А ўчора дырэктар аўтобуснага парка асабіста тэлефанаваў гэтаму хлопцу і запрашаў да сябе на размову - прапаноўваў «мірыцца». Кіроўца адмовіўся ад размовы. Я думаю, суд не выносіць пастанову, бо пытанне развязваецца на ўзроўні горада, усё ж вельмі рэзанансная справа была. Чакаем цяпер пасяджэння 23 лютага а 10 гадзіне.

Анатоль Мышкевіч распавёў, чаму кіроўца не пагадзіўся на ўгаворы кіраўніцтва аўтапарка развязаць пытанне «мірна»:

- Таму што гэтая гутарка з дырэктарам - спроба падману, як было і са скаргамі. Хацелі націснуць, абдурыць. Прадстаўнік аўтобуснага парка ў судзе з самага пачатку спрабаваў усімі спосабамі ачарніць кіроўцу. Але потым прапанавалі пайсці на «міравую», каб кіроўца вярнуўся назад на працу. Мікалай адмовіўся. Людзі ўжо разумеюць, што ісці на перамовы з аўтапаркам нельга: адзін падман. Калі б кіроўца вярнуўся на працу, яго б пераследавалі, як і ўсіх, хто падпісаў скаргі: знайшлі б парушэнні і ў выніку звольнілі б паводле артыкула. Чалавек гэта разумее і не збіраецца паўтараць памылак іншых.

Актывіст прафзвязу РЭП мяркуе, што закон - на баку кіроўцы, і наймальнік гэта разумее:

- Прапанова прадстаўніка аўтапарка, асабістае запрашэнне дырэктара для размовы і ўкладанне міравога пагаднення паказваюць: яны разумеюць, што працэс прайграны.

Наступнае судовае пасяджэнне паводле пазову кіроўцы да аўтобуснага парку Гародні з патрабаваннем звольніць яго паводле 41 артыкула ПК РБ з выплатай трох сярэднямесячных акладаў (на патрабаванне работніка за парушэнні наймальнікам умоў працоўнай дамовы) пройдзе 23 лютага, пачатак а 10 гадзіне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках