19 красавiка 2024, Пятніца, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзе і як святкаваць Дзень Волі - вызначаць народу»

3
«Дзе і як святкаваць Дзень Волі - вызначаць народу»

Мірная дэманстрацыя 25 сакавіка павінна прайсці ў цэнтры Менска.

Улады краіны павінны прыслухацца да патрабаванняў лідараў апазіцыі і дазволіць правядзенне масавай акцыі ў Дзень Волі ў тым фармаце, які паказаны ў заяўцы Нацыянальнага аргкамітэта для святкавання стагоддзя абвяшчэння БНР. Такое меркаванне прэс-службе Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу выказаў актывіст БНК з Менска Валянцін Троцкі:

- 25 сакавіка - вялікае народнае свята. 100 гадоў таму група патрыётаў распачала спробу стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, каб здабыць для краіны сапраўдную свабоду і незалежнасць пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». Менавіта таму гэтыя два атрыбуты дзяржаўнасці з'яўляюцца сапраўднымі сімваламі свабоднай Беларусі. Для мяне яны каштоўныя яшчэ і тым, што карані іх знаходзяцца ў глыбіні слаўнай гісторыі нашай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага, памяць аб якім ужо больш за 200 гадоў імкнуцца вытруціць з нас акупанты і іх мясцовыя марыянеткі і паслугачы.

- Вы бераце ўдзел у рабоце Нацыянальнага аргкамітэта для святкавання стагоддзя абвяшчэння БНР, на пасяджэннях якога абмяркоўваліся розныя фарматы правядзення Дня Волі. Чаму быў выбраны варыянт з дэманстрацыяй і мітынгам у цэнтры Менска?

- Удзелам у масавым шэсці галоўным праспектам сталіцы мы пакажам як астатнім беларусам, так і ўсяму свету сваю прыхільнасць ідэалам незалежнай дзяржавы. Пакажам, што мы памятаем пра ахвяры, панесеныя нашым народам у імя свабоды. Пакажам, што мы шануем памяць аб нашых слаўных продках, што мы вартыя іх і хочам "людзьмі звацца". Іншага эфектыўнага спосабу заявіць пра свае правы і надзеі, акрамя масавай акцыі, проста няма.

У Менску свята павінна адбыцца ў цэнтры сталіцы. Шэсце павінна прайсці маршрутам выбраным удзельнікамі аргкамітэту. Дзень Волі - народнае свята. Народ, па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца адзінай крыніцай улады. І толькі народу вызначаць, дзе і якім чынам святкаваць такую значную падзею нашай гісторыі.

- Тым не менш, Нацыянальны аргкамітэт заявіў пра гатоўнасць перамоў з уладамі...

- Звярнуцца да ўладаў з прапановай разам адзначыць стагоддзе аднаўлення незалежнасці - мудрая пастанова. Ва ўмовах нашай абсурднай рэчаіснасці гэта рэальная магчымасць не даць ім падставы сапсаваць свята ідыёцкімі забаронамі і абмежаваннямі, што базуюцца на паранаідальнай народафобіі ўладных людзей, як гэта было, напрыклад, у мінулым годзе. Нарэшце, улады нярэдка апошнім часам успамінаюць аб незалежнасці. Паглядзім, ці гатовыя яны падмацаваць свае заявы рэальнымі ўчынкамі.

Нагадаем, што заяўка на правядзенне вулічнай акцыі была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт для правядзення акцыі.

Вулічная акцыя плануецца 25 сакавіка з 14.00 да 18.00. Збор удзельнікаў - у 14.00-14.45 на плошчы Якуба Коласа. Шэсце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Свабоды запланавана з 14.45 да 16.00 праспектам Незалежнасці і вуліцы Леніна. Мітынг-канцэрт пройдзе з 16.00 да 18.00 на плошчы Свабоды.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках