19 красавiка 2024, Пятніца, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст са Слуцка выйграў справу ў міліцыі

8
Актывіст са Слуцка выйграў справу ў міліцыі
ЮРЫ МЯЦЕЛЬСКІ

Цяпер Юры Мяцельскі сам падае ў суд на фальшывых сведак у пагонах.

У судзе Слуцкага раёна 22 лютага суддзя Аляксандр Тарасюк разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да валанцёра ПЦ «Вясна» Юрыя Мяцельскага. Хлопца абвінавацілі ў «дробным хуліганстве» (арт17.1 КоАП) - нібыта ён лаяўся у грамадскім месцы, паведамляе сайт spring96.org.

Сведкамі на судзе выступалі супрацоўнікі АМАПу - Мядзведскі і Макееў, якія затрымлівалі Юрыя Мяцельскага ў навагоднюю ноч. У судзе яны распавядалі, быццам хлопец лаяўся пры размове са сваім сябрам, і першапачаткова ў іх не было мэты яго затрымліваць, а проста хацелі правесці прафілактычную гутарку. Аднак, Юры Мяцельскі на месцы сваю віну не ўсвядоміў, не папрасіў прабачэння, а замест гэтага спрабаваў аднаго з АМАПаўцаў ухапіць за жэтон.

Аднак, у рапартах, якія падавалі раней Мядзведскі і Макееў, значылася, што хлопец лаянку з грамадзянамі, якія нібыта знаходзіліся побач.

Сябар Юрыя, які знаходзіўся ў ноч падзей разам з абвінавачаным, выступіў сведкам на судзе і расказаў, што ў момант затрымання ніякіх людзей вакол не было, супрацоўнікі АМАПа спынілі хлопцаў, запатрабавалі дакументы, ніякіх размоў не праводзілі, заўваг не рабілі, Юры Мяцельскі не лаяўся, а спрабаваў перапісаць нумары з жэтонаў супрацоўнікаў міліцыі, за што і быў затрыманы.

Заслухаўшы сведчанні сведак, вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Аляксандр Тарасюк прыйшоў да высновы, што справу трэба спыніць праз адсутнасць довадаў учынення адміністрацыйнага правапарушэння Юрыем Мяцельскім.

Цяпер валанцёр «Вясны» збіраецца абскарджваць сваё незаконнае двухдзённае ўтрыманне ў ІЧУ і спагнаць за гэта кампенсацыю праз суд.

Нагадаем, Юрый Мяцельскі быў затрыманы ўночы першага студзеня слуцкім АМАПам. Аднаго з амапаўцаў абурыла, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр «Вясны» папрасіў і самога амапаўца паказаць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў знаходжанні ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення (арт 17.3 КоАП).

Потым, калі Юрыя даставілі ў аддзяленне міліцыі, стала зразумела, што артыкул 17.3 «ператварылася» у 17.1, - Юрыя абвінавацілі ў тым, што той лаяўся ў грамадскім месцы. Пасля псіхалагічнага і фізічнага ціску з боку ўчастковага інспектара Аляксандра Савіна (ён заламаў Мяцельскаму руку і ў нецэнзурнай форме патрабаваў падпісаць паперы), Юрый падпісаў пратакол, аднак звярнуў увагу, што не згодны з ягоным зместам і сваю віну не прызнае. Пасля гэтага хлопец два дні правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках